Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З адкрыцьцём амбасады Ізраілю ў Менску жыхары Беларусі спадзяюцца на зьніжэньне коштаў ізраільскай візы


Ігар Карней, Менск 30 лістапада ў Менск прыбудзе новы амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў бэн-Ар’е. Зрэшты, гэта ўжо ня першы прыезд ізраільскага дыплямата: у 1997 годзе спадар бэн-Ар’е ўзначальваў дыпляматычнае прадстаўніцтва сваёй краіны ў Менску, пасьля чаго працаваў у амбасадах у Расеі і ва Ўкраіне. Да моманту атрыманьня акрэдытацыі новы склад ізраільскай амбасады будзе выконваць арганізацыйныя пытаньні. Калі рэальна ізраільская амбасада пачне працаваць?

Супрацоўнікі будучай дыпмісіі кажуць, што наўрад ці амбасада адчыніцца да канца гэтага году. Памяшканьне на Партызанскім праспэкце сталіцы, дзе разьмесьцяцца службы амбасады, патрабуе вельмі істотнага рамонту, і калі казаць пра больш-менш рэальныя тэрміны, то іх акрэсьліваюць лютым – пачаткам сакавіка 2005 году. У гэтым зьвязку больш нават цікавіць іншае: ці надоўга Ізраіль адчыняе сваё прадстаўніцтва?

Цягам некалькіх гадоў гэта ўжо трэцяя спроба наладзіць працу ізраільскай амбасады ў Менску. Апошні раз дыпляматычнае прадстаўніцтва было зачыненае ў ліпені мінулага году – як было сказана, з-за бюджэтных праблемаў. Тым ня менш, прадстаўнікі габрэйскіх суполак у Беларусі спадзяюцца, што гэтым разам амбасада будзе працаваць стабільна і доўга. Гаворыць кіраўнік габрэйскіх суполак Беларусі Леанід Левін:

(Левін: ) “Мы спадзяемся, што гэта, прынамсі, не на адзін год. Але ж у жыцьці ўсё бывае – вы ж ведаеце, як цяжка зараз штосьці прагназаваць. Але, наколькі я ведаю, то гэта не на адзін гадок. Намеры супрацоўнічаць ёсьць, а калі намеры ёсьць, то будзе і разуменьне. Таму будзе ўсё добра. Прынамсі, што ад нас залежыць, мы будзем прыкладаць намаганьні, і будзем уплываць на ізраільскі бок, каб і там было разуменьне, зь іхнага боку”.

Ад пачатку 1990-х істотна вырасла колькасьць габрэяў-вернікаў, якія выпраўляліся ў паломніцтва па сьвятых месцах. Пасьля таго, як летась амбасада Ізраілю ў Менску была зачыненая, усе вернікі вымушаныя карыстацца паслугамі фірмаў-пасярэднікаў, якія афармляюць візы праз амбасаду Ізраілю ў Маскве. Каштуе такое задавальненьне болей за сто даляраў. І цалкам натуральна, што “пацягнуць” такія выдаткі могуць далёка ня ўсе. Кіраўнік Іудзейскага рэлігійнага таварыства Юрый Дорн зьвязвае новую хвалю актывізацыі паломніцтва якраз з адкрыцьцём ізраільскай амбасады ў Менску:

(Дорн: ) “У нас вялізная колькасьць вернікаў, якія з-за дарагавізны ізраільскай візы проста ня могуць дазволіць сабе туды паехаць; я спадзяюся, што ў гэтым сэнсе ўсё вернецца на старыя пазыцыі і віза зноў будзе каштаваць 17 даляраў. Па-другое, без амбасады вельмі складана кантактаваць з асноўным нашым духоўным цэнтрам – упраўленьнем іудаізму ў Іерусаліме. Цалкам натуральна, што мы зацікаўленыя, каб гэтыя кантакты аднавіліся і былі на тым узроўні, як раней, перад тым як амбасада зачынілася”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць габрэяў, якія ад’ехалі ў Ізраіль, і габрэяў, якія жывуць у Беларусі, практычная роўная – дзесьці па 80 тысячаў чалавек. Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый сьцьвярджаюць, што ў абодвух выпадках лічбы істотна заніжаныя. Зрэшты, гэта нікому не перашкаджае казаць, што пэўнай актывізацыі кантактаў можна чакаць і ў галіне прыватных паездак. Як я ўжо казаў, цяпер ізраільская віза з выдаткамі на пасярэднікаў каштуе ў сярэднім сто даляраў. Калі дадаць яшчэ квіток на самалёт за 400 эўра, то падарожжа атрымаецца досыць адчувальнае. Хоць, зь іншага боку, беларуская віза для замежных грамадзянаў у бальшыні сваёй таксама каштуе сотню даляраў, таму коштавы фактар у дадзеным выпадку можна лічыць адпаведным.
XS
SM
MD
LG