Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 сьнежня плата за абслугоўваньне кватэраў падвышаецца больш як на 22%


Галіна Абакунчык, Менск Пастановай ураду краіны з 1 сьнежня на 22,4% падвышаецца памер кватэрнай платы ў частцы тэхнічнага абслугоўваньня жылых дамоў. Кошт абслугоўваньня аднаго квадратнага мэтра агульнай плошчы павялічваецца на 29 рублёў і складзе 154 беларускія рублі. Камунальныя плацяжы за двух-трохпакаёвую кватэру ўзрастуць да 100 тысяч беларускіх рублёў.

У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі асабліва падкрэсьліваюць, што падвышаецца толькі кошт тэхнічнага абслугоўваньня кватэраў і ў межах, якія ўсталяваў Аляксандар Лукашэнка. Гаворыць кіраўнік управы эканомікі Ўладзімер Кісялёў:

(Кісялёў: ) “Падвышаецца кошт толькі аднаго віду паслугаў — тэхнічнага абслугоўваньня: прыборка пад’ездаў, асьвятленьне месцаў агульнага карыстаньня й гэтак далей. Прэзыдэнт абмежаваў падвышэньне коштаў на камунальныя паслугі 4–5 далярамі. Сёлета мы да 5 даляраў не дабіралі, а таму стаўку за тэхабслугоўваньне й павялічылі зь 1 сьнежня”.

Паводле спадара Кісялёва, гэткімі ж тэмпамі рост кошту камунальных паслугаў прадоўжыцца і ў наступным годзе. Аднак незалежныя эканамісты заяўляюць, што ўлады будуць намагацца найхутчэй кампэнсаваць выдаткі, зьвязаныя з падвышэньнем заробкаў і пэнсіяў. Гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Насамрэч, калі сёньня яны не падвысілі кошты на цяпло ці электраэнэргію, дык гэта ня значыць, што ня зробяць гэта, да прыкладу, у студзені. Але чалавеку, які ідзе плаціць за сваю кватэру, яму ўсё роўна, пад якім соўсам забіраюць ягоныя грошы: у якасьці аплаты за энэрганосьбіты ці тэхнічнае абслугоўваньне. Гэткім чынам, рост заробкаў, пэнсіяў напачатку лістапада, ён будзе ўвесь накіраваны на кампэнсацыю падвышэньня коштаў дзяржавай”.

Паводле спадара Раманчука, акрамя таго, улады пастараюцца найхутчэй дасягнуць сваіх жа плянаў забясьпечыць кампэнсацыю камунальных паслугаў з боку насельніцтва на 100%. У адпаведнасьці зь бюджэтам на 2004 год, цяпер гэтая доля складае 60%.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёлета тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі павялічыліся ў сярэднім на 10 800 рублёў на кожную кватэру. Прадукты харчаваньня за дзевяць месяцаў падаражалі на 9,5%. Двойчы даражаў праезд на гарадзкім транспарце, прыгарадных і міжгародніх аўтобусах, а таксама на чыгунцы.
XS
SM
MD
LG