Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства аховы здароўя прапануе завесьці ў кожнай паліклініцы й лякарні “Кнігу скаргаў і прапановаў”


Іна Студзінская, Менск Міністэрства аховы здароўя прыняла рашэньне аднавіць працу камісіяў кантролю за прафэсійнай этыкай мэдыкаў. Упершыню аб стварэньні такіх структураў было заяўлена на першым зьезьдзе лекараў Беларусі ў 1998 годзе. 6 гадоў таму камісіі фармальна былі створаныя, але вельмі хутка ўсё заціхла. І вось пасьля рэзкай крытыкі Аляксандрам Лукашэнкам мэдычнай галіны ў парлямэнце тыдзень таму Міністэрства аховы здароўя тэрмінова вырашыла выправіцца і прадэкляравала пра чарговыя захады ў кірунку рэфармаваньня мэдыцыны.

Міністэрства прыняла рашэньне, што ў кожнай паліклініцы і лякарні павінна быць заведзеная так званая “Кніга скаргаў і прапановаў”. Знаходзіцца яна павінна на самым бачным і даступным месцы – да прыкладу, у рэгістратуры – і выдавацца па першым патрабаваньні пацыента.

Прапаную паслухаць меркаваньні саміх пацыентаў:

(Голас: ) “Менавіта ў сфэры мэдычнага сэрвісу гэта ня вельмі станоўчае рашэньне, тым больш што мы маем досьвед савецкіх часоў, калі паўсюль кнігі скаргаў і прапановаў былі, але ад гэтага сэрвіс абсалютна не зьмяняўся да лепшага. Улічваючы, што зараз у нас ёсьць нейкае падабенства рынку, нейкая канкурэнцыя паміж рознымі сфэрамі ў камэрцыйным сэнсе больш эфэктыўная”.

(Голас: ) “Я думаю, кніга скаргаў і прапановаў у раённых паліклініках нічога ня дасьць. Туды будуць пісаць бабулі, якім больш няма чаго рабіць, акрамя таго, як скаргі пісаць. І гэта можа вярнуць нас да “саўковага” варыянту, калі “крайнім” будзе доктар. Я думаю, трэба зьмяняць усю сыстэму аховы здароўя, паколькі ў паліклініках адпрацоўваюць альбо былыя студэнты, альбо дактары пэнсійнага ўзросту”.

Але што канкрэтна павінны разглядаць новаствораныя камісіі – прафэсіяналізм мэдыкаў ці ўсё ж адносіны лекара да пацыентаў, этычны момант? Паводле словаў начальніка галоўнай ўправы лячэбнай і прафіляктычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандра Цыбіна, “гэтыя структуры закліканыя дапамагаць адміністрацыі мэдычных установаў, якая занадта прамалінейна, а часам і проста фармальна кантралюе працу мэдыкаў”. Але як гэта будзе адбывацца, чыноўнік з Міністэрства аховы здароўя яшчэ не гатовы камэнтаваць.

Але і зараз любы пацыент можа паскардзіцца на доктара. Што з гэтага атрымліваецца, я высьвятляла ў другога боку – лекараў. Ганна Асмалоўская – участковы лекар-пэдыятар ў адной з паліклінік сталічнага мікрараёну Сухарава:

(Асмалоўская: ) “На жаль, хто б ні паскардзіўся – калі гэта даходзіць да галоўнага лекара, як бы сытуацыя ня складвалася – усё роўна нас робяць вінаватымі. У любым выпадку. Прынцып: кліент заўсёды мае рацыю. Я ніколі не чула, каб наша галоўны лекар, калі да яе дайшла нейкая скарга (кім бы яна ні была напісана, нават калі ледзь не псыхапатам), усё роўна – вымова, пазбаўляюць прэміі няшчаснай у 40 тысяч. Загадчыца аддзяленьня ад гэтага проста вар’яцее, ад гэтай сыстэмы, яна стараецца нас абараніць, так і кажа: гэтая палітыка ідзе звыш, пачынаючы ад галоўнага лекара й вышэй. Нават калі гэта заведама, так бы мовіць, ідыёцкія абвінавачваньні, усё роўна лекар будзе вінаваты. Нас у гэтым сэнсе абсалютна ўтапталі ў бруд”.

Безумоўна, у кожным канкрэтным выпадку трэба дэталёва разьбірацца. Магчыма “ёсьць і паборы, і парушэньне прынцыпу даступнасьці мэдычнай дапамогі ў краіне для простых людзей”, паводле Лукашэнкі. Таму працягваецца навядзеньне парадку ў камэрцыйным сэктары паслугаў. Першым крокам, нагадаю, было выгнаньне зь дзяржаўных мэдычных установаў усіх камэрцыйных структур. А цяпер вось прынятае рашэньне аб забароне сумяшчэньня працы ў дзяржаўных і недзяржаўных мэдустановах.

Аляксандар Лукашэнка ў парлямэнце сказаў, што цяпер мэдыкі і настаўнікі не павінны скардзіцца на свае заробкі. А колькі зараз зарабляюць беларускія лекары? Самі яны жартуюць: каб было што есьці, яны вымушаныя працаваць мінімум на паўтары стаўкі. Бо калі працаваць на дзьве стаўкі, есьці ўжо няма калі. Вось прызнаньне ўчастковага пэдыятра Ганны Асмалоўскай, якая пакуль толькі марыць пра падпрацоўку:

(Асмалоўская: ) “У мяне аклад – 118 тысяч. Разам з усім-усім, нават калі максымальная будзе прэмія, я ад сілы 220-230 тысяч магу атрымаць у месяц. Ужо трэці год пайшоў, як скончыла ВНУ, я ўжо і не стажор… Для мяне гэта пытаньне таксама актуальнае. Таму што час ідзе, грошай не прыбаўляецца, досьвед расьце, хацелася б дзесьці падпрацаваць. Проста з усіх бакоў ціснуць. Мала таго, што заробак маленькі, дык яшчэ і падпрацоўваць амаль не даюць мажлівасьці”.

Праўда, пакуль забарона працы па сумяшчальніцтву не ў кампэтэнцыі Міністэрства аховы здароўя – гэта пытаньні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. І мэханізм забароны, як прызнаўся Аляксандар Цыбін, яшчэ ня выпрацаваны.
XS
SM
MD
LG