Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла акцыя салідарнасьці з украінскай апазыцыяй


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты руху “Зубр” і Хартыі-97 арганізавалі 27 лістапада ў цэнтры Менску акцыю салідарнасьці з украінскай апазыцыяй і яе кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Юшчанкам. Некалькі дзясяткаў чалавек з аранжавымі стужкамі цягам гадзіны шпацыравалі па Кастрычніцкай плошчы й праспэкту Скарыны.

А 18 гадзіне ўвечары некалькі дзясяткаў актывістаў руху “Зубр” і грамадзкай ініцыятывы Хартыя-97 сабраліся каля рэстарацыі “McDonalds” на менскім праспэкце Скарыны. На руках і галовах у іх былі павязаныя аранжавыя стужкі. Некаторыя прыйшлі ў шапках і куртках колеру ўкраінскай апазыцыі.

Сярод удзельнікаў акцыі былі праваабаронца Валер Шчукін, драматург Мікалай Халезін, каардынатары Хартыі-97 і “Зубра” Зьміцер Бандарэнка і Алесь Атрошчанкаў, якія зусім нядаўна вярнуліся з Кіева. Вось, што сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “У мяне бацька ўкраінец, маці беларуска, таму пытаньне “каго я люблю больш” можа й недарэчы – хаця безумоўна, я грамадзянін Беларусі. Сёньня ва Ўкраіне ідзе змаганьне за свабоду ня толькі ўкраінскага народа, але й беларускага, і мы павінны быць разам. У знак салідарнасьці з украінцамі, якія змагаюцца за свабоду, мы тут сёньня. Лёзунг “За нашу і вашу свабоду” як ніколі актуальны”.

А вось меркаваньне каардынатара руху “Зубр” Алеся Атрошчанкава:

(Атрошчанкаў: ) “Самае галоўнае, чаго баяцца дыктатарскія рэжымы як у Беларусі, так і ў Украіне – гэта салідарнасьць. І зараз мы выказваем салідарнасьць. Тое што адбываецца ва Ўкраіне – яно тычыцца нас. Перамога дэмакратыі, перамога ўкраінскага народа будзе прыкладам для нас таксама”.

Пасьля некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу й сталі жывым ланцугом. Міліцянты асабліва ім не перашкаджалі, хаця й спрабавалі забраць у ўдзельнікаў акцыі аранжавы сьцяг з надпісам “Так!”. На плошчы я сустрэў супрацоўніцу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Інэсу Кур’ян, што прыйшла туды з маленькім сынам, які сядзеў у вазку трымаў аранжавы балёнік. Вось што яна сказала:

(Кур’ян: ) “Мы цэлы тыдзень сочым за падзеямі ва Ўкраіне. Вельмі хвалюемся, таму што мы ведаем, што перамога Ўкраіны паўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Мы ведаем, што гэта дапаможа людзям пераадолець страх, які ў іх зараз сядзіць вельмі глыбока”.

Удзельнікі акцыі яшчэ некаторы час шпацыравалі па плошчы й па праспэкце, пасьля чаго разышліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG