Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеў накіроўваецца дэлегацыя польскага Сэйму


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Масква абвінаваціла заходніх, у тым ліку і польскіх, палітыкаў у тым, што яны хочуць дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне, а адзін з расейскіх палітолягаў – Сяргей Маркаў – заявіў нават, што Юшчанку “раскруцілі” палякі разам з Бжэзіньскім, каб не дапусьціць інтэграцыі Эўразьвязу”. Як у Польшчы ўспрынялі гэтыя абвінавачаньні й наколькі іх лічаць аб’ектыўнымі?

З усіх краінаў Эўразьвязу Польшча сапраўды бярэ найбольш актыўны ўдзел у вырашэньні ўкраінскага крызысу, але, як падкрэсьліваюць польскія палітыкі, гэта выкліканае менавіта жаданьнем мець за свайго суседа стабільную й дэмакратычную Ўкраіну.

“Палякі ня могуць адчуваць сябе ў бясьпецы, пакуль Украіна ня будзе вольнай і дэмакратычнай” – гэтыя словы шмат разоў гучалі тут цягам апошняга тыдня. Таму, як выглядае, палякі заўвагамі Масквы ня вельмі пераймаюцца і працягваюць сваю лінію – сёньня раніцай у Кіеў накіроўваецца дэлегацыя польскага Сэйму.

Зрэшты прапаную паслухаць, што сказаў у гэтай справе прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі.

(Квасьнеўскі: ) “Што да Расеі, дык сёньня мы размаўляем з Масквой перадусім як сябра Эўразьвязу. Пазыцыя Масквы, безумоўна, адрозьніваецца ад нашай. Яны лічаць, што выбары прайшлі справядліва і адлюстроўваюць волю ўкраінскага народу. Пуцін нават павіншаваў Януковіча. Ну што ж, тут нашыя погляды на дадзеную падзею не супадаюць”.

А вось у чым сэнс абвінавачаньняў, быццам Зьбігнеў Бжэзіньскі “раскруціў” Юшчанку, каб пашкодзіць Эўразьвязу? Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў заявіў, што былы дарадца прэзыдэнта Картэра Бжэзінські разам з польскімі палітыкамі дапамагаюць Юшчанку перамагчы, каб павялічыць значэньне Польшчы ў Эўразьвязе і не дапусьціць больш цеснай інтэграцыі аб’яднанай Эўропы вакол Бэрліну й Парыжу. Ну і, натуральна, каб адарваць Украіну ад Расеі. Гэтае меркаваньне стала вельмі папулярнае ў Расеі – яго паўсюль надрукавалі.

Вось як пракамэнтаваў для нашага радыё гэтую заяву Славамір Дэмбскі – дырэктар бюро дасьледаваньняў Польскага інстытуту міжнародных справаў:

(Дэмбскі: ) “Гэта абсалютны нонсэнс. Ні Польшча, ні Расея не змаглі б зрабіць тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, калі б гэтага не хацелі самі ўкраінцы, гэтая вялізарная сіла пратэсту, якую яны паказалі. Канешне, некаторыя экспэрты, асабліва расейскія, якія прызвычаіліся да маніпуляваньня ўсім і паўсюль, лічаць, што калі нешта адбываецца ня так, як яны хочуць, дык гэтым ужо нехта маніпулюе. Нонсэнс. Трэба аддаць даніну павагі ўкраінцам, сіле іх пратэсту ды верыць у палітычную сілу гэтага народа”.
XS
SM
MD
LG