Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Стратныя прадпрыемствы застаюцца цяжарам на шыі гаспадаркі”


Юлія Шарова, Менск 30 лістапада ўрад будзе абмяркоўваць вынікі працы айчыннай гаспадаркі за першыя дзесяць месяцаў гэтага году. Як вядома, у студзені-верасьні валавы ўнутраны прадукт у Беларусі ўзрос больш чым на 11 адсоткаў – гэта перавыкананьне гадавога пляну. Статыстыка таксама адзначыла паляпшэньне іншых паказчыкаў – у прыватнасьці, адбылося значнае скарачэньне стратных прадпрыемстваў. Між тым агулам беларускія прадпрыемствы павялічылі завінавачанасьць перад бюджэтам.

На 1 лістапада завінавачанасьць прадпрыемстваў перад бюджэтам склала больш за 276 мільярдаў рублёў і прырасла ад пачатку году на 26 мільярдаў. Гэта каля 2 адсоткаў ад плянаў падаткавых паступленьняў у бюджэт. Прыкметна, што адбываецца гэта на тле агульнага паляпшэньня фінансавых паказчыкаў айчынных прадпрыемстваў: з прыбыткам працуюць амаль 73 адсоткі суб’ектаў гаспадараньня.

Як мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук, якраз тая рэшта прадпрыемстваў, што працуе са стратамі, так бы мовіць, забясьпечвае рост завінавачанасьцяў у бюджэт. Яны застаюцца хранічна стратнымі й ніяк ня могуць спаборнічаць з флягманамі гаспадаркі, якіх падтрымлівае банкаўская сыстэма. Такія прадпрыемствы заўсёды просяць для сябе ільготаў, аднак ніякія паслабленьні эфэкту не даюць, кажа спадар Раманчук.

(Раманчук: ) “Я ня думаю, што гэта іх уратуе, бо да іх даўно трэба было выкарыстоўваць працэдуру банкруцтва альбо прадаваць замежным ці нашым прадпрыемствам. Але паколькі працэдура банкруцтва ў нашай краіне заблякаваная й палітычна некарэктна казаць пра нейкія стратныя прадпрыемствы ўвогуле, таму яны застаюцца цяжарам на шыі лепшых прадпрыемстваў, якія працуюць, на шыі гаспадаркі”.

На думку эканаміста, гэтыя прадпрыемствы ў наступным годзе яшчэ больш будуць цягнуць айчынную эканоміку ўніз, і дзяржава будзе захоўваць іх толькі з той мэтай, каб не павялічыць колькасьць беспрацоўных у выніку банкрутаваньня прадпрыемстваў. Што да афіцыйнай статыстыкі, якая пакуль канстатуе агульны рост гаспадаркі, то Яраслаў Раманчук не выключае зьяўленьня нейкай новай сыстэмы ўліку, якая зноў замаскіруе рэальны стан рэчаў і дасьць ілюзію поўнага эканамічнага цуду.
XS
SM
MD
LG