Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “Лукашэнка прызначыў Шэймана кіраўніком адміністрацыі, каб канчаткова перарабіць аўтарытарны рэжым у таталітарны”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць адстаўку Ўрала Латыпава і прызначэньне кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана. Апазыцыйныя кіраўнікі разыходзяцца ў меркаваньнях адносна прычынаў кадравых зьменаў, але іхныя высновы супадаюць, калі размова ідзе наконт пэрспэктываў беларускага грамадзтва.

Чаму Аляксандар Лукашэнка замяніў кіраўніка сваёй адміністрацыі Ўрала Латыпава на генэральнага пракурора Віктара Шэймана і якіх зьменаў варта чакаць пасьля гэтых кадравых перастановак?

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук прадбачыць далейшую самаізаляцыю беларускага рэжыму. А прычыны зьменаў Яраслаў Раманчук зьвязвае з расейскім фактарам.

(Раманчук: ) “Адстаўка Латыпава і прызначэньне Шэймана ёсьць спосабам нэўтралізацыі апошніх сьлядоў расейскага ўплыву на Аляксандра Лукашэнку. Ён падбірае кантроль над усімі плынямі пад сябе, не давярае нікому, нават тым, хто ўваходзіў у ягонае атачэньне. А цэнтралізацыя рэсурсаў прывядзе да таго, што ўрад і аблвыканкамы стануць менш мабільнымі й больш залежнымі ад цэнтру”.

Паводле Яраслава Раманчука, цяпер варта чакаць дзеяньняў, скіраваных на тое, каб у Беларусі да выбараў 2006 году не зьявіўся свой Януковіч — “кандыдат ад Масквы”.

Тым часам Андрэй Саньнікаў, адзін з кіраўнікоў апазыцыйнага блёку “Свабодная Беларусь”, ня лічыць, што расейскі фактар быў галоўным у апошніх кадравых зьменах.

(Саньнікаў: ) “Я неяк абыякава стаўлюся да гэтых кадравых зьменаў Лукашэнкі. Можна казаць пра нейкія адрозьненьні, але ж генэральная лінія захоўваецца”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч устрымаўся ад камэнтару, пакуль ня стане вядома, якую пасаду атрымае Ўрал Латыпаў. Спадар Статкевіч не выключае, што Латыпаў узначаліць КГБ Беларусі і ў такім разе размовы пра расейскі фактар самі сабой сьціхнуць.

Паводле старшыні БНФ Вінцука Вячоркі, замена Ўрала Латыпава на Віктара Шэймана прадыктаваная найперш унутранымі палітычнымі прычынамі.

(Вячорка: ) “Гаворка ідзе пра тое, што пастаўленая задача канчаткова ператварыць аўтарытарную сыстэму ў таталітарную. І калі ў аўтарытарнай сыстэме пэўныя мэнэджэрскія і перамоўныя здольнасьці яшчэ былі патрэбныя, то цяпер яны не патрэбныя”.

Лідэр Беларускага Народнага Фронту лічыць, што Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман, верагодна, “зьвязаныя нейкімі ўзаемнымі абавязкамі”, і гэтым тлумачыць ягонае прызначэньне кіраўніком адміністрацыі.

Былога генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана беларуская апазыцыя і праваабаронцы падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў лідэраў апазыцыі. Між тым, усе патрабаваньні правесьці незалежнае расьсьледаваньне гэтых злачынстваў, у тым ліку і з боку міжнародных арганізацыяў, адхіленыя кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

На фотаздымку: Віктар Шэйман
XS
SM
MD
LG