Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашырэньне Эўразьвязу – на карысьць беларускім турыстам


Ігар Карней, Менск Напярэдадні ў Менску завяршыла працу адзінаццатая выстава “Турбізнэс”, якую самі прадстаўнікі гэтай галіны называюць своеасаблівай турбіржай. Больш за 130 фірмаў з 13 краінаў сьвету, апроч прапановаў на зімовы сэзон, трымалі справаздачу за летні адпачынак. Якімі былі адметнасьці сёлетняй выставы ў параўнаньні з папярэднімі?

Калі казаць пра афіцыйную частку мерапрыемства, то кіраўніцтва міністэрства спорту і турызму ледзьве ня ў дробязях паўтарала тэзісы Аляксандра Лукашэнкі, агучаныя на нядаўняй нарадзе ў справе разьвіцьця ўнутранага турызму. Кіраўнік ведамства Юрый Сівакоў шмат гаварыў пра агра- і водны турызм, выкарыстаньне паляўнічых гаспадарак, акрэсьліўшы іх як стратэгічны накірунак беларускага турбізнэсу. Аднак пакуль што нават тыя, хто адказны за ўвасабленьне гэтых плянаў, акрэсьліваюць іх як разьлічаныя на далёкую пэрспэктыву.

Патэнцыйных турыстаў больш цікавіць пытаньне іншае – што будзе адбывацца на рынку турыстычных паслугаў з улікам далейшага ўмацаваньня эўра адносна даляра? Вось меркаваньне аднаго з адмыслоўцаў, мэнэджэра турыстычнай кампаніі “Магістар Віта” Васіля Грыня:

(Грынь: ) “Калі эўра будзе і надалей расьці ў параўнаньні з далярам, то для нашых людзей, якія прызвычаіліся “завязваць” сваю кішэню і сямейны бюджэт на даляры, натуральна, адпачынак падаражэе. Але наўрад ці курс так моцна скокне, як гэта здарылася мінулай зімой, калі эўра падняўся вельмі моцна”.

А што можна казаць адносна вынікаў сёлетняга летняга турыстычнага сэзону – якія прыярытэты выявіліся ў беларусаў? На гэты конт былі агучаныя афіцыйныя дадзеныя. Калі коратка – Эгіпет і Турэччына цікавяць беларусаў нашмат болей,чым эўрапейскія краіны. Справа, натуральна, у коштах, а таксама ў перавазе адпачынку ля мора перад экскурсійнымі паездкамі.

Толькі за адзін сэзон колькасьць турыстаў, якія выехалі ў Эгіпет, вырасла ў 1,7 разоў, у Турэччыну – у 1,5 разы. А вось колькасьць тых, хто абраў у якасьці адпачынку Італію, зьменшылася на 8%, Францыю – на 36%, Літву – на 20%. У прывязцы да падзеяў ва Ўкраіне можна сказаць, што колькасьць ахвотных адпачыць у суседняй краіне павялічылася амаль у паўтара разы.

Як будуць надалей разьвівацца падзеі, у немалой ступені залежыць і ад захадаў з боку дзяржавы. Савет міністраў ухваліў праект закону “Аб увядзеньні адзінага турыстычнага падатку”, які прадугледжвае дадатковыя зборы ў бюджэт з кожнага турыста – пакуль кажуць пра 10 ці 15 эўра. Але кіраўнік Беларускага турыстычнага Саюзу Уладзімер Макоўскі лічыць, што гэта яшчэ ня горшы варыянт.

(Макоўскі: ) “Прынамсі, мы будзем абароненыя ад падатковай самадзейнасьці мясцовых уладаў. Бо 10 эўра – гэта нішто ў параўнаньні з 10% падатку ў мясцовы бюджэт ад кошту тура, які можа складаць і 150 эўра. Плюс падатак на даданую вартасьць. Вось такімі захадамі цалкам можна “пакласьці” галіну ці загнаць яе на 99% у ценявы абарот”.

Тым ня меней, турыстычныя фірмы актыўна рыхтуюцца да зімовага сэзону – перадусім, прапануючы гарналыжныя туры. Гэтым разам хітом у спалучэньні кошту і якасьці паслугаў абяцае стаць актыўны адпачынак ў Славаччыне. І ўвогуле, як кажа мэнэджэр фірмы “Магістар Віта” Васіль Грынь, працэсы на аб’яднаньне краінаў Эўропы беларускім турыстам ідуць толькі на карысьць.

(Грынь: ) “Калі раней аўтобус з турыстамі, які едзе ў тую ж Нямеччыну ці Францыю, меў праблемы ў пляне чаканьня спачатку на беларуска-польскай мяжы, потым, умоўна кажучы, на польска-шэнгенскай, то аб’яднаньне Эўропы істотна палегчыць падарожжа. Бо час на польска-славацкай мяжы мінімізаваны – толькі праверка пашпартоў. Самыя непрыемныя моманты па-ранейшаму застануцца на нашай мяжы: тут і чаканьне, і дагляды…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG