Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 30 лістапада


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 30 лістапада

“Крыніца”, 1924 год. З польскага Сойму:

“У адказ на інтэрпэляцыю Беларускага Пасольскага Клубу ў справе адмовы ўрадоўцамі на тэлеграфе прыймаць тэлеграмы, пісаныя па беларуску, міністар гандлю і прамысловасьці, паразумеўшыся з міністрам унутраных спраў, прыслаў на рукі маршалка Сойму пісьмо, у якім тлумачыцца, што няма ніякае забароны прыймаць беларускія тэлеграмы, абы толькі яны былі напісаны лацінскімі літарамі. Урадоўца, які адмовіўся прыняць беларускую тэлеграму, улада пацягнула да адказнасьці”.

“Звязда”, 1934 год:

“350 рабочых першай змены завода імя Мяснікова ўважліва слухалі паведамленне намесніка старшыні Соўнаркома БССР тав.Саакяна аб лістападаўскім пленуме ЦК ВКП(б). Дакладчык падрабязна ахарактарызаваў усю суму перамог, атрыманых нашай краінай пад кіраўніцтвам партыі і тав.Сталіна, у рэзультаце чаго і магчыма стала адмяніць картачную сістэму на хлеб. Стары каваль Сабалеўскі, хвалюючыся, сказаў усяго некалькі слоў: “Партыя і совецкая ўлада дала нам жыццё і хлеб. Будзем замагацца за выкананне промфінплана, і наша кузня нікому не аддасць пераходны чырвоны сцяг”.

“Бацькаўшчына”, 1954 год. Язэп Каранеўскі:

“Ня будзем сяньня закранаць пытаньня, беларускага ці летувіскага паходжаньня зьяўляецца дзяржаўны гэрб ВКЛ — Пагоня. Гэтае пытаньне навука ўжо фактычна разьвязала, але ня ў гэтым справа. Сяньня для нас асабліва вымоўным зьяўляецца факт, што Пагоня сталася дзяржаўным і нацыянальным гэрбам і Беларусаў, і Летувісаў. Трэба жадаць і спадзявацца, што гэтая сяньняшняя супольнасьць гэрбу Пагоні паслужыць сымболем і беларуска-летувіскай супольнасьці наагул”.
XS
SM
MD
LG