Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “А хто будзе Юшчанкам у нас?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў “Ці могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі ў Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?” Свае меркаваньні на гэты конт выказваюць жыхары горада Магілёва.

(Спадар: ) “Па-мойму, могуць. Народ супраць Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Не, у нас такога не будзе. Беларусы – мірны народ. Яны абіраюць свайго прэзідэнта, і ўжо абралі Лукашэнку”.

(Спадар: ) “Мяркую, што не. Проста цяпер няма на палітычнай сцэне чалавека, які мог бы сапернічаць з Лукашэнкам”.

(Спадар: ) “Таму што ў нас няма такой моцнай апазыцыі, якая б магла супрацьпаставіць нешта цяперашняй уладзе і магла б узняць народ. Проста людзі гэтым займацца не будуць”.

(Спадар: ) “Мы яшчэ для гэтага не сасьпелі. Заходняя Ўкраіна ёсьць Заходняя Ўкраіна”.

(Спадар: ) “А хто яго ведае – можа, і адрозьніваемся. Проста такі народ прыціснуты болей. У нас нібыта не павінна быць”.

(Спадарыня: ) “Нацыя вельмі спакойная. Можа быць. Зацішша перад бурай? Не ведаю”.

(Спадар: ) “Давайце думаць пра добрае, не будзем думаць пра дубінкі. Не хацелася б, каб быў паўтор таго, што было ў Менску пасьля рэферэндума”.

(Спадар: ) “Напэўна, не. Большасьць народу цалкам задаволена становішчам, якое існуе, і мяняць нешта не зьбіраецца”.

(Спадар: ) “У нас неяк прасьцей, чым у іх. Народ больш цягнецца да прэзідэнта. А там, відаць, нешта не тое”.

(Кар.: ) “У Беларусі ў 2006-м годзе таксама будуць прэзідэнцкія выбары. Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці магчыма паўтарэньне ўкраінскіх падзеяў тут у нас, у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Не магу прагназаваць, але – не, не думаю. Хочацца, ва ўсякім разе, верыць, што так не будзе. Таму што ў мяне дзеці, у мяне сям”я. Мне хочацца, каб мірна было ў нашай рэспубліцы, усё было добра, і каб людзі выявілі і мудрасьць, і цярплівасьць, і разуменьне. Увогуле, хочацца міра!

(Спадар: ) “У нас такая больш-менш стабільнасьць. У нас такога не будзе. У нас народ да гэтага не схільны”.

(Спадарыня: ) “Я так лічу, што ў нас людзі больш самастойныя, чым там”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што не. Проста няма ў нас таго чалавека, які б мог прэтэндаваць на ўладу. Вось пакажыце! Паказалі б яго народу, абнародвалі, вось тады можа і былі б меркаваньні. А так? Як можна выбіраць паміж некім і нічым?”

(Спадар: ) “Я лічу, немагчыма. Таму што… А хто будзе “Юшчанкам” у нас?”

(Кар.: ) “А хто будзе народам?”

(Спадар: ) “Народам хто-небудзь можа і будзе, а “Юшчанкам” – пакуль не!”

Людзі на вуліцах Магілёва адказвалі на пытаньне “Ці могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі ў Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?”
XS
SM
MD
LG