Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы генэральны пракурор Віктар Шэйман прызначаны кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта


Алесь Дашчынскі, Менск Гары Паганяйла пра перамяшчэньне Віктара Шэймана на пасаду кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі: "Справы зьніклых апанэнтаў прэзыдэнта Лукашэнкі ўсё роўна застаюцца ў руках спадара Шэймана."

Замест Шэймана пракуратуру Рэспублікі Беларусь ачоліць Пётар Міклашэвіч, які да свайго прызначэньня працаваў першымі намесьнікам старшыні Вярхоўнага суду.

Віктар Шэйман — адзін зь нямногіх з прэзыдэнцкай каманды, які цягам 10-гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі займае высокія пасады ў краіне. У 1994 годзе ён быў прызначаны дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі, а з 2000 году, не маючы юрыдычнай адукацыі, заняў пасаду генэральнага пракурора.

Вядомы праваабаронца, юрыст Гары Паганяйла зьвязвае перавод спадара Шэймана на новую пасаду з падрыхтоўкай новай каманды да прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле спадара Паганяйлы, Віктар Шэйман без пярэчаньня будзе "выконваць любыя ўказаньні свайго манарха". Шэйман пайшоў на падвышэньне і становіцца фактычна другой асобай у краіне, нягледзячы на тое, што яго імя фігуруе сярод магчыма датычных да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў у справаздачы Хрыстаса Пургурыдэса, - лічыць Гары Паганяйла. Ці можна прагназаваць, што пасьля адстаўкі Віктара Шэймана з пасады генпракрурора расьследаваньне гэтых справаў пойдзе хутчэй?

(Паганяйла: ) "Сёньня ўсё застаецца за апаратам, значыць за адміністрацыяй. Шэйман па сутнасьці, толькі ўжо ў другой іпастасі, усё роўна будзе курыраваць расьледаваньне гэтых гучных спраў і для яго таямніцы сьледства не існуе і не будзе існаваць. Усё роўна - усё застаецца ў руках Шэймана."

Жонка зьніклага апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар лічыць, што сытуацыя не мяняецца, Віктар Шэйман усё роўна застаецца пры прэзыдэнце. Але яна верыць, што справы зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі будуць завершаныя.

(Ганчар: ) "Я вельмі добра памятаю словы спадара Пургурыдэса, які сказаў, што усё роўна давядзе гэтыя справы да канца. Я веру ў гэтыя словы і веру спадару Пургурыдэсу. Я не сумняваюся - ціск на ўладу будзе аказаны належным чынам."

Старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч коратка адрэагаваў на перастаноўку Віктара Шэймана.

(Васілевіч) "Усе прызначэньні, якія робіць прэзыдэнт- гэта ў адпаведнасьці з яго паўнамоцтвамі. Я хацеў бы абмежавацца такім камэнтаром."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG