Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ще не вмерла Україна”, “прэзыдэнта выбірае не народ, а мова” – сытуацыю ва Ўкраіне камэнтуюць беларускія літаратары


Ганна Соусь, Менск Пра сытуацыю ва Ўкраіне гавораць беларускія літаратары, якія перакладалі ўкраінскіх творцаў на беларускую мову і маюць шчыльныя кантакты з творчай інтэлігенцыяй Украіны. Наша карэспандэнтка запісала меркаваньні Васіля Якавенкі, Сяргея Панізьніка і Алеся Траяноўскага.

Пісьменьнік Васіль Якавенка яшчэ да другога туру выбараў даслаў у Саюз пісьменьнікаў Украіны ліст, у якім ад свайго імя і ад імя большасьці сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выказаў падтрымку камандзе Віктара Юшчанкі. А летась менавіта Васіль Якавенка стаў ініцыятарам звароту да ўладаў Расеі ад беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў супраць палітыкі русіфікацыі ў Беларусі і ва Ўкраіне.

(Якавенка: ) “Адзін наш кампазытар нядаўна выказаўся так: прэзыдэнта выбірае не народ, а мова. Той, хто з мовай сваёй украінскай, той і адстойвае нацыянальныя інтарэсы. Той жа, хто з расейскай мовай, той ня столькі адстойвае нацыянальныя інтарэсы, колькі інтарэсы іншай дзяржавы”.

Беларускі літаратар Сяргей Панізьнік лічыць, што яго нацыянальнае нараджэньне адбылося ў Львове, бо ён перакладаў на беларускую мову ў асноўным украінскіх паэтаў са Львову.

(Панізьнік: ) “Мяне стварыў Львоў. Там мае духоўныя крыніцы, і я перажываю заўсёды за тое, што там адбываецца. І я ўзбуджаны і радасны, што “ще не вмерла Україна”. Там ажываюць тыя даўнія карані, якія трымалі Ўкраіну на працягу стагодзьдзяў. Сёньня дзень нараджэньня Дзьмітра Чараднічэнкі з Кіева, вялікага сябра Беларусі. Я перажываю і з Раманам Лубкіўскім са Львова, які многа зрабіў для Беларусі. Наталка Пазьняк, якая ў штабе Юшчанкі, яе пераклады тут нядаўна былі надрукаваныя. Я — зь імі. І я ведаю стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў яшчэ сто гадоў таму, якія спадзяваліся на тое, што мы будзем іх саюзьнікамі. І мы цяпер таксама іх саюзьнікі”.

Перакладчык украінскай паэзіі на беларускую мову Алесь Траяноўскі лічыць, што сёньня, як ніколі, перад Украінай стаіць выбар: быць незалежнай дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай ці стаць прыдаткам расейскай імпэрыі.

(Траяноўскі: ) “У гэтыя марозныя дні адказ на гэтае пытаньне вырашаецца на плошчах украінскіх гарадоў. Сотні, тысячы людзей — змагары за незалежную будучыню сваёй дзяржавы, за яе мову, культуру, традыцыі, эканоміку, культуру. Сярод іх — згуртаваная інтэлігенцыя, працаўнікі розных прафэсіяў, вельмі шмат моладзі. Ідзе кансалідацыя і фармаваньне нацыі. Як хацелася б некаторым у Расеі бачыць не Ўкраіну, а “Малороссию” часоў Кацярыны ІІ ці Мікалая ІІ. Не атрымаецца ў вас гэтага, “господа!” Украінскі народ сам робіць сёньня на шматтысячных мітынгах сваю будучыню, каб жыць у свабоднай сваёй бацькаўшчыне. І ён гэтага даможацца”.
XS
SM
MD
LG