Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Кіеве - што думаюць украінцы пра еднасьць Украіны


Валер Каліноўскі, Кіеў Учора ў Северскаданецку Луганскай вобласьці прайшоў зьезд дэпутатаў мясцовага самакіраваньня рэгіёнаў Поўдня і Ўсходу Украіны, на якім было вырашана дамагацца аўтаноміі альбо незалежнасьці так званай Паўдзённа-ўсходняй рэспублікі, калі прэзыдэнтам стане Юшчанка, а не Януковіч.

Данецкая абласная рада нават прыняла рашэньне аб правядзеньні 5 сьнежня рэфэрэндума аб статусе Данбасу. Як паставіліся да гэтых рашэньняў жыхары ўсходніх рэгіёнаў, якія знаходзяцца цяпер у Кіеве?

Вялікая група група адэсітаў ходзіць у цэнтры Кіева з незвычайным лёзунгам “Юшчанка – такі так”. Гаворыць студэнтка з адэскага унівэрсытэта:

(Студэнтка) “Я ўчора ехала ў цягніку, запыталіся там аднаго чалавека А ён сказаў - не, я ўкраінец. Насамрэч адэсіты ганарацца тым, што яны, магчыма, асаблівыя, але яны ўсё адно ўкраінцы. Мы ўсе любім Украіну. Бывае людзі ўважаюць, што адэсіты ня ведаюць украінскай мовы, што яны хочуць другую расейскую мову ў якасьці дзяржаўнай. Яны думаюць, што гэта датычыць усіх".

Гэтая студэнтка адзказала па-ўкраінску.

Фэрмэр з Адэскай вобласьці знаходзіцца ў Кіеве другі тыдзень і зьбіраецца стаяць да перамогі, ён перакананы ў тым, што аўтаномія патрэбная не людзям, а ўладам.

(Фэрмэр: ) “Кучму, Януковічу... Толькі ім патрэбная. Больш нікому”.

Мэнэджэр Аляксей родам з таго самага Северскаданецка, дзе прайшоў зьезд сэпаратыстаў-прыхільнікаў Януковіча тлумачыць атмасэфру, якая пануе ў гэтым рэгіёне.

(Аляксей: ) “Тут думаюць вось пра што - Юшчанка - гэта бандэра. Заходнік. І тут менавіта цягне руку Амэрыка, НАТО. І хочуць заціснуць”.

Сэпаратысты вырашылі свой цэнтар зрабіць у Харкаве на прапанову мясцовага губэрнатара Яўгена Кушнарова. Гэтае рашэньне асуджае жыхар Харкава, які жыве ў намётавым гарадку на Храшчаціку ўжо тыдзень.

(Жыхар Харкава: ) “Я магу гаварыць пра Кушнарова. Ён не зьяўляецца абраным губэрнатарам. Гэта чыноўнік, прызначаны гэтай злачыннай уладай. Харкаў гэтага не падтрымлівае. Кожны дзень на мітынгі выходзяць па 100 тысячаў чалавек”.

Львавянін Ігар - прафэсійны сьпявак, расеец паводле нацыянальнасьці, папрасіў запісаць і ягонае меркаваньне:

(Ігар: ) “Гэта – фашыстоўскі шабаш. Я гавару па-расейску, бо я – расеец. Пытаньне ня ў мове. Пытаньне ў сэрцы, у духу”.

Гэткія ж меркаванні ў кіяўлян і жыхароў Заходняй Украіны.

(Галасы: ) “Мы – адзіныя. І ніякага падзелу ва Ўкраіне немагчыма. Пытаньня пра падзел ставіць нельга. Яны баяцца адказнасьці, таму яны хочуць схавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG