Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя патрабуе звольніць прэм’ера Януковіча, кіраўнікоў усходніх абласьцей ды пачаць фармаваць урад народнага даверу


Валер Каліноўскі, Кіеў Ва Ўкраіне пайшоў другі тыдзень супрацьстаяньня па выніках прэзыдэнцкіх выбараў. У суботу Вярхоўная рада Ўкраіны прызнала вынікі выбараў нядзейснымі й выказала недавер ЦВК. Тым часам ужо болей за трое сутак шматлікія прыхільнікі Віктара Юшчанкі блякуюць важныя адміністрацыйныя будынкі ў Кіеве, у тым ліку адміністрацыю прэзыдэнта.

Блякаваньне будынкаў адміністрацыі прэзыдэнта й кабінэту міністраў Украіны працягваецца, хаця яго арганізатары пабойваліся, што гэтай ноччу ўлады паспрабуюць сілай зьняць гэтую блякаду. Баяліся яны і правакацыяў, таму каб іх пазьбегнуць дэманстранты сталі да спэцназу, што абараняе адміністрацыю прэзыдэнта, сьпінамі.

Кіраўніцтва камітэту нацыянальнага выратаваньня тым часам праводзіць кансультацыі зь сілавымі структурамі, каб не дапусьціць нейкіх эксцэсаў. А вось перамоўны працэс, запачаткаваны з удзелам прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці, “забуксаваў”. Прайшло толькі адно паседжаньне групы Юшчанкі – Януковіча, якое цягнулася паўтары гадзіны.

У гэтых умовах апазыцыя вылучыла ультыматум да прэзыдэнта Леаніда Кучмы: цягам сутак звольніць прэм’ера Януковіча, унесьці прапановы пра новы склад ЦВК і звольніць кіраўнікоў Данецкай, Луганскай, Харкаўскай абласьцей, а таксама дамагчыся крымінальнай справы супраць іх за сэпаратысцкія настроі, заявы і дзеяньні.

28 лістапада зьявілася інфармацыя, што нейкі зьезд органаў мясцовага самакіраваньня, які адбыўся ў Луганскай вобласьці, прыняў рашэньне правесьці рэфэрэндум аб стварэньні “Паўдзённа-ўсходняй рэспублікі”, калі ня будзе прызнаная перамога Віктара Януковіча на выбарах. Я сам глядзеў увесь гэты зьезд па данецкім тэлебачаньні, тэлеканале “Украіна”, і ён нагадаў мне партгасактыў савецкіх часоў – дарэчы, усе гаварылі па-расейску.

Адзначу, што гэты зьезд праігнаравала кіраўніцтва Крыму, і нават мясцовай Северска-Данецкай рады. Арганізавалі ўсё гэта людзі, прызначаныя прэзыдэнтам Леанідам Кучмай і набліжаныя для яго, што дало падставы апазыцыі – у прыватнасьці, Юліі Цімашэнцы – заявіць пра тое, што ўсё гэта заплянаваная Леанідам Кучмай аўтаномія альбо нейкая новая дзяржава, дзе ён з паплечнікамі мог бы схавацца ад адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў і іншыя парушэньні, якія былі дапушчаныя цягам апошніх дзён.

Трэба прызнаць, што гэта быў ня зьезд усіх радаў, а хутчэй за ўсё партыйны зьезд, бо там былі перш за ўсё прыхільнікі Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча.

Гэтыя заявы маглі б разглядацца ўсяго толькі як пагроза сэпаратызму, пагроза рэфэрэндуму, аднак учора позна ўвечары Данецкая абласная рада ўжо прызначыла рэфэрэндум наконт статусу вобласьці і вырашыла стварыць участковыя, тэрытарыяльныя камісіі наконт ягонага правядзеньня. Цікава, што рада пры гэтым заявіла, аб нейкім праве на самавызначэньне Данбасу, нібыта ёсьць нейкая асобная нацыя. Данецкія сэпаратысты падтрымліваюцца Расеяй. Ролю Юрыя Лужкова на гэтым зьезьдзе прадстаўнік апазыцыі Анатоль Кінах ацаніў як “правакацыйную і недастойную”.

29 лістапада мае адбыцца паседжаньне вярхоўнага суду Ўкраіны – ён мае разгледзець скаргу Віктара Юшчанкі наконт выбараў. Юрысты ўжо актыўна ацэньваюць, якія рашэньні можа прыняць Вярхоўны суд. Паседжаньне пачынаецца сёньня аб адзінаццатай гадзіне. Юрысты кажуць пра два магчымыя варыянты: хуткі й доўгі. Суд можа прыняць да ўвагі бязьдзейнасьць ЦВК, якая не разгледзела скаргаў наконт выбараў да моманту падвядзеньня іхных вынікаў. Гэтага дастаткова, каб скасаваць рашэньне ЦВК Вярхоўным судом. Іншы варыянт – калі суд пачне вывучаць сутнасьць прэтэнзіяў наконт фальсыфікацыяў. Гэтакіх скаргаў паступіла каля 11 тысячаў. Тады, безумоўна, працэс зацягнецца.

Усе разьлічваюць, што менавіта Вярхоўны суд дазволіць неяк астудзіць жарсьці, але апазыцыя, маючы цяпер большасьць у Вярхоўнай радзе, сёньня плянуе сабраць нечарговую сэсію парлямэнту, каб выказаць недавер ураду, звольніць генэральнага пракурора Ўкраіны Васільева і пачаць фармаваць урад народнага даверу. Сэсія парлямэнту можа пачацца сёньня а 16-й гадзіне, калі ўсе фракцыі прыйдуць да згоды.

Надвор’е ў Кіеве – ад -1да -3 градусаў марозу, за вакном ляжыць сьнег, але сьнегападу няма. Гэта значыць што будзе менш-больш суха, і дэманстранты здолеюць трываць на вуліцы без асаблівых цяжкасьцяў і надалей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG