Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вячэрні Бабруйск”: “Гераін патрапляе ў Бабруйск з Масквы”


Падрыхтвала Галіна Абакунчык Агляд беларускага друку

Падзеі ў Кіеве па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры ўвагі беларускіх мэдыяў. “Апэльсінавая рэвалюцыя ва Ўкраіне” – гэтак называецца артыкул, надрукаваны ў сёньняшнім нумары газэты “Бабруйскі кур’ер”. Гэта інтэрвію зь сябрам бабруйскай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Ігарам Ходзькам, які быў назіральнікам за ходам галасаваньня на Палтаўшчыне. Паводле спадара Ходзькі, на 100 участках у Крэменьчугу з адрывам у 15 тысячаў галасоў перамог Віктар Юшчанка. Але на трох зь іх амаль 100%-ю перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Два гэтыя ўчасткі былі разьмешчаныя ў турмах і адзін – у шпіталі для псыхічна хворых.

“Што гэта было? Адказ пакуль ня знойдзены”, гэткае пытаньне вынесенае ў загаловак артыкулу газэты “Кур’ер з Барысава”. Гэта яшчэ адно інтэрвію, але з жыхаром Барысава Зьмітром Бародкам, які разам з трыма іншымі актывістамі беларускага дэмакратычнага руху быў затрыманы ўкраінскімі спэцслужбамі за ўдзел у акцыі салідарнасьці з прыхільнікамі Віктара Юшчанкі. Паводле Зьмітра Бародкі, ніякіх наступстваў гэтае затрыманьне ня мела, але ніякіх тлумачэньняў ці прабачэньняў украінскія ўлады беларускім апазыцыянэрам таксама не прынесьлі.

Сёньня – Усясьветны дзень змаганьня са СНІДам. У зьвязку з чым газэта “Вячэрні Бабруйск”зьвяртаецца да тэмы наркотыкаў, крыміналу й СНІДу. У артыкуле “Гераін патрапляе ў Бабруйск з Масквы” паведамляецца пра колькасьць інфікаваных у Бабруйску, а таксама пра тое, што выпадкі заражэньня вірусам празь ін’екцыі пачынаюць саступаць распаўсюду хваробы праз полавыя кантакты.

“Камсамольская праўда ў Беларусі” нагадвае, што ад сёньня зь менскіх вуліцаў зьнікаюць намёты, які гандлявалі садавінай і агароднінай, і цяпер пераносяцца ў крытыя рынкі. І гэта азначае новае павелічэньне коштаў на прадукцыю.

Ад сёньня пачынае працу так званая рэзыдэнцыя беларускага Дзеда Мароза ў Белавескай пушчы. “Камсамолка” паведамляе, як і дзе можна замовіць экскурсію, а таксама колькі яна каштуе.

Яшчэ адно паведамленьне, зьвязанае з марозам, пра тое, што сёлета ад пераахалоджваньня памерлі 7 чалавек. Усе яны – людзі пажылога веку, якія зьмерзьлі на прыпынках грамадзкага транспарту ў вёсках і невялікіх гарадах.

А яшчэ сёньня на Кастрычніцкім пляцы Менску будзе ўсталяваная так званая галоўная елка краіны, вышыня якой складзе 27 мэтраў. Навінкай сёлетняга году стануць Дзед Мароз і Сьнягурка, якія будуць усталяваныя побач зь елкай. Гэта надзьмутыя паветрам фігуры з каляровай падсьветкай, вышыня якіх складзе адпаведна 8 і 6 мэтраў – паведамляе газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG