Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўную перарэгістрацыю прайшлі ня ўсе рэлігійныя арганізацыі


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі завершылася перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў. Кіраўніцтва камітэту ў справах рэлігіяў сьцьвярджае, што праблемаў зь перарэгістрацыяй і дзеяньнем новага закону ў дзяржаве няма. Аднак прадстаўнікі некаторых рэлігійных арганізацыяў заяўляюць пра адмову ў рэгістрацыі й парушэньні сваіх правоў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, цягам двух гадоў перарэгістрацыю прайшлі 99% усіх рэлігійных арганізацыяў — гэта каля трох тысяч суполак. 84 заявілі пра самаліквідацыю і 22 перарэгістрацыі не завяршылі. У кіраўніцтве Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў заяўляюць, што ніякіх сур’ёзных праблемаў гэтая працэдура ня выклікала. Гаворыць намесьнік кіраўніка камітэту Ўладзімер Ламека.

(Ламека: ) “Ніякіх не было судовых справаў па перарэгістрацыі, ніякіх нэгатыўных зьяваў у гэтым пляне. Дыскусіі былі вялікія — навошта ўвогуле было гэтае новае заканадаўства, але сёньня мы бачым, што яно мае вялікія станоўчыя вынікі, нават перарэгістрацыя гэта паказала”.

Спадар Ламека сьцьвярджае, што найбольш складанымі, але вырашальнымі праблемамі былі пытаньні юрыдычнага адрасу. Паводле новага заканадаўства, рэлігійныя арганізацыі ня могуць месьціцца ў прыватных дамах і жылых памяшканьнях. Гэта сталася адной з прычынаў таго, што некаторым суполкам было адмоўлена ў рэгістрацыі — напрыклад, Абшчыне сьвядомасьці Крышны. Гаворыць старшыня суполкі Сяргей Малахоўскі:

(Малахоўскі: ) “Мы ўкладвалі грошы ў гэты дом, мы яго ўладкоўвалі паводле рэкамэндацыяў МНС, санітарных і іншых службаў. Калі мы ўсё гэта зрабілі, улада сказала нам: а цяпер нельга. Тое ж самае тычыцца й іншых абшчынаў, якія месьціліся ў прыватных дамах, а цяпер мусяць плаціць вялікія грошы за офісныя памяшканьні. Але гэта толькі адна з праблемаў. Мы проста адчуваем на сабе прэсінг, які зьяўляецца вынікам прыняцьця новага закону “Аб свабодзе сумленьня”.

Паводле спадара Малахоўскага, сваё права на валоданьне памяшканьнем і правамоцнасьць перарэгістрацыі Абшчына сьвядомасьці Крышны намерваецца адстаяць у судзе. Акрамя таго, пытаньне парушэньня правоў рэлігійнай суполкі беларускіх крышнаітаў прынята да разгляду Камітэтам правоў чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG