Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворкі пра беларускія мабілы, канцэрты, готыку


Франак Вячорка, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”

У гэтым выпуску мы будзем гаварыць пра:

– беларускамоўныя мабільныя тэлефоны. Аматары саматугам перакладаюць моўныя рэсурсы апаратаў сотавай сувязі. Вытворцы пра такія незаконныя дзеяньні нічога ня ведаюць; – паразважаем пра адметнасьці беларускага моладзевага слэнгу. Хто і навошта выдумляе модныя слоўцы? Ці небясьпечны слэнг для літаратурнай мовы? – закранем тэму: канцэрты замежных зорак у Беларусі. Чыноўнікі забаранілі выступ гурта, які грае блэк-мэтал, а другая каманда сама адмовілася ехаць у Беларусь; – мы таксама даведаемся, як можна без квітка патрапіць на канцэрт альбо ў начны клюб. Майстар халявы дзеліцца сакрэтамі, як абысьці грозных ахоўнікаў і пільных квіткарак; – і на завяршэньне – пазнаёмімся з моладзевай субкультурай – готыкай. Людзі ў чорным добраахвотна адмаўляюцца ад станоўчых эмоцыяў і захапляюцца змрочным.

ГАВОРКІ ПРА БЕЛАРУСІЗАЦЫЮ МАБІЛЬНІКАЎ

Мовай сотавай сувязі Беларусі застаецца расейская. Прадстаўнікі кампаніяў не даюць цямнага тлумачэньня, чаму яны ігнаруюць беларускую. А тым часам мэлёдыі песьняў “NRM” і “Крамбамбуля”, экранныя застаўкі на беларускай мове становяцца ўсё больш папулярнымі. Пра ўсё гэта мы ўжо размаўлялі ў “Маладых галасах”. Зноў вяртаемся да тэмы сотавай сувязі. Наш госьць – Віталь. Ягонае захапленьне – беларусізацыя тэлефонных апаратаў.

(Віталь: ) “Беларусізацыяй мабільнікаў займаюцца паўтара гады ўжо. Сам працэс: зьліваецца зьмесьціва сотавага тэлефону, так званага фул-флэш. Там шукаюцца моўныя рэсурсы, якія звычайна сьціснутыя. Іх дастаткова перавесьці ў чытэльны фармат для таго, каб атрымаць доступ да гэтых рэсурсаў. А зваротны працэс абсалютна такі самы. Перакладзеныя моўныя рэсурсы сьціскаюцца й зноў заліваюцца ў сотавы тэлефон”.

(Франак Вячорка: ) “Складанасьці зь перакладам, ці ёсьць яны? Я маю на ўвазе “Ў”. Ці адэкватна мабільнік успрымае?”

(Віталь: ) “Праблема такая была, але можна, так бы мовіць, атрымаць доступ да рэдагаваньня шрыфта, і, адпаведна, замест пэўнага спэцыфічнага сымбалю намаляваць “ў”. Адна праблема, фактычна – гэта сам працэс перакладу. Лінгвістычныя цяжкасьці, бо тут трэба перакладаць так, каб радок быў кароткім, каб улазіў у экран сотавага тэлефону. Калі перакладаць на звычайны друкаваны тэкст, моўныя рэсурсы сотавага тэлефону складаюць прыблізна 50 аркушаў фармату А4”.

(Франак Вячорка: ) “Якія мадэлі й якіх вытворцаў сотавых тэлефонаў цяжэй, а якія лягчэй беларусізаваць?”

(Віталь: ) “Прасьцей за ўсё беларусізаваць тэлефоны Siemens. Якраз-такі з-за таго, што для рэдагаваньня моўных рэсурсаў ёсьць адмысловыя праграмы. А цяжэй за ўсё, на маё меркаваньне – тэлефоны Motorolla. Уласна мне ў тэлефонах Motorolla ўдалося толькі распакаваць тыя моўныя рэсурсы, але запампаваць іх зноў у тэлефон, на вялікі жаль, на гэты момант у мяне няма такіх ведаў, як гэта зрабіць”.

(Франак Вячорка: ) “Наколькі такая паслуга запатрабаваная ў сёньняшняй Беларусі?”

(Віталь: ) “Кліентаў у мяне няма. Я гэтым ніколі не займаўся дзеля атрыманьня ўласнай выгоды. Нават калі гэта паставіць на камэрцыйную аснову – вялікага попыту ня будзе. Плаціць за тое, што іх мабільнік будзе абсалютна беларускамоўны, шмат хто ня згодзіцца, а па-другое, папросту ня варта забывацца пра тое, што беларусізацыя сотавых тэлефонаў мае пад сабой аўтаматычнае пазбаўленьне гарантыі, на што шмат хто ня згодзіцца”.

(Франак Вячорка: ) “У любым горадзе ёсьць дастаткова сэрвісных цэнтраў, якія абслугоўваюць мабільныя тэлефоны. Вы не спрабавалі нейкім чынам наладзіць зь імі кантакт, каб беларусізацыя мабільных тэлефонаў стала адной з паслугаў гэтых сэрвісных цэнтраў?”

(Віталь: ) “Я не спрабаваў наладзіць стасункі з сэрвіснымі цэнтрамі, але мяркую, што яны б не прынялі гэтую ідэю, таму што яны ня бачаць выгоду ў гэтым. І ў прынцыпе, я іх разумею. Тым больш што легальна, адкрыта гэтым займацца, асабліва ў буйных памерах – гэта ня вельмі бясьпечна. Цэнтры маюць ліцэнзію на рамонт, але ніхто, акрамя саміх вытворцаў, ня мае права зьмяняць праграму забесьпячэньня сотавых тэлефонаў”.

(Франак Вячорка: ) “Ці вядомыя рэакцыі прадстаўнікоў тых кампаніяў, якія вырабляюць мабільныя тэлефоны, на тое, што моладзь беларусізуе іх апараты?”

(Віталь: ) “Рэакцыя невядомая, і ў мяне такое адчуваньне, што яны пра гэта нават ня ведаюць, таму што гэта занятак усё ж такі ня масавы, і наўрад ці інфармацыя пра гэта дайшла да саміх вытворцаў сотавых тэлефонаў. Хутчэй за ўсё, рэакцыя будзе такой самай, як і зь перакладам інтэрфэйсаў сотавых тэлефонаў на ўкраінскую мову. Вытворцы ў сваіх новых мадэлях пачалі выкарыстоўваць гэтыя тэкставыя рэсурсы, і, адпаведна, новыя сотавыя тэлефоны ўжо адразу маюць украінскі інтэрфэйс”.

ГАВОРКІ ПРА СЛЭНГ

І яшчэ адно інтэрвію на лінгвістычна-побытавую тэму. Беларускі моладзевы слэнг – зьява, яшчэ не дасьледаваная навукоўцамі. А тым часам носьбіты гэтай спэцыфічнай гаворкі працягваюць прыдумляць новыя словы. Запас наватвораў – некалькі тысячаў.

Кацярына Сырамалот прысьвяціла сваю навуковую працу менавіта дасьледаваньню моладзевага слэнгу.

(Кацярына Сырамалот: ) “Беларускі моладзевы слэнг найперш за ўсё выяўляецца ў гаворках, у інтэрнэце, у чатах і форумах – і, збольшага, на тусоўках. Моладзь робіць словы так, каб ёй было зручна казаць. Можна словы зь іншых моваў перарабляць пад слэнг беларускі, і казаць зь беларускім акцэнтам ці зь беларускім вымаўленьнем: “флэт” – ад ангельскага “кватэра”, “мыла” – ад ангельскага “mail” – пошта. Замест ангельскага “nickname” ужываецца беларускае “мяно”. Зусім нядаўна зьявіліся пераробкі кшталту расейскіх “прыкольна”, у беларускім варыянце – “прышпільна”. “Я пашлюхаю гэта заўтра” – тое самае, што й “я паслухаю гэта заўтра”. “Мой комп не фурычыць” – тое ж, што й “мой кампутар не працуе”.

Альбо вельмі папулярная сярод моладзі стылізацыя пад трасянку, напрыклад, “інцярнэт”, “інцярфэйс”. Моладзі проста прасьцей называць некаторыя месцы, некаторыя рэчы імёнамі, якія проста будуць пасьля ўсім зразумелыя. Калі, скажам, “на квадратах”, гэта кажуць пра лаўкі, якія знаходзяцца каля Палацу Рэспублікі й маюць формы квадратаў. “Неба” – малады чалавек зразумее, што гэта пляцоўка ў “Гандлёвым доме на Нямізе” на другім паверсе, пад адкрытым небам. Цікава, што “на лезьбіянках” – гэта фантан у сквэры Янкі Купалы зь дзьвюма дзяўчынамі, якія пускаюць вянкі. “Тройка” – гэта набярэжная частка Траецкага прадмесьця. “Філара” альбо “Філа” – гэта тое ж самае, што месца насупраць філярмоніі. За філярмоніяй называецца “На камушках”. “Пуп зямлі” – гэта нулявы кілямэтар у Менску”.

(Франак Вячорка: ) “У беларускім моладзевым слэнгу ёсьць нейкая група словаў, зьвязаная з палітыкай? Зь нейкімі арганізацыямі, партыямі, з канкрэтнымі асобамі?”

(Кацярына Сырамалот: ) “Гэта збольшага зьвязана з палітычнымі акцыямі, якія ладзяцца на вуліцы: “касманаўты” – гэта назва міліцыянтаў, амонаўцаў у такіх шаломах, якія вельмі нагадваюць скафандры. Прадстаўнікоў моладзевага руху “Зубр” вельмі часта называюць “бабрамі”. Зубры, бабры – таксама зьвяры, падобныя па вымаўленьні й рыфмуюцца вельмі добра”.

(Франак Вячорка: ) “Калі вы будзеце размаўляць выключна на слэнгу, а я на звычайнай беларускай мове, нам спатрэбіцца перакладчык?”

(Каця Сырамалот: ) “Перакладчык не патрэбны, бо, калі чалавек проста разьвіты ўсебакова, ведае некалькі моваў і знаёмы зь беларускай гісторыяй, то ён без праблемаў зразумее гэты слэнг”.

(Франак Вячорка: ) “Ёсьць слоўнік беларускага моладзевага слэнгу?”

(Каця Сырамалот: ) “Пакуль што не. Думаю, што філёлягі пакуль што не заняліся гэтым, альбо проста нам невядомыя іх працы. Я нават не ўяўляю, колькі словаў можа ўваходзіць у моладзевы запас, але я думаю, што вельмі багата, бо слэнг вельмі дынамічны, ён хутка разьвіваецца, і таму фактычна кожны дзень зьяўляецца па некалькі новых словаў, і яны адразу ўваходзяць ва ўжытак”.

(Франак Вячорка: ) “За нейкімі словамі замацавалася канкрэтнае аўтарства, ці яны ўзьнікаюць стыхійна?”

(Кацярына Сырамалот: ) “Я думаю, што стыхійна, але за некаторымі словамі замацоўваецца аўтарства, напрыклад, “прынтар” – па-беларуску мы думалі як назваць, у выніку вырашылі называць яго “друкер”. Вырашылі, што гэта найбольш падыходзіць. То бок, у гэтага слова ёсьць аўтарства”.

(Франак Вячорка: ) “Вы выдумалі слова, прынесьлі яго ў тусоўку. Рэакцыя людзей на словы, якая яна?”

(Кацярына Сырамалот: ) “Філёлягі вывучаюць мову нармаваную, і, калі яны нейкае новае слова прыносяць, гэтае слова ўсе павінны абмеркаваць, паглядзець нейкім чынам яго ва ўжываньні. У беларускай моладзевай тусоўцы, калі прыносіцца новае слова, нехта яго можа прыняць, нехта не прыняць, нехта – зрабіць нейкі іншы варыянт. Паколькі гэта мова ненармаваная, то існуе нейкі шэраг варыянтаў, зь якіх можна выбіраць, і кожны можа выбраць тое, што яму больш падыходзіць”.

(Франак Вячорка: ) “Слэнг, у сэнсе моўнай сытуацыі у Беларусі – якую ён ролю адыгрывае? Ён мацуе беларускую мову, альбо, наадварот, як трасянка, разбурае й размывае?”

(Кацярына Сырамалот: ) “Я думаю, што слэнг усё-ткі нейкім чынам мацуе беларускую мову, ён яе разьвівае”.

ГАВОРКІ ПРА ЗАБАРОНЕНЫЯ КАНЦЭРТЫ

А рынак шоў-бізнэсу тым часам перажывае не найлепшыя часы. Наступным крокам пасьля забароны беларускіх гуртоў стала адмена выступу ўсясьветна вядомых зорак. Жывая легенда блэк-мэталу “Cannibal Corpse” сталася ахвяраю новага палажэньня, што вызначае правілы арганізацыі канцэртаў – органы выканаўчай улады маюць права ствараць мастацка-экспэртныя камісіі, у абавязак якіх уваходзіць папярэдні прагляд праграмаў.

Яшчэ адна непрыемнасьць. Нямецкі гурт “Rammstein” выкрэсьліў Беларусь са сьпісу краінаў, па якіх пралягае ўсходнеэўрапейскае турнэ.

Пра настроі ў асяродку маладых аматараў музыкі мы распыталі мэнэджэра праекту “Я люблю ліцэй” Макса Русьця.

(Франак Вячорка: ) “Вядома, што плянаваўся канцэрт “Cannibal Corpse”. Плянаваўся, але выглядае, што яго ня будзе. Чаму іхні канцэрт не адбудзецца, хто яго забараніў, якія былі прычыны?”

(Макс Русьць: ) “Натуральна, што гэта ўсё праходзіць празь Міністэрства культуры. Такіх факталягічных прычынаў яго забароны не было, але, у прынцыпе, не ўзьнікае сумневу, што гэта зьвязана з той самай рэформай, якая пачала дзейнічаць у Беларусі зь першага верасьня. Гэта сытуацыя пачалася, як мы памятаем, яшчэ ў канцы лета, з падобных забаронаў – як беларускіх выступоўцаў, так і астатніх, замежных.

Але ў дэмакратычнай краіне ў кожнага чалавека ёсьць права слухаць тое, што яму падабаецца й хадзіць на канцэрты той групы, якая яму падабаецца. “Cannibal Corpse” – гэта такі своеасаблівы гурт, граюць своеасаблівую музыку, і “вытвараюць”, як кажуць, усякія штукі на канцэртах. Могуць там трошкі павычварацца на сцэне, але гэта абсалютна нармальная сытуацыя, асабліва ў краінах Заходняй Эўропы. У нас гэта можа лічыцца абсалютна неэстэтычным, неэтычным. Была такая нават сытуацыя, калі маці аднаго з фанатаў накіравала ліст у Міністэрства, дзе напісала, што яе дзіцё неадэкватна сябе паводзіць, становіцца нейкім сатаністам і ўвогуле невядома кім – гэта можа стаць у прынцыпе для нашага міністэрства адмазкай для таго, каб забараняць такія гурты.

Я магу прывесьці такі прыклад: вельмі вядомы й папулярны ў Беларусі нямецкі гурт “Rammstein”, у іх быў заплянаваны тур на люты гэтага году па Ўсходняй Эўропе. На іх афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе была інфармацыя, што яны плянуюць канцэрт у Менску. Але канцэрт у Беларусі яны адмяняюць. Там прамым тэкстам пісалася, што канцэрту ў Менску ня будзе па вядомых прычынах, зьвязаных з нашым прэзыдэнтам. “Рамштайн” камэнтуе на сваім сайце так, што, пакуль у нас няма свабоды, свабоды выступаць, паказваць тое, што ты хочаш, людзям, яны нават ня бачаць пэрспэктывы ехаць, бо іх усё роўна забароняць”.

(Франак Вячорка: ) “Ці карэктна, што чыноўнік вырашае, што ёсьць эстэтычным, а што не?”

(Макс Русьць: ) “Тут відавочна, што гэта абсалютна ненармальная сытуацыя. Тое, чаго ня ведаем, таго баімся. І лепей нам гэта зьнішчыць, каб яно зусім сюды на трапіла. Шматлікія папсовыя, настолькі пошлыя расейкія гурты кожны дзень даюць канцэрты ў Беларусі, і праблемаў у іх быць ня можа. Такая сытуацыя, што расейскім гуртам можна сюды ехаць, а тым, хто едзе з Эўропы, з захаду – ім сюды забараняюць сам уезд. Гэта нейкая палітыка аддзяленьня ад агульнаэўрапейскай культурнай сям’і”.

ГАВОРКІ ПРА ХАЛЯВУ

Чаму ўсясьветна вядомыя зоркі не пялегуюць Беларусь сваёй увагай? Адкінем палітычны аспэкт і засяродзімся на эканамічным. Ехаць сюды гастраляваць ня так выгодна, як у суседнюю Польшчу альбо Чэхію з Вугоршчынай. А квіткі на канцэрты тых, хто прыяжджае, прадаюцца па адмысловых заніжаных коштах. Праўда, шмат для каго і такія цэны застаюцца астранамічнымі.

Ісак Ньютан некалі вынайшаў, што кожнае дзеяньне нараджае сабою супрацьдзеяньне ў роўнай ступені. Тое самае і тут. Безьбілетнікі – зьява даволі-такі пашыраная. Трапіць на канцэрт без квітка – гэта цэлае майстэрства. Як дасягнуць посьпеху ў гэтай справе, раіць студэнтка аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў Вераніка.

(Вераніка: ) “Можна прайсьці ў якасьці самога музыкі, так мне аднойчы ўдалося зрабіць. Мне далі ў рукі клявішы, і я з ганарліва паднятай галавой прайшла на канцэрт бясплатна. Яшчэ давялося адзін раз прайсьці як фотакарэспандэнт, якім я ўвогуле таксама не зьяўляюся, і я ня ведала, што рабіць, таму што на мяне глядзелі арганізатары, назіралі за маёй працай, каб я фатаграфавала, але ж у мяне не было ані фотаапарату, ані здольнасьцяў, нават не здагадаліся, што я зрабіла нешта ня так”.

(Франак Вячорка: ) “Як часта вы практыкуеце такую рэч, як канцэрты без квіткоў?”

(Вераніка: ) “Гэта адбываецца,мабыць, чатыры гады. Я забылася, што такое плаціць за канцэрт. Часам я ня ведаю гурты, якія будуць удзельнічаць у канцэрце, таму я ня ўпэўненая ў тым, ці я хачу плаціць за іх выступы. Атрымліваецца, што я праходжу на канцэрт бясплатна, мне ня крыўдна, што я патрапіла на канцэрт і не аддала свае грошы”.

(Франак Вячорка: ) “А музыкаў вам не шкада? Гэта ж іхнія грошы, гэта іхні хлеб, і з гэтага яны жывуць?”

(Вераніка: ) “Мне шкада іх, але ў нашай краіне шмат людзей, я ведаю, праходзяць менавіта бясплатна. Менавіта ў клюбах, там на канцэрт палова людзей праходзяць бясплатна”.

(Франак Вячорка: ) “А чаму так здараецца, што моладзь ідзе на канцэрты без квіткоў? Што імі кіруе, калі яны спрабуюць трапіць на канцэрт за бясплатна?”

(Вераніка: ) “Па-першае, гэта адсутнасьць грошай, а па-другое, халява – гэта для некаторых весела. Ёсьць людзі, якія заключаюць пары, і такім чынам яны даказваюць, што прайсьці на канцэрт можна бясплатна”.

ГАВОРКІ ПРА ГОТЫКУ

Мы працягваем знаёмства з моладзевымі субкультурамі. Гэтым разам – готыка. Запытайцеся ў незаангажаванага чалавека “Хто такія готы?” Вы пачуеце адказ накшталт: “Гэта змрочныя людзі ў чорным”. Нашая госьця Ганна Зарубава – сама готыка. Яна абвяргае традыцыйныя меркаваньні пра сваіх супляменьнікаў.

(Ганна Зарубава: ) “Хто такія готы? Гэта людзі, у якіх свая філязофія, свой стыль жыцьця ва ўсім. Мабыць, самы галоўны аспэкт готаў, гэта тое, што яны шукаюць прыгажосьць ва ўсім, нават там, дзе яе, магчыма, знайсьці нельга. Многія готы лічаць, што гэты дзень трэба пражыць так, як быццам бы ён для цябе апошні. Гэта халодныя эмоцыі, пошук прыгожага ва ўсім. Многія готы ходзяць на могілкі, але не для таго, каб нешта разбурыць. А проста пасядзець у цяні й задумацца над сэнсам жыцьця свайго альбо не свайго, і проста сузіраць прыгожае. А таксама, гэта выражэньне сваёй індывідуальнасьці.

Ніколі не мяркуйце пра готыку па готах. Для кожнага яна свая. Для готаў вялікае значэньне мае стыль адзеньня. Гэта чорны колер – можа быць, з дамешкам чырвонага. Можа быць яшчэ цёмна-фіялетавы, цёмна-зялёны. Таксама срэбныя ўпрыгожваньні, як нелюбоў да золата, гэта супрацьпастаўленьне золату, як нейкім заежджаным каштоўнасьцям гэтага сьвету – мэталю, за які было праліта вельмі шмат крыві. Галоўнае ўпрыгожваньне – гэта крыж Анк. Ён быў пазычаны ў эгіпцян. Гэта сымбаль вечнага жыцьця й неўміручасьці душы”.

(Франак Вячорка: ) “Што замінае готам атрымоўваць асалоду ад сьветлага, яснага й пазытыўнага?”

(Ганна Зарубава: ) “У радасьці вельмі мала бакоў, і гэта вельмі проста. Змрочнасьць – нашмат складаней, і можна знайсьці нашмат больш цікава для сябе”.

(Франак Вячорка: ) “Я ўсё-ткі не магу зразумець, адкуль такі пэсымізм у людзей? Што людзей штурхае да готыкі?”

(Ганна Зарубава: ) “Магчыма, нейкія праблемы ў жыцьці. Магчыма, характар – проста чалавек вельмі пэсымістычны па натуры, і ён знаходзіць свой стыль у готыцы. Палітычная сытуацыя ў краіне – вельмі шмат людзей перажывае за сваю краіну, за тое, што ў ёй адбываецца”.

(Франак Вячорка: ) “Дарэчы, як вашыя бацькі ставяцца да вашага захапленьня?”

(Ганна Зарубава: ) “Цяпер мае бацькі ўжо зьмірыліся з гэтым, але спачатку было: “Вось! Ты ва ўсім чорным!”, але пасьля яны зразумелі, што я ўсё роўна буду стаяць на сваім. А я займаюся прафэсійна шыцьцём, і таму я магу не купляць, а пашыць сабе нешта”.

(Франак Вячорка: ) “Прыватнае пытаньне: а сапраўды ў вас увесь гардэроб змрочнага колеру, альбо ёсьць усё ж такі сукенкі, сьвятлейшыя, чым чорныя ці зялёныя?”

(Ганна Зарубава: ) “Ёсьць, але гэта хутчэй засталося зь мінулых часоў, яны дастаткова старыя, або тыя, якія мяне прымусіла пашыць мая маці. Ведаеце, вельмі зручна, і бруду ня бачна. У мяне вялікая кіпа чорнага колеру, крыху меншая – чырвонага, і зусім маленькая – іншага”.

(Франак Вячорка: ) “Лета. Плюс 30. Плавіцца асфальт. І вы ва ўсім чорным. Пачуцьцё камфортнасьці – ці прысутнічае яно? Ці не ўзьнікае такой здрадніцкай думкі апрануць нешта сьветлае, больш лёгкае?”

(Ганна Зарубава: ) “Па-першае, я вельмі мерзну, і, калі на вуліцы плюс 30, мне вельмі добра. А вось зімой – дрэнна. А так зараз жа ёсьць вельмі лёгкія тканіны, якія могуць нават ахалоджваць, таму такіх праблемаў не ўзьнікае”.

Надышоў час разьвітвацца. На фінале прапанова: цікавыя тэмы, ідэі а таксама свае заўвагі да праграмы “Маладыя галасы” накіроўвайце на адрас moladz@tut.by

З вамі быў Франак Вячорка. Да сустрэчы!”
XS
SM
MD
LG