Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць вядомага адваката Гары Паганяйлы ўзбуджаная крымінальная справа за паклёп на Лукашэнку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэта падазраецца ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі. Гары Паганяйлу пагражае да 5 гадоў турмы, між тым праваабаронца заяўляе пра гатоўнасьць у судзе даказваць сваю невінаватасьць.

30 лістапада Гары Паганяйлу выклікалі ў пракуратуру Менска, дзе яму паведамілі, што супроць яго рэспубліканскай пракуратурай яшчэ тыдзень таму ўзбуджаная крымінальная справа паводле 367 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Праваабронцу падазраюць ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі.

Падставай сталася інтэрвію Гары Паганяйлы, якое ў ліпені ён даў швэдзкаму тэлеканалу “ТВ-4”. У прыватнасьці, у гэтым інтэрвію Гары Паганяйла паўтарыў падазрэньні, якія і раней выказваў ў бок вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы ўключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Праваабронца лічыць, што Аляксандар Лукашэнка нібыта таксама можа быць датычным да зьнікненьняў і магчымых забойстваў беларускіх апазыцыянэраў.

Камэнтуючы абвінавачваньні, якія супраць яго вылучыла пракуратура, Гары Паганяйла адзначае своеасаблівасьць дзеяньняў беларускіх уладаў у гэтай справе.

(Паганяйла: ) “Яны мусілі зрабіць ўсё, каб даказаць сваю невінаватасьць. А яны наадварот, хаваюць гэтую справу, не вядуць расьсьледаваньня”.

Гары Паганяйла заявіў Радыё Свабода, што гатовы прадставіць суду шэраг дакумэнтаў, якія засьведчаць ягоную пазыцыю, што да справядлівасьці падазрэньняў на бок кіраўнікоў Беларусі ў датычнасьці да зьнікненьняў лідэраў апазыцыі.

Нагадаем, праваабаронца Гары Паганяйла не адзіны, каго ў Беларусі перасьледуюць нібыта за паклёп на прэзыдэнта. Паводле гэтага артыкулу ўжо былі асуджаныя журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч, прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, а таксама актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аксана Новікава і адказны сакратар управы БНФ Віктар Івашкевіч.
XS
SM
MD
LG