Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 лістапада 1899 году нарадзіўся Міхась Лынькоў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 30 лістапада

30 лістапада 1988 году апоўначы паводле маскоўскага часу ў Савецкім Саюзе было спыненае глушэньне радыёстанцыі “Свабода”. Тады мала хто сумняваўся, што глушылкі выключаныя назаўсёды. Але сёньня, праз шэсьць гадоў, мы атрымліваем шмат лістоў і званкоў ад нашых слухачоў, якія паведамляюць, што разам зь вяртаньнем савецкіх парадкаў вярнулася ў Беларусь і практыка глушэньня радыё “Свабода”. Што праўда, пацьверджаньня гэтага факту ад нашых тэхнічных службаў мы пакуль ня маем.

Некалькі падзеяў даўнейшае гісторыі.

30 лістапада 1595 году атрад Налівайкі авалодаў Магілёвам. Казакі штурмавалі горад, а пасьля ўшчэнт разрабавалі яго. Характэрнай асаблівасьцю казацкіх набегаў былі самыя неверагодныя забойствы мірных людзей і вынішчэньне ўсяго на сваім шляху. Ваякі Налівайкі паводзілі сябе як бандыты і баяліся толькі рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай. Дачуўшыся, што падыходзіць дзяржаўная армія, казакі, не чакаючы, пакінулі Магілёў праз два тыдні пасьля захопу.

30 лістапада 1952 году быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны хор Беларусі імя Цітовіча, які дзейнічае і сёньня. А пачыналася ўсё з таго, што Генадзь Цітовіч яшчэ ў 1939 годзе стварыў хор у вёсцы Вялікае Падлесьсе Ляхавіцкага раёну. Хор той сьпяваў народныя песьні і хутка стаў вельмі папулярным. Вось на падставе гэтага калектыву Цітовіч і стварыў у 1952 годзе Дзяржаўны хор. З 1975 году хорам кіруе вучань Цітовіча Міхась Дрынеўскі.

30 лістапада 1993 году ўрочышчу Курапаты быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 30 лістапада ў розныя гады, назавем сёньня ірляндзкага сьвятара Джонатана Сьвіфта, які пісаў кніжкі пра прыгоды Гулівэра; амэрыканскага вынаходніка Олівэра Вінчэстэра, які прыдумаў аднайменную стрэльбу; таксама амэрыканца, пісьменьніка Марка Твэна і ангельскага прэм’ер-міністра Ўінстана Чэрчыля. Напэўна, мала хто ведае, што Чэрчыль – ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Затое беларускага літаратара Міхася Лынькова ўсе ведаюць яшчэ са школьных гадоў. Аўтар “Міколкі-паравоза”, народны пісьменьнік Беларусі Лынькоў нарадзіўся таксама 30 лістапада, у 1899 годзе.
XS
SM
MD
LG