Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіранах на Віленшчыне прайшло традыцыйнае сьвята ў гонар Францішка Багушэвіча


Тацяна Поклад, Сьвіраны, Віленшчына 27 лістапада на Віленшчыне, на радзіме Францішка Багушэвіча адбылося традыцыйнае восеньскае сьвята, прысьвечанае памяці бацькі беларускай паэзіі. Адметнасьць сёлетняга сьвята– адмысловая тэатральная праграма.

Сьвята ладзіцца ў вёсцы, бліжэйшай да фальварку Сьвіраны пад Вільняй, у якім нарадзіўся Францішак Багушэвіч – бацька беларускай паэзіі. Сьвята сталася традыцыйным: у трэці раз ужо зьбіраецца ўся вёска, усё навакольле. Дарэчы, людзі тут па-ранейшаму так і гавораць на адным зь беларускіх дыялектаў, які тут завецца “па-просту”. На сьвята прыяжджаюць выступоўцы зь Вільні й Беларусі.

Ладзіць сьвята бібліятэка, якая апякуецца памяцьцю Багушэвіча на ягонай радзіме. На бібліятэцы – шыльда, прысьвечаная Багушэвічу. Непадалёк – мэталёвы крыж, усталяваны ў памяць аб песьняры.

А сёньня сьвята было адмысловае, паколькі тут адбывалася незвычайная, унікальная рэч – дэфіле народных строяў, якія прывезла старэйшая супрацоўніца Музэю архітэктуры й побыту Беларусі Ларыса Мятлеўская. Яна – стваральніца і кіраўніца праекту “Ўся Беларусь” – гэта праект, прысьвечаны рэканструкцыі аўтэнтычнага народнага касьцюму.

Таксама выступаў мясцовы лялечны тэатар, які інсцэнаваў верш Францішка Багушэвіча. Ансамбаль “Лянок” віленскай Скарынаўскай школы паказаў сваю літаратурную праграму.

Выдаўся надзвычай прыгожы дзень – ясна, марозна, сьветла – і мясцовыя жыхары былі вельмі ўсьцешаныя магчымасьцю паслухаць беларускія песьні, паглядзець канцэрт, паглядзець паказ народных строяў – атрымалася сапраўднае вясковае сьвята.
XS
SM
MD
LG