Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя галасы пра беларускамоўныя мабільныя тэлефоны, модныя слоўцы, канцэрты замежных зорак і готыку


Франак Вячорка, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Мовай сотавай сувязі Беларусі застаецца расейская. Прадстаўнікі кампаніяў не даюць цямнага тлумачэньня, чаму яны ігнаруюць беларускую. А тым часам мэлёдыі песьняў “NRM” і “Крамбамбуля”, экранныя застаўкі на беларускай мове становяцца ўсё больш папулярнымі. Наш госьць — Віталь, ягонае захапленьне — беларусізацыя тэлефонных апаратаў.

(Віталь: ) “Беларусізацыяй мабільнікаў займаюцца паўтара году ўжо. Сам працэс: зьліваецца зьмесьціва сотавага тэлефону, фул-флэш. Там шукаюцца моўныя рэсурсы, якія звычайна сьціснутыя. Іх дастаткова перавесьці ў чытэльны фармат, каб атрымаць доступ да гэтых рэсурсаў. А зваротны працэс абсалютна такі самы. Перакладзеныя моўныя рэсурсы сьціскаюцца й зноў заліваюцца ў сотавы тэлефон”.

(Карэспандэнт: ) “Складанасьці зь перакладам, ці ёсьць яны? Я маю на ўвазе “ў” — ці адэкватна мабільнік успрымае?”

(Віталь: ) “Праблема такая была, але можна, так бы мовіць, атрымаць доступ да рэдагаваньня шрыфта і, адпаведна, замест пэўнага спэцыфічнага сымбалю намаляваць “ў” Адна праблема, фактычна — гэта сам працэс перакладу. Лінгвістычныя цяжкасьці, бо тут трэба перакладаць так, каб радок быў кароткі, каб улазіў у экран сотавага тэлефону. Калі перакладаць на звычайны друкаваны тэкст, моўныя рэсурсы сотавага тэлефону складаюць прыблізна 50 аркушаў фармату А4”.

(Карэспандэнт: ) “Якія мадэлі й якіх вытворцаў сотавых тэлефонаў цяжэй, а якія лягчэй беларусізаваць?”

(Віталь: ) “Прасьцей за ўсё беларусізаваць тэлефоны “Siemens”. Якраз-такі з-за таго, што для рэдагаваньня моўных рэсурсаў ёсьць адмысловыя праграмы. А цяжэй за ўсё, на маё меркаваньне, тэлефоны “Motorola”. Уласна мне ў тэлефонах “Motorola” ўдалося толькі распакаваць тыя моўныя рэсурсы, але запампаваць іх зноў тэлефон, на вялікі жаль, не. На гэты момант у мяне няма такіх ведаў, каб гэта зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі такая паслуга запатрабаваная ў сёньняшняй Беларусі?”

(Віталь: ) “Кліентаў у мяне няма. Я гэтым ніколі не займаўся дзеля атрыманьня ўласнай выгады. Нават калі гэта паставіць на камэрцыйную аснову, вялікага попыту ня будзе. Плаціць за тое, што іх мабільнік будзе абсалютна беларускамоўны, шмат хто ня згодзіцца, а, па-другое, папросту ня варта забывацца пра тое, што беларусізацыя сотавых тэлефонаў цягне аўтаматычнае пазбаўленьне гарантыі, на што шмат хто ня згодзіцца”.

(Карэспандэнт: ) “У любым горадзе ёсьць дастаткова сэрвісных цэнтраў, якія абслугоўваюць мабільныя тэлефоны. Вы не спрабавалі нейкім чынам наладзіць зь імі кантакт, каб беларусізацыя мабільных тэлефонаў стала адной з паслугаў гэтых сэрвісных цэнтраў?”

(Віталь: ) “Я не спрабаваў навязаць стасункаў з сэрвіснымі цэнтрамі, але мяркую, што яны бы не прынялі гэтай ідэі, таму што яны ня бачаць выгады ў гэтым. І ў прынцыпе, я іх разумею. Тым больш, што легальна, адкрыта гэтым займацца, асабліва ў буйных памерах, гэта ня вельмі бясьпечна. Цэнтры маюць ліцэнзію на рамонт, але ніхто, акрамя сваіх вытворцаў, ня мае права зьмяняць праграму забесьпячэньня сотавых тэлефонаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вядомая рэакцыя прадстаўнікоў тых кампаніяў, якія вырабляюць мабільныя тэлефоны, на тое, што моладзь беларусізуе іх апараты?”

(Віталь: ) “Рэакцыя невядомая, і ў мяне такое адчуваньне, што яны ня ведаюць, таму што гэта занятак усё ж такі ня масавы, і наўрад ці інфармацыя пра гэта дайшла да саміх вытворцаў сотавых тэлефонаў. Хутчэй за ўсё, рэакцыя будзе такой самай, як і зь перакладам інтэрфэйсаў сотавых тэлефонаў на ўкраінскую мову. Вытворцы ў сваіх новых мадэлях пачалі выкарыстоўваць гэтыя тэкставыя рэсурсы, і, адпаведна, новыя сотавыя тэлефоны ўжо адразу маюць украінскі інтэрфэйс”.

Гаворкі пра слэнг

Яшчэ адно інтэрвію на лінгвістычна-побытавую тэму. Беларускі моладзевы слэнг — зьява, не дасьледаваная навукоўцамі. А тым часам носьбіты гэтай спэцыфічнай гаворкі працягваюць прыдумляць новыя словы. Запас наватвораў — некалькі тысяч.

Кацярына Сырамалот прысьвяціла сваю навуковую працу менавіта дасьледаваньню моладзевага слэнгу.

(Сырамалот: ) “Беларускі моладзевы слэнг найперш выяўляецца ў гаворках, у інтэрнэце, у чатах і форумах і, збольшага, на тусоўках. Моладзь робіць словы так, каб ёй было зручна казаць. Можна словы зь іншых моваў перарабляць пад слэнг беларускі й казаць зь беларускім акцэнтам ці зь беларускім вымаўленьнем: “флэт” — ад ангельскага “кватэра”, “мыла” — ад ангельскага “mail”, пошта. Замест ангельскага “nickname” ужываецца беларускае “мяно”. Зусім нядаўна зьявіліся пераробкі кшталту расейскіх “прыкольна”, у беларускім варыянце — “прышпільна”. “Я пашлюхаю гэта заўтра” — тое самае, што й “я паслухаю гэта заўтра”. “Мой комп не фурычыць” — тое ж, што й “мой кампутар не працуе”. Альбо вельмі папулярная сярод моладзі стылізацыя пад трасянку, накпрыклад, “інцярнэт”, “інцярфэйс”.

Моладзі прасьцей называць некаторыя месцы ў горадзе, некаторыя рэчы імёнамі, якія будуць пасьля ўсім зразумелыя. Калі, скажам, “на квадратах”, гэта кажуць пра лаўкі, якія знаходзяцца каля Палацу Рэспублікі й маюць формы квадратаў. “Неба” — малады чалавек зразумее, што гэта пляцоўка ў “Гандлёвым доме на Нямізе” на другім паверсе, пад адкрытым небам. Цікава, “на лесьбіянках” — гэта фантан у сквэры Янкі Купалы зь дзьвюма дзяўчынамі, якія пускаюць вянкі. “Тройка” — гэта набярэжная частка Траецкага прадмесьця. “Філара” альбо “Філа” — гэта тое ж самае, што месца насупраць філярмоніі. За філярмоніяй называецца “На камушках”. “Пуп зямлі” — гэта нулявы кілямэтар у Менску”.

(Карэспандэнт: ) “У беларускім моладзевым слэнгу ёсьць нейкая група словаў, зьвязаная з палітыкай? Зь нейкімі арганізацыямі, партыямі, з канкрэтнымі асобамі?”

(Сырамалот: ) “Гэта збольшага зьвязана з палітычнымі акцыямі, якія ладзяцца на вуліцы: “касманаўты” — гэта назва міліцыянтаў, амонаўцаў у такіх шаломах, якія вельмі нагадваюць скафандры. Прадстаўнікоў моладзевага руху “Зубр” вельмі часта называюць “бабрамі”. Зубры, бабры — таксама зьвяры, падобныя па вымаўленьні й рыфмуюцца вельмі добра”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы будзеце размаўляць выключна на слэнгу, а я на звычайнай беларускай мове, нам спатрэбіцца перакладчык?”

(Сырамалот: ) “Перакладчык не патрэбны, бо, калі чалавек проста разьвіты ўсебакова, і ведае некалькі моваў, і знаёмы зь беларускай гісторыяй, то ён без праблемаў зразумее гэты слэнг”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць слоўнік беларускага моладзевага слэнгу?”

(Сырамалот: ) “Пакуль што не. Думаю, што філёлягі пакуль што не заняліся гэтым, альбо проста нам невядомыя іх працы. Я нават не ўяўляю, колькі словаў можа ўваходзіць у моладзевы запас, але я думаю, што вельмі шмат, бо слэнг вельмі дынамічны, ён хутка разьвіваецца, і таму фактычна кожны дзень зьяўляецца некалькі новых словаў, і яны адразу ўваходзяць ва ўжытак”.

(Карэспандэнт: ) “За нейкімі словамі замацавалася канкрэтнае аўтарства, ці яны ўзьнікаюць стыхійна?”

(Сырамалот: ) “Я думаю, што стыхійна, але за некаторымі словамі замацоўваецца аўтарства, напрыклад, “прынтар” — па-беларуску мы думалі, як назваць, у выніку вырашылі называць яго “друкер”. Вырашылі, што гэта найбольш падыходзіць. Таму ёсьць у гэтага слова ёсьць аўтарства”.

(Карэспандэнт: ) “Вы выдумалі слова, прынесьлі яго ў тусоўку. Рэакцыя людзей на словы — якая яна?”

(Сырамалот: ) “Філёлягі вывучаюць мову нармаваную, і, калі яны нейкае новае слова прыносяць, гэтае слова ўсе павінны абмеркаваць, паглядзець нейкім чынам на яго ва ўжываньні. У беларускай моладзевай тусоўцы, калі прыносіцца новае слова, нехта яго можа прыняць, нехта не прыняць, нехта — зрабіць нейкі іншы варыянт. Паколькі гэта мова ненармаваная, то існуе нейкі шэраг варыянтаў, зь якіх можна выбіраць, і кожны можа выбраць тое, што яму больш падыходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Слэнг, у сэнсе моўнай сытуацыі у Беларусі, якую ён ролю адыгрывае? Ён мацуе беларускую мову, альбо, наадварот, як трасянка, разбурае й размывае?”

(Сырамалот: ) “Я думаю, што слэнг усё-ткі нейкім чынам мацуе беларускую мову, ён яе разьвівае”.

Гаворкі пра забароненыя канцэрты

А рынак шоў-бізнэсу тым часам перажывае не найлепшы час. Наступным крокам, пасьля забароны беларускіх гуртоў, стала адмена выступу ўсясьветна вядомых зорак. Жывая легенда блэк-мэталу “Cannibal Corpse” сталася ахвяраю новага палажэньня, што вызначае правілы арганізацыі канцэртаў — органы выканаўчай улады маюць права ствараць мастацка-экспэртныя камісіі, у абавязак якіх уваходзіць папярэдні прагляд праграмаў. Яшчэ адная непрыемнасьць. Нямецкі гурт “Rammstein” выкрэсьліў Беларусь са сьпісу краінаў, у якіх пройдзе іх усходне-эўрапейскае турнэ.

Пра настроі ў асяродку маладых аматараў музыкі мы распыталі мэнэджэра праекту “Я люблю ліцэй” Макса Русьця.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што плянаваўся канцэрт “Cannibal Corpse” — плянаваўся, але, выглядае, што ня будзе. Чаму іхны канцэрт не адбудзецца, хто яго забараніў, якія былі прычыны?”

(Русьць: ) “Натуральна, што гэта ўсё праходзіць празь Міністэрства культуры. Такіх фактычных прычынаў яго забароны не было, але, у прынцыпе, не ўзьнікае пытаньня, што гэта зьвязана з той самай рэформай, якая пачала дзейнічаць у Беларусі з 1 верасьня. Гэта сытуацыя пачалася, як мы памятаем, яшчэ у канцы лета, з такіх забаронаў, як і беларускіх выступоўцаў, таксама й астатніх замежных. Але ў дэмакратычнай краіне ў кожнага чалавека ёсьць права слухаць тое, што яму падабаецца, хадзіць на канцэрты той групы, якая яму падабаецца.

“Cannibal Corpse” — гэта такі своеасаблівы гурт, граюць своеасаблівую музыку і “вытвараюць”, як кажуць, усякія штукі на канцэртах. Могуць там трошкі павычварацца на сцэне, але гэта абсалютна нармальная сытуацыя, асабліва ў краінах Заходняй Эўропы. У нас гэта можа лічыцца неэстэтычным, неэтычным. Была такая нават сытуацыя, калі маці аднаго з фанатаў накіравала ліст у міністэрства, дзе напісала, што яе дзіця неадэкватна сябе паводзіць, становіцца нейкім сатаністам і, увогуле, невядома кім, гэта можа стаць у прынцыпе для нашага міністэрства адмазкай для таго, каб забараняць такія гурты.

Я магу прывесьці такі прыклад: вельмі вядомы й папулярны ў Беларусі нямецкі гурт “Rammstein”, у іх быў заплянаваны тур на люты гэтага году па Ўсходняй Эўропе. На афіцыйным іх інтэрнэт-рэсурсе была інфармацыя, што яны плянуюць канцэрт у Менску. Але канцэрт у Беларусі яны адмяняюць. Там прамым тэкстам пісалася, што канцэрту ў Менску ня будзе зь вядомых прычынаў, зьвязаных з нашым прэзыдэнтам. “Rammstein” камэнтуе на сваім сайце так, што, пакуль у нас няма свабоды, свабоды выступаць, паказваць тое, што ты хочаш, людзям, яны нават ня бачаць пэрспэктывы ехаць, бо іх усё роўна забароняць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці карэктна, што чыноўнік вырашае, што ёсьць эстэтычным, а што не?”

(Русьць: ) “Тут відавочна, што гэта абсалютна ненармальная сытуацыя. Тое, чаго ня ведаем, таго баімся. І лепей нам гэта зьнішчыць, каб яно зусім сюды ня трапіла. Шматлікія папсовыя, настолькі пошлыя расейкія гурты кожны дзень даюць канцэрты ў Беларусі, і праблемаў у іх быць ня можа. Такая сытуацыя, што расейскім гуртам можна сюды ехаць, а тым, хто едзе з Эўропы, з Захаду, вельмі вядомыя, ім сюды забараняюць сам уезд. Гэта нейкая палітыка аддзяленьня ад агульнаэўрапейскай культурнай сям’і”.

Гаворкі пра халяву

Чаму ўсясьветна вядомыя зоркі ня цешаць Беларусь сваёй увагай? Адкінем палітычны аспэкт і засяродзімся на эканамічным. Гастраляваць сюды ня так выгадна, як у суседнюю Польшу, альбо Чэхію з Вугоршчынай. А квіткі на канцэрты тых, хто прыяжджае, прадаюцца па адмыслова заніжаных коштах. Праўда, шмат для каго і такія цэны застаюцца астранамічнымі.

Ісак Ньютон некалі вынайшаў, што кожнае дзеяньне нараджае супрацьдзеяньне ў роўнай ступені. Тое самае і тут. Безьбілетнікі — зьява даволі-такі пашыраная. Трапіць на канцэрт без квітка — цэлае майстэрства. Як дасягнуць посьпеху ў гэтай справе, раіць студэнтка аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў Вэраніка.

(Вэраніка: ) “Можна прайсьці ў якасьці самога музыкі, так мне аднойчы удалося зрабіць. Мне далі ў рукі клявішы, і я з ганарліва паднятай галавой прайшла на канцэрт бясплатна. Яшчэ давялося адзін раз прайсьці як фотакарэспандэнт, якім я ўвогуле таксама не зьяўляюся, і я ня ведала, што рабіць, таму што на мяне глядзелі арганізатары, назіралі за маёй працай, каб я фатаграфавала, але ж у мяне не было ні фотаапарату, ні здольнасьцяў, нават не здагадаліся, што я зрабіла нешта ня так”.

(Карэспандэнт: ) “Як часта вы практыкуеце такую рэч, як канцэрты без квіткоў?”

(Вэраніка: ) “Гэта адбываецца, мабыць, чатыры гады. Я забылася, што такое плаціць за канцэрт. Часам я ня ведаю гуртоў, якія будуць удзельнічаць у канцэрце, таму я ня ўпэўненая ў тым, ці я хачу плаціць за іх выступы. Атрымліваецца, што я праходжу на канцэрт бясплатна, мне ня крыўдна, што я патрапіла на канцэрт і аддала свае грошы”.

(Карэспандэнт: ) “А музыкаў вам не шкада? Гэта ж іхныя грошы, гэта іхны хлеб, з гэтага яны жывуць?”

(Вэраніка: ) “Мне шкада іх, але ў нашай краіне шмат людзей, я ведаю, праходзяць менавіта бясплатна. Менавіта ў клюбах, там на канцэрт палова людзей праходзяць бясплатна”.

Карэспандэнт: ) “А чаму так здараецца, што моладзь ідзе на канцэрты без квіткоў? Што імі кіруе, калі яны спрабуюць трапіць на канцэрт бясплатна?”

(Вэраніка: ) “Па-першае, гэта адсутнасьць грошай, а па-другое, халява — гэта некаторым вясёла. Ёсьць людзі, якія ідуць у заклад, і такім чынам яны даказваюць, што прайсьці на канцэрт можна бясплатна”.

Гаворкі пра готыку

Мы працягваем знаёмства з моладзевымі субкультурамі. Гэтым разам — готыка. Запытайцеся ў незаангажаванага чалавека “Хто такія готы?” Вы пачуеце адказ, накшталт: “Гэта змрочныя людзі ў чорным”. Нашая госьця Ганна Зарубава — готка. Яна абвяргае традыцыйныя меркаваньні пра сваіх “супляменьнікаў”.

(Зарубава: ) “Хто такія готы? Гэта людзі, у якіх свая філязофія, свой стыль жыцьця ва ўсім. Мабыць, самы галоўны аспэкт готаў, гэта тое, што яны шукаюць прыгажосьць ва ўсім, нават там, дзе яе, магчыма, знайсьці нельга. Многія готы лічаць, што гэты дзень трэба пражыць так, як быццам бы ён для цябе апошні. Гэта халодныя эмоцыі, пошук прыгожага ва ўсім. Многія готы ходзяць на могілкі, але не для таго, каб нешта разбурыць. А проста пасядзець у ценю й задумацца над сэнсам жыцьця — свайго альбо не свайго, і проста сузіраць прыгожае. А таксама гэта выражэньне сваёй індывідуальнасьці.

Ніколі не мяркуйце пра готыку па готах. Для кожнага яна свая. Для готаў вялікае значэньне мае стыль адзеньня. Гэта чорны колер, можа быць, з дамешкам чырвонага. Можа быць, яшчэ цёмна-фіялетавы, цёмна-зялёны. Таксама срэбныя ўпрыгожваньні, як нелюбоў да золата: гэта супрацьпастаўленьне золату, як нейкім заежджаным каштоўнасьцям гэтага сьвету — мэталу, за які было праліта вельмі шмат крыві. Галоўнае ўпрыгожваньне — гэта крыж Анк. Ён быў пазычаны ў эгіпцян. Гэта сымбаль вечнага жыцьця й бесьсьмяротнасьці душы”.

(Карэспандэнт: ) “Што замінае готам атрымліваць асалоду ад сьветлага, яснага й пазытыўнага?”

(Зарубава: ) “У радасьці вельмі мала бакоў, і гэта вельмі проста. Змрочнасьць — нашмат складанейшая, і можна знайсьці нашмат больш цікавага для сябе”.

(Карэспандэнт: ) “Я ўсё-ткі не магу зразумець, адкуль такі пэсымізм у людзей? Што людзей штурхае да готыкі?”

(Зарубава: ) “Магчыма, нейкія праблемы ў жыцьці. Магчыма, характар, проста чалавек вельмі пэсымістычны па натуры, і ён знаходзіць свой стыль у готыцы. Палітычная сытуацыя ў краіне — вельмі шмат людзей перажывае за сваю краіну, за тое, што ў ёй адбываецца”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, як вашыя бацькі ставяцца да вашага захапленьня?”

(Зарубава: ) “Цяпер мае бацькі ўжо зьмірыліся з гэтым, але спачтку было: “Вось! Ты ва ўсім чорным!” Але пасьля яны зразумелі, што я ўсё роўна буду стаяць на сваім. А я займаюся прафэсійна шыцьцём, і таму я магу не купляць, а пашыць сабе нешта”.

(Карэспандэнт: ) “Прыватнае пытаньне: а сапраўды ў вас увесь гардэроб змрочнага колеру, альбо ёсьць усё ж такі сукенкі сьвятлейшыя, чым чорныя ці зялёныя?”

(Зарубава: ) “Ёсьць, але гэта хутчэй засталося зь мінулых часоў, яны дастаткова старыя, або тыя, якія мяне прымусіла пашыць мая маці. Ведаеце, чорны — вельмі зручна, і бруду не відаць. У мяне вялікая кіпа чорнага колеру, крыху меншая — чырвонага, і зусім маленькая — іншага”.

(Карэспандэнт: ) “Лета. Плюс 30. Плавіцца асфальт. І вы ва ўсім чорным. Пачуцьцё камфортнасьці, ці прыстунічае яно? Ці не ўзьнікае такой здрадніцкай думкі апрануць нешта сьветлае, больш лёгкае?”

(Зарубава: ) “Па-першае, я вельмі мерзну, і, калі на вуліцы плюс 30, мне вельмі добра. А вось зімой — дрэнна. А так цяпер жа ёсьць вельмі лёгкія тканіны, якія могуць нават ахалоджваць, таму такіх праблемаў не ўзьнікае”.

* * * Цікавыя тэмы, ідэі а таксама свае заўвагі да праграмы “Маладыя галасы” накіроўвайце на адрас moladz@tut.by
XS
SM
MD
LG