Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія прадпрымальнікі нічога не дабіліся ў старшыні гарвыканкаму


Міхал Карневіч, Горадня Гарадзенскія прадпрымальнікі падчас несанкцыянаванай акцыі не дабіліся ў старшыні гарвыканкаму адмены на ўстаноўку касавых апаратаў. А ў сераду адбудзецца суд над Зьмітром Іваноўскім, старшынём “Гарадзенскага выбару”, якога абвінавачваюць у распаўсюдзе ўлётак з заклікамі да несанкцыянаванага ўладамі мерапрыемства.

А 10-й гадзіне раніцы на плошчы Леніна ў Горадні пачалі зьбірацца прадпрымальнікі з гарадзенскіх рынкаў. Іх было каля 60 чалавек. Меркавалася, што тут адбудзецца збор подпісаў з патрабаваньнямі адмяніць абавязковую ўстаноўку касавых апаратаў. У канцы мінулага тыдня такія ўлёткі распаўсюдзілі на рынках гораду прадстаўнікі дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар”.

Аднак плошча ўжо была ачэплена міліцыянтамі. Яны і выціснулі тых, што сабраліся ў парк Жылібэра. Празь некаторы час да прадпрымальнікаў выйшаў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка і запрасіў 15 прадстаўнікоў у свой кабінэт. Прадпрымальнікам было патлумачана, што дзейнага заканадаўства аб увядзеньні касавых апаратаў ніхто адмяняць ня будзе. У гэтыя дні павінна працаваць спэцыяльная камісія, якая і вызначыць, каму трэба ўстанавіць касавыя апараты. Вядома, што гэта ўжо абавязкова неабходна зрабіць гандлярам скурай, бытавой тэхнікай і гадзіньнікамі. На гэтым размова і скончылася.

Тым часам з раніцы павінен быў адбыцца суд над Зьмітром Іваноўскім, якога вінавацяць у распаўдзе ўлётак з заклікамі да прадпрымальнікаў прыйсьці на плошчу Леніна, паставіць свае подпісы пад патрабаваньнямі супраць абавязковай устаноўкі касавых апаратаў і выказаць недавер мясцовым уладам. Суд перанесены на сераду з прычыны таго, што адвакат ня здолеў азнаёміцца са справай.
XS
SM
MD
LG