Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі неўзабаве распачнецца рэалізацыя праекту Глябальнага фонду ў справе прадухіленьня ВІЧ


Ганна Соусь, Менск У Беларусі ў бліжэйшы час будзе істотна зьніжаны кошт прэпаратаў для лячэньня ВІЧ-інфэкцыі. Плянуецца, што ў 2008 годзе каля 400 ВІЧ-пазытыўных хворых бясплатна атрымаюць прэпараты для лячэньня ВІЧ-інфэкцыі, тады як сёлета дзяржава забясьпечвае лекамі толькі 47 хворых на СНІД. За кошт чаго будуць зьніжаныя цэны на прэпараты для лячэньня ВІЧ-інфэкцыі?

Справа ў тым, што ў блізкім часе ў Беларусі распачнецца рэалізацыя праекту Глябальнага фонду ў справе прадухіленьня ВІЧ-СНІД, сухотаў і малярыі. На першыя два гады рэалізацыі гэтага праекту выдаткавана 6, 8 мільёнаў даляраў, і гэта дазволіць істотна зьнізіць кошт лячэньня хворых на ВІЧ-інфэкцыю.

Паводле загадчыцы адзела прафіляктыкі СНІД Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі й грамадзкага здароўя Ліліі Мялешкі, у 2001 годзе лячэньне за кошт дзяржавы атрымлівалі толькі тры хворыя зь ВІЧ-інфэкцыяй, і гэта каштавала дзяржаве больш за 10 тысячаў даляраў на кожнага. Сёлета кошт прэпаратаў для лячэньня ВІЧ-пазытыўных хворых амаль удвая меншы – 5600 даляраў на год. Але гэта таксама шмат. Плянуецца што з рэалізацыяй праекту Глябальнага фонду кошт прэпаратаў у блізкім часе паменшыцца да 2 тысячаў даляраў, а ў 2008 годзе дасягне 500-600 даляраў на год.

Якім чынам і дзе хворыя на ВІЧ-інфэкцыю могуць атрымаць гэтыя лекі? Пра працэдуру атрыманьня лекаў мне распавяла загадчыца аддзяленьнем кансультатыўнай і псыхасацыяльнай дапамогі інфікаваным ВІЧ-СНІД Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзскага здароўя Ларыса Касінская. Усе ВІЧ-інфікаваныя ў Менску знаходзяцца на дыспансэрным уліку ў лекара-інфэкцыяналіста ў кансультатыўна-дыспансэрным кабінэце ў інфэкцыйным шпіталі.

Калі лекары паставяць дыягназ, што ў інфікаванага ВІЧ бессымптомная стадыя перайшла ў клінічную стадыю хваробы, то тады кансыліюм спэцыялістаў прымае рашэньне аб прызначэньні лячэньня. І далей лячэньне вядзецца праз паліклініку па месцы жыхарства, а самі прэпараты закупаюцца ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Гаворыць Ларыса Касінская:

(Касінская: ) “Колькасьць людзей, якія маюць патрэбу ў лячэньні, павялічваецца. Таму што ад пачатку эпідэміі прайшло 20 гадоў. Тыя, хто былі ў бессымптомнай стадыі, ужо пачалі перахадзіць у клінічную стадыю. Сёлета ў нас была прызначана лячэньне 58 хворым, але зь іх рэальна атрымліваюць прэпараты 47 чалавек, таму што нехта адмовіўся, нехта памёр”.

Паводле апошніх дадзеных, усяго ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 6 тысячаў 116 ВІЧ-пазытыўных. Сёлета было выяўлена 102 выпадкі заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй. Большасьць інфікаваных – гэта моладзь ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў, 75 адсоткаў інфікаваных – мужчыны. Асноўнай прычынай заражэньня застаецца ўжываньне наркотыкаў праз ін’екцыі, аднак у апошні час адзначаецца рост інфікаваньня людзей ў выніку сэксуальных кантактаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG