Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваных у забойстве рэдактара расейскай вэрсіі часопісу “Форбс” Пола Хлебнікава ўтрымлівае КГБ Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія міліцыянты затрымалі ў Менску двух чачэнцаў, якіх расейскія сьледчыя лічаць падазраванымі ў забойстве рэдактара расейскай вэрсіі часопісу “Форбс” Пола Хлебнікава.

Імя забітага Пола Хлебнікава працягвае заставацца ў крымінальных хроніках. Цяпер у сувязі з тым, што ў Менску арыштавалі галоўных падазраваных у ягоным забойстве. Факт затрыманьня пацьвердзілі ў прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў, але па падрабязнасьці скіравалі ў КГБ Беларусі, паколькі затрыманыя зьмешчаныя ў ізалятар КГБ. Між тым, кантактныя тэлефоны КГБ маўчаць.

Пакуль разыходзяцца зьвесткі пра колькасьць затрыманых. Паводле адных зьвестак, арыштаваныя два чачэнцы — Казбэк Дукузаў і Муса Вахаеў. Паводле іншых крыніцаў, затрыманыя яшчэ два чалавекі, у тым ліку расейскі спартовец Валід Агаеў. Ягоныя адбіткі пальцаў нібыта знайшлі ў аўтамабілі, у якім наёмныя забойцы пільнавалі Пола Хлебнікава, сьцьвярджаюць сьледчыя.

Вядома, што сваякі Пола Хлебнікава неаднаразова наракалі на замаруджваньне сьледзтва і падкрэсьлівалі, што прапанаваная сьледчымі вэрсія пра “чачэнскі сьлед” не адказвае на пытаньне, хто замовіў забойства. Пра гэта ў тым ліку казаў у тэлевізійнай праграме “Совершенно секретно” брат забітага журналіста Майкл Хлебнікаў. Праграму паказаў расейскі тэлеканал НТВ 26 лістапада. А што думаюць адносна працы сьледчых у рэдакцыі часопісу “Форбс”? Гэтае пытаньне я задаў Максіму Кашулінскаму, які са жніўня ёсьць галоўным рэдактарам часопісу.

(Кашулінскі: ) “Я зь імі даўно не размаўляў, але тады яны ўвесь час нечага шукалі, высьвятлялі. Ва ўсялякім разе, у мяне не было ўражаньня, што сьледчыя спынілі расьсьледаваньне, хутчэй наадварот”.

Рэдактар расейскай вэрсіі “Форбс” Максім Кашулінскі адмовіўся камэнтаваць вэрсію аб магчымай датычнасьці чачэнскай мафіі да забойства Пола Хлебнікава.

Паводле зьвестак зь беларускай міліцыі, арыштаваных у Менску падазраваных у забойстве чачэнцаў неўзабаве зьбіраюцца перадаць расейскаму боку.

Амэрыканскі журналіст з расейскімі каранямі Пол Хлебнікаў зь сярэдзіны 1990-х гадоў пасьпяхова рэдагаваў расейскую вэрсію часопісу “Форбс”, вядомага найперш з прычыны скандальных публікацыяў пра самых багатых людзей сьвету. Таксама Пол Хлебнікаў надрукаваў некалькі кніг пра карупцыю ў найвышэйшых эшалёнах расейскай улады. Паводле адной з вэрсіяў, менавіта помстай за публікацыю непажаданых зьвестак і стала забойства журналіста 9 ліпеня ў Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG