Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: “Ці баіцца Лукашэнка перавароту?”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса камэнтуе сёньня адстаўку Урала Латыпава, а таксама рашэньне ўладаў прыпыніць выхад незалежнай гарадзенскай газэты “Біржа інфармацыі”. “Ці баіцца Лукашэнка перавароту?” – такі падзагаловак мае артыкул “Прэзыдэнт супраць КГБ”, што зьмяшчае ў сёньняшнім нумары штодзёньнік “Rzeczpospolita”.

Газэта знаёміць чытача з камэнтарамі беларускіх апазыцыйных палітыкаў у гэтай справе, якія лічаць, што такім чынам Лукашэнка намагаецца пазбавіцца ад людзей, цесна зьвязаных з Масквой.

“Неафіцыйна лічыцца, што значная частка супрацоўнікаў беларускіх спэцслужбаў адчуваюць сябе больш зьвязанымі з былым супрацоўнікам КГБ Уладзімерам Пуціным, чым са сваім прэзыдэнтам. Лукашэнка намагаецца прызначыць на галоўныя пасады ў дзяржаве людзей, якім давярае на 100%. Таму на месца Латыпава – палкоўніка КГБ ў адстаўцы – Лукашэнка прызначыў чалавека, які падазраецца ў датычнасьці да зьнікненьняў ягоных апанэнтаў”,– піша “Rzeczpospolita”.

У сваю чаргу “Gazeta Wyborcza”, паведамляючы пра прыпыненьне выхаду гарадзенскага штотыднёвіка “Біржа інфармацыі”, прыгадвае, што напярэдадні рэдактарка гэтага выданьня спадарыня Раўбецкая ўжо была пакараная штрафам у памеры каля 600 даляраў за зьнявагу прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG