Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да трох гадоў пагражае хулігану, які пашкодзіў у Катэдральным саборы Менску ікону – падарунак Аляксандра Лукашэнкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міліцыя Цэнтральнага раёну Менска ўзбудзіла крымінальную справу па факце пашкоджаньня ў Катэдральным саборы Менска іконы “Господь Вседержитель”. Чатыры гады таму гэтую ікону падараваў сабору Аляксандр Лукашэнка.

Інцыдэнт зь іконай адбыўся 25 лістапада падчас вечаровага багаслужэньня ў Катэдральным саборы Менску. 33-гадовы жыхар гораду Любань нечакана паспрабаваў завалодаць іконай, якую ў саборы лічаць ледзь не самай галоўнай сьвятыняй.

Вось што распавядае пра дзеяньні хулігана Мікалай Роўда, які кіруе сьледчым аддзелам управы міліцыі Цэнтральнага раёну сталіцы.

(Міліцыянт: ) “Хацеў нібыта пацалаваць, падскочыў, але не дастаў. Зноў падскочыў і рукой зьбіў ікону. Яна ўпала і разьбілася. Які тут можа быць пацалунак? Глупае тлумачэньне”.

Паводле Мікалая Роўды, за гэты ўчынак хулігану пагражае ад штрафу да 3 гадоў зьняволеньня. Праўда, у міліцыі не выключаюць, што гэта былі дзеяньні хворага чалавека. Сьледзтва мусіць завершыцца цягам месяца, паведаміў міліцыянт.

Паводле зьвестак зь менскай эпархіяльнай управы, 4 гады таму ікону “Господь Вседержитель” прывезла ў Менск зь Ерусаліму беларуская афіцыйная дэлегацыя. Гэтая дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам брала ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 2000-годзьдзя хрысьціянства. На сьцяне адмыслова пазначана, што гэта падарунак сабору ад Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведаміў сьледчы Мікалай Роўда, зь якім кантактаваў журналіст Радыё Свабода, за час ягонай службы ў міліцыі гэта першы выпадак падобнага абыходжаньня з іконай. Пры гэтым Мікалай Роўда выключыў палітычныя матывы здарэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG