Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца новай Палаце прадстаўнікоў пераканаць прэзыдэнта?


Алесь Дашчынскі, Менск На Савеце Палаты прадстаўнікоў было паднятае пытаньне пра лёс законапраекта аб Нацыянальным сходзе. Гэты законапраект павінен пакласьці пачатак працэсу пашырэньня функцый і паўнамоцтваў парлямэнта.

Як ставяцца ў новаабранай Палаце прадстаўнікоў да праблемы пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнта? На пасяджэньні Савета палаты новы сьпікер Уладзімер Канаплёў параіў не сьпяшацца і пакуль не выносіць гэты законапраект у Авальную залю. Спадар Канаплёў заўважыў, што дэпутаты не павінны патрабаваць ад прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі нейкіх дадатковых паўнамоцтваў для парлямэнта, а паспрабаваць пераканаць прэзыдэнта ў тым, што неабходна пашырыць яго правы і функцыі. У выніку гэты вельмі важны законапраект аб Нацыянальным сходзе ня будзе ўключаны ў парадак дня сэсіі, якая адкрываецца на пачатку сьнежня. Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд нагадвае, што ніводны склад палаты не змог пераканаць прэзыдэнта:

(Навасяд: ) “Гэты законапраект ужо з барадой. Ён нават з Палаты прадстаўнікоў першага скліканьня, недзе там боўтаўся, потым перакачаваў у нашае скліканьне, і зараз ужо трэцяе скліканьне, а гэтае пытаньне так і не вырашана. На самой справе рэч ідзе аб адным з патрабаваньняў эўрапейскай супольнасьці – гэта пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнта. Бо нават усе апошнія чатыры гады, калі палата прадстаўнікоў сустракалася з афіцыйнымі асобамі ў ПАРЭ ці АБСЭ, гэтае пытаньне заўсёды падымалася, таму гэты законапраект вельмі важны для Беларусі”.

Дэпутаты спрабуюць правесьці пытаньне аб незалежным ад прэзыдэнцкай адміністрацыі фінансаваньні, адкрыцьці рахунка, стварэньні асабістай бугальтэрыі Нацыянальнага сходу. Але нават у гэтым кірунку Палата прадстаўнікоў пакуль ня здольная пашырыць свае паўнамоцтвы. Цягам некалькіх гадоў гэтыя пытаньні не ўдаецца ўзгадніць з прэзыдэнцкай адміністрацыяй, тлумачыць старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнту Міхаіл Сасонка.

(Сасонка: ) “Асноўныя пытаньні – гэта пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнта. Усё, што тычыцца тых паўнамоцтваў, што ў межах цяперашняй канстытуцыі, гэта пытаньні сур’ёзныя, значыць трэба ўносіць некаторыя пытаньні на рэфэрэндум, вось і ўсё, адсюль і супярэчнасьці”.

Намесьнік старшыні камісіі Іван Семяненя дадае, што пашырыць паўнамоцтвы парлямэнта сёньня немагчыма.

(Семяненя: ) “Мы цудоўна разумеем, што для таго, каб уносіць зьмяненьні і дапаўненьні ў частцы пашырэньня паўнамоцтваў, неабходна правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму. Але гэта пакуль толькі на ўзроўні размоваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG