Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пярвічныя арганізацыі ФПБ будуць створаныя на прадпрыемствах усіх формаў уласнасьці


Іна Студзінская, Менск Кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі выступіла зь ініцыятывай стварыць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемствах усіх форм уласнасьці – у тым ліку й на замежных прадпрыемствах ды прадпрыемствах з замежнымі інвэстыцыямі. Тлумачыцца гэта клопатам прафсаюзаў аб працоўных – прафсаюзы будуць ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль за выкананьнем наймальнікамі заканадаўства аб працы.

Прэсавая служба ФПБ паведамляе, што Фэдэрацыя “пачала актыўную працу па прыцягненьні ў сябры прафсаюзаў працаўнікоў суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, замежных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў з замежнымі інвэстыцыямі”. Апавядае прэсавы сакратар ФПБ Ірына Каганец:

(Каганец: ) “Што тычыцца стварэньня прафсаюзных арганізацыяў на прадпрыемствах усіх формаў уласнасьці, гэта павінна быць адлюстравана ў Законе аб прафсаюзах. Менавіта ў гэты закон рыхтуюць дапаўненьні. На прэзыдыюме мы прынялі гэтае рашэньне 25 лістапада, нашы юрысты на наступным тыдні будуць гатовыя дакласьці падрыхтаваны праект. Я думаю, зараз яшчэ рана гаварыць з нашымі юрыстамі, гэта будзе мэтазгодна на наступным тыдні”.

Такім чынам, прадстаўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў пакуль не раскрываюць падрабязнасьцяў, што гэта за папраўкі, але сёе-тое нам удалося высьветліць. Прафсаюзныя арганізацыі павінны быць створаныя паўсюль. Нават калі ў індывідуальнага прадпрымальніка ёсьць нанятыя працаўнікі, яны таксама павінны будуць уступіць у прафсаюз. Інакш наймальніку прыйдзецца пералічваць на рахунак ФПБ 3% ад фонду аплаты працы з прыбытку. Мяркуецца, што гэтая норма будзе замацаваная ў Законе аб прафсаюзах. У тым, што такія папраўкі пройдуць, старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук не сумняецца:

(Ярашук: ) “Зараз Фэдэрацыя менш за ўсё нагадвае прафсаюзную арганізацыю. Гэта дзяржаўная структура, і з усёй адказнасьцю я гэта магу сьцьвярджаць і даказваць канкрэтнымі прыкладамі і фактамі. У сувязі з гэтым і нараджаюцца такія ідэі, каб усюды ўсё было прасякнута дзяржаўным кантролем, каб у кожным працоўным калектыве, незалежна ад формы ўласнасьці, утварыць штосьці накшталт прафсаюзаў. Хаця гэта насамрэч ніякага дачыненьня да сапраўднага прафсаюзнага руху не мае. Гэта перш за ўсё палітычны праект, палітычныя мэты. Гэта ўсё будзе абстаўляцца, канешне, у імя інтарэсаў працоўных. Якія там інтарэсы з боку структуры, якая ў поўным узаемадзеяньні, у поўнай згодзе з уладамі працуе!”

А што думаюць на гэты конт кіраўнікі малога бізнэсу? Прыкладам, аднаму немцу, які ў Беларусі ачольвае сумеснае прадпрыемства, станцыю тэхабслугоўваньня, я так і ня здолела патлумачыць, што такое можа быць. Ён шмат гадоў жыве ў Беларусі, добра размаўляе па-расейску, але як можна прымусіць усіх уступіць у прафсаюз ці адлічваць сродкі ў ФПБ, ён так і зразумеў. А вось кіраўнік малога прадпрыемства, які не пажадаў называць сябе, выказаўся так:

(Голас: ) “Я лічу, што варыянт, які сёньня прапануюць дзяржаўныя прафсаюзы, вельмі складаны, і складаны эканамічна. Асабліва для прадпрыемстваў, у якіх працуе невялікая колькасьць працаўнікоў – 3-4 чалавекі. А па-другое, мне здаецца, што ўсё гэта мы ўжо праходзілі, чым гэта скончылася, усе мы добра ведаем. Я нават і не ўяўляю, як я скажу сваім работнікам, што мы павінны ствараць прафсаюзную групу. Яны ж усе дарослыя людзі і добра памятаюць, як іх заганялі ў той жа камсамол і прафсаюз”.
XS
SM
MD
LG