Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Булгакаў: “Культура — страшная палітычная сіла”


Міхась Скобла, Менск (эфір 29 лістапада). Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Пачынаючы са сьнежня, часопіс “ARCHE” будзе немагчыма набыць празь дзяржаўную сетку распаўсюду — у гандлёвых кропках прадпрыемстваў “Белсаюздрук” і “Белкніга”. Аб скасаваньні дамоваў рэдакцыю папярэдзілі пасьля выхаду адмысловага “прэзыдэнцкага” нумару, у якім усебакова аналізавалася дзесяцігодка Аляксандра Лукашэнкі. Таму наша гутарка з галоўным рэдактарам “ARCHE” Валерам Булгакавым вымушана пачалася з самага актуальнага для рэдакцыі пытаньня.

(Міхась Скобла: ) “За шэсьць з паловай гадоў “ARCHE” займеў сваё нешматлікае, але сталае кола чытачоў. Як іх не згубіць ва ўмовах фактычнай забароны на распаўсюд?”

(Валер Булгакаў: ) “Добра, што “Белпошта” пакуль што не даўмелася выдаліць нас са свайго падпіснога каталёгу. Адчуваючы магчымыя санкцыі з боку дзяржавы за палітызацыю “ARCHE”, мы стварылі вельмі спрыяльныя варункі для падпіскі: у наступным годзе кошт часопісу праз падпіску будзе ўсяго 2500, удвая меншы, чым сёлета. Дзеля справядлівасьці варта заўважыць, што нягледзячы на каманду з галоўнага офісу “Белкнігі” выкінуць нас з кнігарняў, ня ўсе зь іх адмовіліся ад супрацоўніцтва з намі. Гэта сьведчыць, што кіраўніцтва “Белкнігі” ня здольнае кантраляваць сваю імпэрыю. Увогуле, у Менску з набыцьцём “ARCHE” не павінна быць праблемаў, бо тут хапае й незалежных гандлёвых кропак”.

(Скобла: ) “А як жыцьмуць без “ARCHE” чытачы ў Горадні ці Барысаве?”

(Булгакаў: ) “Па краіне застанецца сетка прыватнага распаўсюду, гэта ўсе абласныя цэнтры плюс найбуйнейшыя раённыя. Нашым адказам “Белкнізе” зьяўляецца праграма рэгіянальных прэзэнтацыяў, неўзабаве адбудзецца сустрэча рэдакцыі са студэнтамі аднаго з унівэрсытэтаў, ня буду называць якога, каб не сарвалі. Увогуле, адсоткаў 60 накладу часопісу разыходзіцца ў сталіцы, а 40 — у рэгіёнах. Але ў Менску нас набываюць ня толькі мянчукі, прыяжджаюць адусюль: з Гарадзенскай, з Гомельскай вобласьці, куды “ARCHE” не далятае з пэўных прычынаў. Па маіх падліках, нягледзячы ні на што, у Беларусі ёсьць 500–600 чалавек, якія чакаюць кожны сьвежы нумар часопісу й знойдуць яго ў адпаведным месцы.

Сёньня экстрэмальная сытуацыя вакол “ARCHE” будзе індыкатарам здароўя незалежніцкай часткі беларускага грамадзтва, бо цяпер існаваньне любой культурніцкай ініцыятывы як ніколі залежыць ад грамадзкай падтрымкі, у тым ліку ў рэгіёнах”.

(Скобла: ) “Хоць Полацак і не паварочваецца язык назваць “рэгіёнам”, дамо слова палачаніну Алесю Аркушу”.

(Алесь Аркуш: ) “Часопіс “ARCHE” — прадукт для інтэлектуалаў, якога заўсёды бракавала ў Беларусі. Часопіс удала запоўніў гэтую нішу. І тая навіна, што часопіс “ARCHE” выкідаюць з кнігарняў і “Саюздруку” — вельмі кепскі знак. Да гэтай пары было нескладана знайсьці часопіс у рэгіёнах, у тым жа Полацку. Але я думаю, што ня так гэта й катастрафічна, часопіс мае сваіх сталых прыхільнікаў, якія ўсё роўна будуць шукаць яго, у тым жа інтэрнэце”.

(Булгакаў: ) “Я лічу, што цяперашняй уладзе вельмі нявыгадна радыкалізоўваць такія асяродкі, якія склаліся, напрыклад, вакол “ARCHE”, сваімі неразумнымі драконаўскімі рэпрэсіўнымі захадамі”.

(Скобла: ) “Па-мойму, мы іншых захадаў і ня бачым. Беларуская культура пасьлядоўна й мэтанакіравана заганяецца ў падпольле. Пра тое, што застаецца на паверхні, яшчэ ў 1920-я гады напісаў Уладзіслаў Хадасевіч, бацька якога, дарэчы, паходзіў зь Беларусі. Напісаў груба, але праўдзіва:

Бяз мыла сёньня цяжка жыць Літаратурным вэтэранам. Таму іх творчы шлях ляжыць Наўпрост ad gloriam per anum”.

(Да славы — праз задніцу.) Што чакае тую культуру, якая гэты… пакручасты шлях не засвоіць?”

(Булгакаў: ) “Нягледзячы на ўсе рэпрэсіўныя захады, дзяржава не дайшла да таго, каб дзеячоў беларускай культуры садзіць у турмы. Сёньня ніхто не забараняе выдаваць кніжкі, часопісы, газэты, пісаць геніяльныя раманы, аповесьці й п’есы. Прынамсі, не забараняе гэта наўпрост. Іншая справа, што дзейнасьць гэтая не санкцыянуецца дзяржавай альбо натыкаецца на яе халодную абыякавасьць.

Сёньня беларусы апынуліся ў такой самай сытуацыі, як палякі ў 1950-я гады. Ясна, што калі ня будзе нейкіх экстравагантных надзвычайных сытуацыяў, цяперашні рэжым праіснуе даволі доўгі час. Польская інтэлігенцыя ў падобнай сытуацыі знайшла адзінае слушнае выйсьце — павялічвала культурны капітал нацыі. Напрыклад, толькі ў 1980-я гады ў drugim obegu, г. зн. у падпольлі, на грошы падпольнай “Салідарнасьці” было выдадзена больш за 10 тысяч кніжак, што ў немалой ступені й прывяло да мірнай перамогі дэмакратычных сілаў у Польшчы.

Пры ўсёй сваёй паказной моцы беларускі рэжым мае адзін істотны недахоп — ён, як і рэжым савецкі, хранічна недаацэньвае культуру. Але Беларусь акурат належыць да той досыць рэдкай групы краінаў, дзе сама нацыя ўзьнікае ў выніку культурнай актыўнасьці. Магчыма, каб Францішак Багушэвіч ня выдаў двух сваіх геніяльных зборнікаў, праз сто гадоў Беларусь не атрымала б сваёй незалежнасьці. Прынамсі, прычынна-выніковыя сувязі паміж гэтымі дзьвюма падзеямі існуюць. І яшчэ адна звышзадача беларускай інтэлігенцыі — паказаць палітычнай адміністрацыі, што культура — гэта страшная палітычная сіла”.

(Скобла: ) “Тады гэта ўжо не культура. Мне здаецца, што культура й палітыка — гэта своеасаблівыя антыподы, яны ня могуць супадаць. Палітыка займаецца надзённымі праблемамі, культура — тэмамі вечнымі. Чым больш у кіраўніку палітыка, тым больш незайздросны лёс культуры. Ці ня тое мы назіраем сёньня ў Беларусі?”

(Булгакаў: ) “Праблема сёньняшняга беларускага інтэлігента — неразуменьне свайго месца ў культурніцкай прасторы. Дзеяньні дзеячоў культуры па-ранейшаму скіраваныя на стварэньне нейкіх вечных вартасьцяў. А ва ўмовах усеабсяжнай палітызацыі грамадзтва яны павінны фармаваць бягучыя перакананьні шараговага беларускага грамадзяніна. Пара ўжо адысьці ад гэтых амбіцыяў наконт вечнасьці й займацца злыбедамі й посьпехамі сярэднестатычнага беларуса. Мы павінны фармаваць культурную карціну сьвету суайчыньнікаў, перастаць займацца нейкімі малаактуальнымі абстрактнымі задачамі й перайсьці да палітызаванай, але непазьбежнай у нашых варунках культурнай працы. Чым і займаецца апошнія некалькі гадоў часопіс “ARCHE”: мы працуем зь беларускай эмпірыяй, мы адгукаемся на беларускую рэчаіснасьць, мы фармулюем нашы адказы на тыя выклікі, якія ставяцца перад грамадзтвам самой гісторыяй”.

(Скобла: ) “Апошні сёлетні нумар “ARCHE” прысьвечаны расейскамоўнай культуры ў Беларусі й праблеме нашай дзьвюхмоўнасьці. І сапраўды, за гады настойлівай русіфікацыі сытуацыя на гэтым полі выглядае нават больш пагрозьлівай, чым за савецкім часам. Але ці варта беларускамоўнаму выданьню засяроджвацца на гэтай праблеме?”

(Булгакаў: ) “Варта. Што да згаданай савецкай практыкі, то яна была езуіцкай. Памятаеце, у БССР беларускамоўныя пісьменьнікі ўзначальвалі расейскамоўныя выданьні? Але ня трэба думаць, што тагачасны інтэлектуал сілкаваўся толькі “Нёманам” ці “Полымем”, існавалі безьліч маскоўскіх і ленінградзкіх выданьняў. Уся разам гэтая тэндэнцыя й прывяла да таго, што беларуская культура цяпер абслугоўвае грамадзкую меншасьць, і гэта не падлягае сумневу.

Нас жа ў дадзеным выпадку цікавіла тая ідэалёгія, якой прытрымліваюцца прадстаўнікі супрацьлеглага расейскамоўнага лягеру. Якім чынам яны бачаць развой культуры ў нашай краіне? І мы ўбачылі, што з боку нашых расейскамоўных калегаў існуе кансэнсус, што лукашэнкаўская практыка дзьвюхмоўя ёсьць правільнай. І Сьвятлана Алексіевіч, і Аляксандар Фядута, і Пётар Марцаў, і Леанід Заіка, і легіён іншых дзеячоў згодныя, што дзьвюхмоўе — гэта дабро для беларускай дзяржавы. Практычна ўсе з апытаных намі пацьвердзілі, што павінен быць выбар мовы навучаньня, што і ажыцьцявіў Лукашэнка. Мы бачым: тое, што было для беларускамоўнай інтэлігенцыі апаганьваньнем сьвятыняў, спрычыняла агромністыя псыхалягічныя траўмы, тое зьяўляецца нармальным для нашых расейскамоўных калегаў-інтэлектуалаў. І гэта вельмі небясьпечная зьява.

Нездарма, у тым жа нумары “ARCHE” ідзе наша палеміка зь Юрыем Дракахрустам, які выказаў думку, што расейскамоўныя беларусы ёсьць найбольшымі прыхільнікамі дэмакратыі ў Беларусі. Мы паспрабавалі давесьці адваротнае: пакуль Беларусь будзе заставацца расейскамоўнай, датуль сур’ёзна гаварыць пра эўрапейскую інтэграцыю не выпадае. Бо якраз расейскамоўныя беларусы найбольш падпадаюць пад уплыў дзяржаўнай прапаганды. Пакуль беларуская мова будзе мець толькі нейкую дзялянку ў рэчышчы культурна-моўнага апартэіду, датуль беларуская дзяржава будзе бясконца далёкай ад Эўропы”.

(Скобла: ) “Сёньня ўсе мы працягваем сачыць за падзеямі ва Ўкраіне. Дарэчы, адзін з нумароў “ARCHE” быў цалкам прысьвечаны нашай паўднёвай суседцы. Нас, безумоўна, цікавіць, як украінская творчая інтэлігенцыя ўдзельнічае ў “каштанавай” рэвалюцыі? Гаворыць паэтка й перакладчыца Наталка Пазьняк”.

(Наталка Пазьняк: ) “Вось ужо амаль дзесяць дзён на Майдане Незалежнасьці ідзе мітынг, на якім чаргуюцца выступы палітыкаў, артыстаў і другіх дзеячоў культуры. Прычым артысты працуюць дабрачынна. Алег Скрыпка, лідэр гурту “Воплі Відаплясава” стаў даверанай асобай Віктара Юшчанкі. Яго дастала, калі ён пабачыў дзесьці ў Данецку плякат: “Мы любім “ВВ”, мы — за Януковіча!” Лідэр “Акіяну Эльзы” Сьвятаслаў Макарчук стаў дарадцам Юшчанкі па моладзевых пытаньнях. Менавіта ён праявіў сябе пры захопе “Ўкраінскага дому”, ён паставіў сотні аўтографаў на амонаўскіх шчытах! З намі сьпявачка Марыя Бурмака, з намі пісьменьнік Дзьмітро Паўлычка, гурт “Мандры”, з намі шмат гуртоў, якія зранку да ночы граюць на плошчы. А пераможца “Эўрабачаньня” Руслана, калі пачула, што ва Ўкраіне пачалі арыштоўваць студэнтаў, кінула свае эўрапейскія гастролі, прыехала ў Кіеў і абвесьціла галадоўку, заявіўшы, што яна “дзікая” й вытрымае доўга, пакуль Юшчанка ня стане прэзыдэнтам”.

(Скобла: ) “Дарэчы, і сьпявачка Руслана, і паэт Дзьмітро Паўлычка ня так даўно ўганараваныя найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны. Прычым асабіста Леанідам Кучмам. Скажыце, Валер, дык мо мае рацыю Аляксандар Лукашэнка, стараючыся не заўважаць айчынных дзеячоў культуры. Ненадзейны яны народ…”

(Булгакаў: ) “У Беларусі зусім іншая сытуацыя, чым ва Ўкраіне. Наша краіна нашмат больш зрусіфікаваная, чым яе паўднёвая суседка. Дзесяць гадоў лукашэнкаўшчыны даводзяць, што Лукашэнка ды ягонае атачэньне разглядаюць дзеячоў беларускай культуры як купку адшчапенцаў-маргіналаў, якія ня маюць аніякага ўплыву на грамадзкае жыцьцё. Гэта досыць жорсткая фармулёўка, але яна даволі рэалістычная й адбівае факт.

Памятаеце, нават на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах беларускія пісьменьнікі актыўна не падтрымалі адзінага кандыдата ад апазыцыі. Дарэчы, і адзіны кандыдат актыўна не праклямаваў сваю адданасьць вартасьцям беларускай культуры. Гэта паказвае: сучасныя палітыкі-практыкі ўспрымаюць беларускую мову й культуру як нешта, што можа быць, а можа й ня быць”.

(Скобла: ) “Яны таксама ня хочуць ведаць, што культура ёсьць вялікай палітычнай сілай?”

(Булгакаў: ) “Так, і мы павінны пахіснуць гэтае ўяўленьне сваёй арганічнай культурнай дзейнасьцю. Паказаць, што мы ўплываем на розумы й душы беларусаў. Інакш любое параўнаньне з Украінай будзе кульгаць. Там сапраўды культурныя дзеячы вядуць за сабою мільёны”.

(Скобла: ) “Вобразна кажучы, сёньня беларуская культура жыве, як рыба пад лёдам, пры вострым недахопе паветра. Што ў такім выпадку рабіць падлёднай культуры: самазакансэрвавацца да лепшых часоў, біцца галавой аб лёд ці ня грэбаваць той спажывай, якую дзяржава час ад часу апускае ў палонку… на гачку?”

(Булгакаў: ) “Ня трэба ўвогуле пакладацца на дзяржаву як на крыніцу матэрыяльнай і маральнай падтрымкі. Тое, што дзяржава праяўляе абыякавасьць да айчыннай культуры, гэта яе выбар і яе права. Сьвет адкрыты, існуе маса магчымасьцяў для культурніцкай дзейнасьці. За шэсьць з гакам гадоў існаваньня часопіс “ARCHE” не атрымаў ні рубля ад беларускай дзяржавы, ну і што? Выйшла ўжо 35 нумароў, да таго ж мы выдалі не адзін дзясятак кніжак. Працаваць можна й трэба, і трэба зжываць уяўленьне пра дзяржаву як памочніка ці старэйшага брата. Гэта комплекс, зь якім неабходна разьвітвацца.

Але я ня бачу нічога кепскага ў дзяржаўнай падтрымцы, гэта абсалютная норма для ўсіх эўрапейскіх краінаў. У Польшчы ёсьць закон, паводле якога сорак польскіх культурніцкіх часопісаў абавязкова атрымліваюць дзярждатацыю. Але супрацоўнічаць зь дзяржавай трэба таксама выбіральна, не кладучы ў ахвяру свае прынцыпы, свае ўстаноўкі, свой сьветапогляд. Я моцна сумняваюся, што ў нашым часе такое супрацоўніцтва магчымае.

Сёньня ні ў якім разе нельга ўпадаць у паняверку й стагнацыю. Беларускае культурніцкае поле вельмі мала занятае. Скажам, у сэгмэнце літаратурна-мастацкіх выданьняў існуюць толькі два больш-менш рэгулярныя праекты — “ARCHE” й “Дзеяслоў”. Патрэбныя сілы, аптымізм і ўлучанасьць у агульнаэўрапейскі кантэкст. Вельмі часта можна пачуць, што Лукашэнка раз і назаўсёды перамог так званы беларускі нацыяналізм. Але няма нічога дурнейшага за такі лабавы падыход. Янку Купалу й Якуба Коласа ня зможа перамагчы ніякі Лукашэнка. І самае галоўнае, неабходна ўсьвядоміць, што Беларусь — гэта краіна, якая творыцца нашымі думкамі, нашымі ідэямі й нашымі рукамі”.
XS
SM
MD
LG