Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск вярнуўся ізраільскі амбасадар


Ігар Карней, Менск Раніцай з Тэль-Авіва ў Менск прыбыў амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў бэн-Ар’е. У 1997–1998 гадах спадар бэн-Ар’е ўжо ўзначальваў прадстаўніцтва сваёй краіны ў Беларусі. Праўда, прыезд амбасадара не азначае, што аўтаматычна пачне працаваць і дыпляматычнае ведамства: мяркуецца, што консульская служба амбасады адновіць працу толькі ад лютага наступнага году.

На працягу апошняга году, калі ў Беларусі не было ізраільскай амбасады, некаторыя функцыі ў справе кантактаваньня грамадзянаў дзьвюх краінаў выконвала “Габрэйскае агенцтва дзяржавы Ізраіль у Беларусі”. Сёньня супрацоўнікі агенцтва сустракалі наноў прызначанага амбасадара ў менскім аэрапорце. Але кантактаў з прэсай спадар бэн-Ар’е пакуль пазьбягае.

Зэеў бэн-Ар’е нарадзіўся ва Ўкраіне і на пачатку 1970-х выехаў зь сям’ёй у Ізраіль. Неўзабаве пачаў працаваць у структуры Міністэрства замежных справаў Ізраілю, а ў 1980–1990-я прадстаўляў сваю краіну ў Расеі, Украіне і Беларусі. Кіраўнік габрэйскіх суполак Беларусі Леанід Левін у часе працы спадара бэн-Ар’е ў Менску меў зь ім частыя кантакты.

(Левін: ) “Ён трошкі ў нас працаваў — нядоўга, але быў тут. Чалавек вельмі разумны, прыстойны. Таму павінна ўсё быць добра, у якім сэнсе “добра” — вы ж разумееце. Я так разумею: адносіны паміж і людзьмі, і краінамі павінны быць добрыя”.

Гэта ўжо трэцяя спроба наладзіць працу ізраільскай амбасады за час незалежнасьці Беларусі. Апошні раз дыпляматычнае прадстаўніцтва было зачыненае летась у ліпені з фармулёўкай “з прычыны фінансавых праблемаў”. Гэта стварыла шмат праблемаў і для беларусаў, і для ізраільцаў. Асабліва пацярпелі грамадзяне, якія раз-пораз езьдзілі ў Ізраіль, каб наведаць сьвятыя мясьціны: выдаткі на афармленьне візы праз ізраільскую амбасаду ў Маскве складаюць болей за 100 даляраў — у Менску віза каштавала 17 даляраў. Кіраўнік Юдэйскага рэлігійнага таварыства Юры Дорн зазначае, што пэўныя складанасьці ўзьніклі і ў тых габрэяў, якія наведваюць сваякоў у Беларусі.

(Дорн: ) “Апроч усяго, існуе праграма паломнікаў з Ізраілю ў Беларусь. Пасьля закрыцьця ізраільскай амбасады колькасьць гэтых паломнікаў істотна зьменшылася з прычыны таго, што беларускую візу стала праблематычна атрымаць. Я так разумею, адэкватныя захады будуць прынятыя і з боку беларускай амбасады. Адпаведна, нашыя людзі там змогуць атрымаць візы і наведаць сьвятыя месцы”.

Цягам наступных месяцаў новы амбасадар Ізраілю Зэеў бэн-Ар’е будзе вымушаны ў значнай ступені выконваць функцыі прараба: у памяшканьні на Партызанскім праспэкце ў Менску, дзе разьмесьцяцца службы дыппрадстаўніцтва, пачынаецца вялікі рамонт.
XS
SM
MD
LG