Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявяцца ў беларускім войску капэляны?


Іна Студзінская, Менск У нядзелю ў храме Яна-ваяра, што на тэрыторыі вайсковай часткі № 3310 ўнутраных войскаў МУС Беларусі, адбылося сьвяточнае набажэнства, прысьвечанае пятай гадавіне з дня адкрыцьця храму. Дарэчы, царква Яна-ваяра ў пасёлку Аколіца пад Менскам была першым палкавым храмам, пабудаваным у Беларусі. Зараз у беларускіх вайсковых частках амаль два дзесяткі храмаў, і некалькі яшчэ будуецца. Ці хутка ва ўсіх вайсковых частках зьявяцца свае сьвятары – капэляны?

Да тых часоў, калі ў кожнай вайсковай частцы будзе свой капэлян, яшчэ далёка. Як прызнаўся мне айцец Сергій Кузьмянкоў, які ў Беларускім экзархаце курыруе менавіта вайсковыя храмы, пакуль не хапае сьвятароў, бо частак шмат. Дый рыхтаваць капэлянаў пажадана асобна, з улікам спэцыфікі войска. Але храмы будуюцца. Літаральна тыдзень таму адкрылася царква ў Лідзкім памежным атрадзе, перад гэтым – у Берасьцейскім. Днямі да айца Сергія прыходзілі авіятары, якія таксама хочуць пабудаваць царкву.

А вось першы палкавы храм пабудавалі й асьвяцілі 5 гадоў таму ва ўнутраных войсках. Дарэчы, 10 гадоў таму камандуючы ўнутраных войскаў першым запрасіў праваслаўнага сьвятара на ўрачыстую цырымонію прысягі. Цяпер ва унутраных войсках тры храмы, і два будуюцца.

Учора сьвяточную літургію ў царкве Яна-ваяра служыў мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усёй Беларусі Філарэт. Пасьля літургіі адбыўся крыжовы ход.

Як наагул ставяцца камандзіры, афіцэры да наяўнасьці храму на тэрыторыі вайсковай часткі – пытаньне складанае. Усё залежыць ад саміх вайскоўцаў, дакладней, ад афіцэраў, камандзіраў. Вось што сказаў айцец Сергій Кузьмянкоў:

(Кузьмянкоў: ) “Усё зараз па-рознаму. Ёсьць такія афіцэры, якія былі вельмі радыя, удзельнічалі ў будаўніцтве храма, ва ўсіх праграмах, праектах. Але ёсьць і іншыя афіцэры, якія ўсё чакаюць, калі зноў уздымецца палітработа ў войску”.

Дарэчы, айцец Сергій, які выступае за свабоду веравызнаньня, так бы мовіць, “у міру”, у цывільным жыцьці прыйшоў да высновы, што ў войску павінна быць па-іншаму. І абгрунтаваў сваё меркаваньне:

(Кузьмянкоў: ) “Мы не хацелі, каб кагосьці пад прымусам у храм заводзілі, але гэта наша памылка. У арміі ўсё было строем – строем у лазьню, строем у сталовую. І таксама строем павінны прыйсьці да храму. Вось тады гэта будзе армія. Але калі кругом строем, а тут як хочаш сабе, гэта няправільна. Мы дазволілі сабе вызначыць такі вольны ўдзел у набажэнствах, таму так і атрымалася. Тыя хлопцы, якія пайшлі ў храм, былі на споведзі, прычашчаліся, калі вярталіся ў сваё падразьдзяленьне, іншыя займаліся, да прыкладу, уборкай. “Ага, дык што – вы будзеце хадзіць маліцца, а астатнія тут будуць прыбірацца?”, афіцэр кажа. “Тады вы духам сьвятым і харчавацца будзеце…”

А ці кантактуюць сьвятары з так званымі нампалітамі, і як да сьвятароў ставяцца вайсковыя ідэолягі? Паводле словаў афіцэра ўнутраных войскаў Паўла Барысава, нампаліты ставяцца да сьвятароў нармальна, у складаных выпадках спрабуюць нават супрацоўнічаць.

(Барысаў: ) “Сьвятар непасрэдна ў войску працуе як псыхоляг у складзе маральна-псыхалягічнага падразьдзяленьня па працы з салдатамі. Дзесьці ў кагосьці нейкая праблема – салдат прыйшоў памаліцца, сьвятар зь ім паразмаўляў. Зараз усе мерапрыемствы – прысяга, Дзень часткі, уручэньне зброі, прыбыла новая тэхніка – ўсё асьвячаецца, усё адбываецца са сьвятарамі. Нават у тых частках, дзе няма храмаў”.

Дарэчы, сьвятар у войску ў многіх дзяржавах мае, як правіла, афіцэрскае і нават генэральскае званьне, а таксама, акрамя рэлігійных функцыяў, адказвае за маральна-псыхалягічны стан вайскоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG