Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Ўсходзе СБУ распачала крымінальныя справы па фактах пасягальніцтва на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны


Валер Каліноўскі, Кіеў Праблема сэпаратызму шэрагу ўсходніх абласьцей сёньня знайшла агульнае асуджэньне дзяржаўных органаў Украіны. Пад ціскам грамадзкасьці, апазыцыі і парлямэнту Генэральная пракуратура і Служба бясьпекі Ўкраіны завялі крымінальныя справы па фактах пасягальніцтва на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Справы заведзеныя на падставе заклікаў і рашэньняў шэрагу кіраўнічых структураў і службовых асобаў ва ўсходніх абласьцях, аднак пакуль ня ўказваецца, канкрэтна якіх. Аб тым, як разьвіваліся палітычныя падзеі ва Ўкраіне, дзе дзявяты дзень працягваюцца масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, паведамляе наш карэспандэнт.

Украінскі ўрад, блякававаны дэманстрантамі, апошнія тры дні правёў у нерашучасьці і бязьдзейнасьці, прызнаўся першы віцэ-прэм’ер Мікола Азараў. Але ўчора-сёньня ўпэўненасьць пачала вяртацца як да сябраў кабінэту Януковіча. Ураду ўдалося мабілізаваць большасьць дэпутатаў Вярхоўнай Рады, каб пастанова з патрабаваньнем адстаўкі Кабінэту міністраў сёньня не была прынятая.

Тым ня меней апазыцыя па-ранейшаму патрабуе адстаўкі Януковіча, і не спыніцца на гэтым шляху

Прэм’ер-міністар Віктар Януковіч на паседжаньне Вярхоўнай рады, якое разглядала магчымасьць ягонай адстаўкі, не прыйшоў. Ён назваў разгляд гэтага пытаньня незаконнай расправай над ім. Тым ня менш, Януковіч актыўна шукае кампраміс і заклікае да перамоўнага працэсу, хаця нейкіх вынікаў перамоваў няма.

Януковіч сёньня заявіў пра гатовасьць да перагаласаваньня ў Луганскай і Данецкай абласьцях, калі такое рашэньне будзе прынятае Вярхоўным судом. Калі ж суд выявіць такія парушэньні і на Захадзе Ўкраіны, то Януковіч прапануе праводзіць паўторныя выбары, але без удзелу Юшчанкі і яго самога. Калі ж суд не задаволіць скаргі Юшчанкі, то Януковіч выказаў прапанову Юшчанкі стаць прэм’ерам, у якога будуць павялічаныя паўнамоцтвы згодна з праектам палітычнай рэформы.

Віктар Юшчанка ў адказ катэгарычна адмовіўся ад ролі прэм’ера пры прэзыдэнце Януковічы. Юшчанка заяўляе, што праблема ў тым, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя, і гэта трэба прызнаць уладзе.

Пасьля таго як Генпракуратура і СБУ завялі крымінальныя справы наконт пасягальніцтва на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, Данецкая абласная рада вырашыла адкласьці рэфэрэндум аб статусе Данбаса, які быў прызначаны на 5 сьнежня.
XS
SM
MD
LG