Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У памятных мітынгах на Случчыне прынялі ўдзел больш 60 чалавек


Севярын Квяткоўскі, Слуцак Мітынгі, прысьвечаныя 84-м угодкам Слуцкага Збройнага Чыну, адбыліся ў Грозаве, Семежаве, Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада) і Слуцку. Разам у іх удзельнічала больш за 60 чалавек з розных гарадоў Беларусі, а таксама прадстаўнік польскай амбасады ў Менску Марэк Будзько.

У вёсках Грозава й Семежава ад пачатку 1990-х гадоў стаяць памятныя крыжы з выявай “Пагоні” і прысьвячэньнем змагарам за ўладу БНР, якія ў лістападзе 1920 году супрацьстаялі чырвонаму войску.

Акцыя скончылася ў цэнтры Слуцку ля будынку гарадзкога краязнаўчага музэя, дзе ў 1920 годзе Слуцкая рада абвясьціла пачатак узброенага супраціву бальшавікам. Да будынку ўсклалі вянкі і паставілі запаленыя сьвечкі.

У той жа дзень будынак колішняй Слуцкай рады наведала група моладзі з грамадзкай ініцыятывы “Правы альянс” пад бел-чырвона-чорным сьцягам, а таксама група сябраў партыі БНФ пад нацыянальным сьцягам. Варта зазначыць, што цяпер у экспазыцыі слуцкага краязнаўчага музэя няма нават згадкі пра Слуцкі Збройны Чын, хаця напачатку 1990-х гг. да ўгодкаў рэгулярна ладзіліся выставы.

Увечары 27 лістапада моладзь “Правага альянсу” (каля 20 чалавек) зладзіла па цэнтры Слуцку шэсьце з паходнямі.
XS
SM
MD
LG