Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку дзейнічае беларуская школа выходнага дня


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак У Наваполацку распачаліся заняткі ў беларускай школе выходнага дня. Што гэта за школа, хто і якія дысцыпліны ў ёй выкладае, каму належыць ідэя стварэньня падобнай школкі?

Вывучаюць наваполацкія шкаляры, перш за ўсё, традыцыйную народную культуру ва ўсіх яе праявах, а таксама гісторыю, этнаграфію і грамадазнаўства. Лішне казаць, што самі заняткі ладзяцца выключна па-беларуску. Ну а каму належыць ідэя стварэньня такой школы, пра гэта распавядзе яе дырэктар Аляксей Кавалёў:

(Кавалёў: ) “Ідэя стварэньня беларускай школы выходнага дня нарадзілася ў асяродзьдзі сябраў гісторыка-культурніцкага клюбу “Княжыч”. Сябры клюбу ня пяршы год займаюцца вывучэньнем гісторыі, этнаграфіі, традыцыйнай народнай культуры. За гэты час назапашана шмат інфармацыі, якую трэба перадаваць маладому пакаленьню”.

Заўважу, што гісторыка-культурніцкі клюб “Княжыч”, пра які згадвае спадар Кавалёў, быў арганізаваны ў 1995 годзе выкладчыкамі й студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ён гуртуе ў сваіх шыхтах неабыякавых да лёсу роднай культуры і мовы маладых людзей.

Сёньняшняе пакаленьне кепска ведае гісторыю сваёй краіны й народную культуру, так што прыклад навапалачанаў варты перайманьня. Што да матэрыяльнага боку арганізацыі падобнай справы, дык мушу адразу сказаць: школа выхаднога дня арганізаваная выключна на грамадзкіх пачатках. Гаворыць Аляксей Кавалёў:

(Кавалёў: ) “Школа – некамэрцыйны праект, ніякіх грошай за навучаньне не бярэм. Заняткі праходзяць па суботах і нядзелях, і займаюцца з вучнямі восем выкладчыкаў: у асноўным, гэта выкладчыкі ўнівэрсытэту й настаўнікі сярэдніх школ гораду. Агулам займаецца сорак чалавек – гэта вучні 6-11 клясаў, прычым, ня толькі з Наваполацку, але таксама з Полацку й Баравухі”.

Вывучэньне этнаграфіі ды народнага фальклёру падбівае прадэманстраваць свае веды, так бы мовіць, “ужывую”. Яшчэ на самым пачатку, калі распрацоўвалася сама канцэпцыя навучаньня, было вырашана, што яно будзе жывым, а не акадэмічным. Вось і ўчарашнім вечарам вучні актыўна рэпэтавалі калядны абрад. Слова дырэктару школы:

(Кавалёў: ) “Зараз рыхтуемся да Калядаў. Зьбіраемся выступіць у школах гораду з аўтэнтычным калядным абрадам – з ваджэньнем казы, сьпевамі, віншаваньнем гаспадароў. Хочам таксама пакалядаваць па навакольных вёсках, дзе яшчэ жывыя народныя традыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG