Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегі адзначаюць прынцыповасьць новага генпракурора


Любоў Лунёва, Менск Былыя калегі Пятра Міклашэвіча станоўча ацэньваюць ягонае прызначэньне на пасаду генэральнага пракурора. На іх думку, кепска, што новы кіраўнік рэспубліканскай пракуратуры ня мае досьведу пракурорскай працы, але добра, што ён мае юрыдычную адукацыю і багатую судовую практыку.

Калегі Пятра Міклашэвіча станоўча характарызуюць ягоную дзейнасьць на пасадзе старшыні Буда-Кашалёўскага суду, а потым старшыні Гомельскага абласнога суду. Экс-судзьдзя Вярхоўнага суду Ўладзімер Крыгін у свой час ажыцьцяўляў нагляд за працай Гомельскага абласнога суду.

(Крыгін: ) “Ён працаваў нядрэнна. Быў такім прынцыповым судзьдзём. І адменаў было няшмат, і справы разглядаў даволі прынцыпова. Меў сваю думку. Заўсёды прытрымліваўся закону, нікому ня кланяўся. У яго ёсьць такая станоўчая якасьць — ён можа ладзіць кантакты. Калі ён працаваў у Міністэрстве юстыцыі, я яго рэкамэндаваў на пасаду намесьніка старшыні Вярхоўнага суду. Як ён будзе цяпер працаваць на пасадзе генэральнага пракурора? А хто можа быць прынцыповым у справах зьніклых? Гэта асаблівае пытаньне. Ня ведаю, хто можа быць прынцыповым у гэтым пытаньні”.

Былы судзьдзя Вярхоўнага суду Іван Маргулец лічыць, што насамрэч добра, калі пракуратуру нарэшце ўзначаліць чалавек, які мае сапраўдную юрыдычную адукацыю і кваліфікацыю.

(Маргулец: ) “Як ён сябе будзе паводзіць? Вось калі будуць дасьледаваныя справы зьніклых!.. А, напрыклад, прэзумпцыя невінаватасьці. Ён закон цудоўна ведае — якія доказы могуць легчы ў аснову абвінавачаньня, а якія — не. Але наколькі гэта будзе працаваць, казаць цяжка. Цяпер жа любяць прызначаць людзей, якія будуць усё выконваць… Час пакажа. А тое, што на пасадзе генпракурора будзе сапраўдны юрыст, то гэта на некалькі пазыцыяў вышэй за тое, што было”.

3 лістапада пасьля плянавай праверкі ў Гомелі на сумесным паседжаньні калегіі Міністэрства юстыцыі і прэзыдыюма Вярхоўнага суду Пётар Міклашэвіч, аналізуючы недахопы ў працы судоў Гомельскай вобласьці, дзе ён раней працаваў на пасадзе старшыні абласнога суду, вызначыў тры праблемы — нізкую якасьць працы судзьдзяў, асабліва ў раёнах; нізкую апэратыўнасьць судзьдзяў, бо на Гомельшчыне самая вялікая колькасьць адкладзеных справаў; а таксама нізкую ролю старшыняў судоў у арганізацыі судовага працэсу.

Калегі Пятра Міклашэвіча адзначаюць ягоную прынцыповасьць. Але яны ня ўпэўненыя, што на пасадзе генэральнага пракурора яму ўдасца праявіць яе ва ўсіх справах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG