Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуская сытуацыя ня мусіць апынуцца ў цяні эўрапейскай увагі на тле ўкраінскіх падзеяў”


Ул. інф. Эўразьвяз на прыкладзе Ўкраіны нарэшце паказаў, што ён у стане ўплываць на сытуацыю ў Эўропе, піша аўстрыйскі “Дэр Штандард”. Пасярэдніцтва Брусэля ў Кіеве было пасьпяховым. Гэтага нельга сказаць пра Беларусь. Заклікі Эўразьвязу да Менску пакуль так і не сустрэлі пэўнага паразуменьня з боку Лукашэнкі. Абурэньні нямецкай царквы і нямецкіх грамадзкіх ініцыятываў у зьвязку з заявамі Лукашэнкі адносна адпачынку беларускіх дзяцей за мяжой так і засталіся непачутымі, пішуць нямецкія аглядальнікі.

У любым выпадку, беларуская сытуацыя ня мусіць апынуцца ў цяні эўрапейскай увагі на тле ўкраінскіх падзеяў”, лічыць міжнародны каардынатар сацыял-дэмакратычнай фракцыі ў нямецкім Бундэстагу Маркус Мекель:

(Мекель: ) “Канешне, Украіна, тое, што адбылося цягам апошняга тыдню на вуліцах Кіева – гэта галоўная нечаканасьць для ўсёй Эўропы. Другі момант – гэта сама рэакцыя Эўропы. Я лічу вельмі важным, што ў Кіеў прыляцелі Квасьнеўскі і Адамкус. Эўрапейцы атрымалі доказ таго, што на Украіне ёсьць грамадзянская супольнасьць. Ёсьць будучыня, якую трэба падтрымліваць. Усё гэта ёсьць задачай Эўразьвязу.

Што тычыцца Беларусі, то тут пакуль падобнае разьвіцьцё выглядае мала рэалістычным. Але я думаю, што мы з асобнымі дэпутатамі Эўрапарлямэнту ўсё ж завершым той шлях, які намецілі. Я маю на ўвазе падтрымку апазыцыі, ЭГУ, арганізацыі апазыцыі ў замежжы, асабліва ў блізкім замежжы. Гэта тыя задачы, якія мы мусім давесьці да канца”.

(Карэспандэнтка: ) “Напярэдадні беларускіх выбараў дэпутаты Бундэстагу прынялі мяккую рэзалюцыю сацыял-дэмакратаў і адхілі больш жорсткія прапановы ХДС/ХСС. Галоўны матыў: пачакаем, што пакажуць выбары. Потым выказваліся прапановы вярнуцца да беларускай сытуацыі на паседжаньні Бундэстагу напрыканцы сьнежня. У сьнежні, аднак, актуальным зноў будзе ўкраінскае пытаньне. Беларускае пытаньне ізноў застанецца па за увагай…”

(Мекель: ) “Мы будзем яго абмяркоўваць. Напрыклад, такі момант, як надалей арганізоўваць падтрымку дэмакратыі ў Беларусі Гэта нашая галоўная задача. Што нам патрэбна – гэта агульная эўрапейская стратэгія ЭЗ у дачыненьні да беларускіх дэмакратычных сілаў, апазыцыі, няўрадавых арганізацыяў, усіх тых, хто сябе незалежна паводзіць у гэтай краіне. Другая задача – гэта падтрымка з боку Захаду ў інфармаваньні грамадзтва. Там, дзе людзі ня могуць атрымліваць інфармацыю, дэмакратыя немагчымая. Вельмі важны момант – візавыя санкцыі ў дачыненьні да чыноўнікаў самага высокага рангу. Я сам за гэтыя санкцыі, і лічу, што гэткім чынам кіраўніцтва Беларусі мусіць зразумець: тое, што яно робіць, намі не прымаецца, падобны стыль кіраваньня краінай мусіць мець межы. Я ня ведаю, калі гэтыя санкцыі будуць прынятыя, але я ўпэўнены, што яны прынятыя будуць”.
XS
SM
MD
LG