Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

29 лістапада 1961 году быў узарваны Гарадзенскі фарны касьцёл


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 28 і 29 лістапада

Учорашні дзень у Беларусі традыцыйна называлі Піліпаўкай. 28 лістапада ў праваслаўных пачынаецца апошні ў годзе пост – Піліпаўскі або Калядны, які мусіць працягвацца да Калядаў. Казалі, што гэтай парой ваўкі зьбіраюцца ў зграі. Згадваецца радок зь Янкі Купалы: “На Піліпаўку воўк нема вые”... Доўгімі піліпаўскімі вечарамі беларускія сяляне рабілі сваю работу па хатах: мужчыны займаліся рамёствамі, а жанчыны пралі кудзелю.

28 лістапада 1923 году было заснаванае літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”. Праіснавала яно ўсяго пяць гадоў, але ўвайшло ў гісторыю як першая й найбольш масавая пісьменьніцкая арганізацыя. Філіі “Маладняка“ існавалі па ўсёй Беларусі, а таксама ў Латвіі, Расеі і Чэхіі. Ініцыятарамі аб’яднаньня выступілі Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка і Язэп Пушча. “Маладняк” усімі сіламі імкнуўся адпавядаць сваёй назьве, заклікаў да рэвалюцыйнай перамены сьвету і да таго, каб пісьменьнікаў старой фармацыі скінуць з карабля гісторыі. За гэта творчасьць маладнякоўцаў старэйшыя літаратары называлі “бурапеннай”. Рэвалюцыйны энтузіязм ня выратаваў “Маладняк”, і ў 30-я гады большасьць сяброў гэтай арганізацыі былі рэпрэсаваныя.

Учорашні дзень у розныя гады даў сьвету цэлае сузор’е таленавітых літаратараў, сярод якіх ангелец Уільям Блэйк, француз Праспэр Мэрымэ, расеец Аляксандар Блок, аўстрыец Стэфан Цвэйг, італьянец Альбэрта Маравія...

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

29 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Мацей. Менавіта ў гэты дзень здараліся адлігі, адкуль і пайшла народная прымаўка: “На Мацея зіма пацее”.

29 лістапада 1938 году ня стала Палуты Бадуновай, бадай, адзінай жанчыны, што ўвайшла ў беларускую гісторыю ХХ стагодзьдзя як палітык. Нарадзілася Палута Бадунова ў Навабеліцы – цяпер гэта гарадзкі раён Гомеля. Вучылася ў Пецярбургу. А ў 1917-м увайшла ў кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады. Пасьля была чальцом эсэраўскай партыі, а з 19 году Палута Бадунова – у Радзе БНР. Калі некаторыя казалі пра аўтаномію ў складзе Расеі, дык Бадунова была за поўную незалежнасьць Беларусі. Якраз яна ад імя БНР вяла перамовы з расейскімі камуністамі. З 1923 году Бадунова жыла ў Празе, куды перамясьцілася кіраўніцтва БНР, а ў 1925 годзе пераехала ў БССР. Працавала настаўніцай у сябе на радзіме ў Гомелі. 29 лістапада 1938 году чэкісты расстралялі яе ў Менску. Было ёй 53 гады.

29 лістапада 1961 году быў узарваны Гарадзенскі фарны касьцёл. Касьцёл прачыстай Маці Божай, які яшчэ мае назву Фара Вітаўта, быў вядомы з 1389 году. Якраз Вялікі князь Вітаўт яго і заснаваў. Гэта быў першы каталіцкі храм у Горадні і самы вялікі каталіцкі касьцёл у Беларусі.
XS
SM
MD
LG