Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся аднавіць на працы прафсаюзнага актывіста – авіядыспэтчара


Галіна Абакунчык, Менск Суд Кастрычніцкага раёну Менску не задаволіў пазоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў да прадпрыемства “Белаэранавігацыя” аб аднаўленьні на працы авіядыспэтчара гэтага прадпрыемства, прафсаюзнага актывіста Алега Долбіка. Лідэры прафсаюзнага руху называюць гэткае рашэньне фактам, які сьведчыць пра нежаданьне ўладаў краіны выконваць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы й наладжваць канструктыўныя стасункі зь незалежнымі прафсаюзамі Беларусі.

Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Алег Долбік быў звольнены з прычыны сканчэньня працоўнага кантракту 1 кастрычніка.

Аднак лідэры незалежнага прафсаюзу заяўляюць, што сапраўднай прычынай сталіся ягоныя сьведчаньні перад Адмысловай камісіяй Міжнароднай арганізацыі працы й камісіяй Эўразьвязу, якія дасьледавалі праблему парушэньня правоў прафсаюзаў уладамі Беларусі.

Факты перасьледу незалежных прафсаюзаў былі прызнаныя, і уладам былі выстаўленыя рэкамэндацыі па выпраўленьню гэткага становішча, а міністарка працы Антаніна Морава ад імя ўраду ўзяла на сябе абавязкі ў выкананьні гэтых рэкамэндацыяў.

Гэткім чынам, адмова суду аднавіць на працы спадара Долбіка сьведчыць пра нежаданьне ўладаў выпраўляць становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Гаворыць Алег Долбік.

(Долбік: ) “Сёньняшняе рашэньне – гэта пацьвярджэньне таго факту, што заявы вышэйшых службовых асобаў па выкананьні рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы ня маюць нічога агульнага з рэальнымі дзеяньнямі”.

Нагадаем, што Міжнародная арганізацыя працы 17 лістапада прыняла справаздачу Адмысловай камісіі, якая дасьледавала становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Гэты дакумэнт утрымлівае 200 старонак тэксту ў якім гаворыцца пра перашкоды ў справе рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, пра нежаданьне ўладаў наладжваць трохбаковае сацыяльнае партнэрства, пра перасьлед лідэраў і актывістаў незалежнага руху.

Ураду Беларусі былі выстаўленыя рэкамэндацыі па выпраўленьне гэткага становішча, якія складаюцца з 12 пунктаў. Калі гэта ня будзе выканана да 1 чэрвеня 2005 году, Міжнародная арганізацыя працы пакідае за сабой права ініцыяваць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG