Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд скаргі Юшчанкі ў Вярхоўным судзе і адстаўкі людзей з асяродку Януковіча


Валер Каліноўскі, Кіеў Вынік разгляду поўным складам калегіі грамадзянскіх справаў Вярхоўнага суду Ўкраіны скаргаў наконт фальсыфікацыі вынікаў выбараў прэзыдэнта Ўкраіны можа альбо перавесьці пасьлявыбарную крызісную сытуацыю ва Ўкраіне ў больш спакойнае рэчышча альбо абвастрыць сытуацыю.

Кіраўнік перадвыбачага штабу прэм’ера Віктара Януковіча Сяргей Цыгіпка сёньня афіцыйна завяршыў свае паўнамоцтвы ў штабе і адначасова падаў у адстаўку з пасады кіраўніка Нацбанка Украіны. Прычынаў ён не патлумачыў, сказаўшы, што прысьвяціць сябе палітыцы. Сёньня ж быў адстаўлены чарговы тэлекіраўнік Сяргей Кісялёў з тэлеканала ICTV. Абодва лічацца людзьмі зяця Кучмы алігарха Віктара Пінчука.

Магчыма, Пінчук такім чынам дэманструе гатовасьць да пераменаў і перамоваў з камандай Юшчанкі - лічаць незалежныя назіральнікі ў Кіеве. Адстаўка кіраўніка Нацбанка ў час калі, выявілася пагроза стабільнасьці валюты, калі бюджэт Украіны за тыдзень страціў больш за мільярд грывень, калі пачаліся неплацяжы за энэрганосьбіты, выглядае нелягічнай.

Аднак самай сур’ёзнай пагрозай застаецца імкненьне кіраўніцтва Данецкай і некаторых іншых усходніх абласьцей да аўтаноміі або нават аддзяленьня ад Украіны. Дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма, які ўчора сустракаўся з Віктарам Юшчанкам, сёньня прымаў Віктара Януковіча разам з губэрнатарамі-раскольнікамі. Нейкіх жорсткіх захадаў да іх ён ня ўжыў, а толькі заклікаў зьберагчы адзінства Украіны.

Такім чынам, Кучма, які мае фармальныя паўнамоцтвы, пакуль не зрабіў істотных захадаў для ўрэгуляваньні сытуацыі.

Накал эмоцыяў нарастае – Камітэт нацыянальнага выратаваньня вылучыў Кучму ўльтыматум наконт тэрміновай адстаўкі Януковіча і губэрнатараў-сэпаратыстаў. На заўтра гэтыя ж пытантьні будуць вынесеныя на разгляд Вярхоўнай Рады.

“Пры такім накале эмоцыяў у грамадзтве лягічным працягам зьяўляецца грамадзянская вайна”, - заявіў прадстаўнік Віктара Януковіча ў ЦВК Сьцяпан Гаўрыш. Першыя прыклады жорскага процістаяньня зьявіліся на ўсходзе Украіны.

У Луганску прыхільнікі Януковіча жостка пабілі і абрабавалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў мітынгу ў падтрымку Віктара Юшчанкі. Нападнікі білі малаткамі і нагамі. Адзін з пацярпелых атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і знаходзіцца ў апэрацыйнай.
XS
SM
MD
LG