Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская амбасада ў Менску й беларуская ў Кіеве працуюць як звычайна


Юры Сьвірко, Менск Прэсавыя сакратары абедзьвюх амбасадаў заяўляюць, што кіеўскія падзеі няік не адбіліся на рэжыме дзейнасьці дыпляматычных місіяў. МЗС Украіны ня мае зьвестак пра тое, што хто-небудзь з украінскіх дыпляматаў у Менску падтрымаў Віктара Юшчанку.

Увечары ў пятніцу я зьвязаўся з амбасадай Беларусі ў Кіеве ды амбасадай Украіны ў Менску. У апошняй заявілі, што там усё як звычайна. Прэсавы сакратар украінскае місіі Леанід Ясінскі на пытаньне, ці шмат цяпер тэлефанаваньняў у амбасаду з нагоды кіеўскіх падзеяў, адказаў гэтак:

(Ясінскі: ) “Мажліва, камусьці тэлефанавалі, мажліва, і мне, але я не размаўляў на гэтыя тэмы практычна — у нас жа Дні культуры, я заняты перамовамі, журналістаў суправаджаў... Артысты настроеныя адбыць гэтыя гастролі, бо яны ж дамаўляліся, дваццаць гадоў тут не былі”.

Нагадаю, што да 30 лістапада ў Менску праходзяць Дні культуры Ўкраіны. Спадар Ясінскі пацьвердзіў, што спэктакль “Швэйк” у гэтую суботу ў Менску не адбудзецца, бо некалькі актораў засталіся ў Кіеве падтрымліваць Віктара Юшчанку.

Тое самае робяць ужо больш як 400 украінскіх дыпляматаў, якія падпісалі адпаведную заяву. У прэсавай службе МЗС Украіны мне не змаглі адказаць на пытаньне, ці падпісаўся пад ёю хто-небудзь з супрацоўнікаў украінскай амбасады ў Менску. А вось як на гэтае пытаньне адказаў прэсавы сакратар гэтай амбасады Леанід Ясінскі:

(Ясінскі: ) “У Менску — я ня ведаю. Мажліва, хтосьці падпісаў, бо ў нас жа больш за трыццаць чалавек. Калі хтосьці падпісваў — не афішаваў. Пакуль што, у кожным разе. Нам цяжка штосьці ўвогуле адсюль камэнтаваць ва Ўкраіне, у тым ліку ў МЗС. Бо афіцыйна нам практычна нічога й не паведамляюць”.

А ў беларускай амбасадзе ў Кіеве, якая разьмешчаная на вуліцы Кацюбінскага, 3 — гэта ў пары кварталаў ад чыгуначнага вакзалу Кіева й плошчы Перамогі, — таксама сказалі, што там усё спакойна.

Менавіта на вакзале сабраліся ў пятніцу прыхільнікі прэм’ера Віктара Януковіча, таму я спытаўся ў прэсавага сакратара амбасады Вячаслава Сьмірнова, ці ёсьць каля беларускай місіі дэманстрацыі ды ці назіраюць за імі дыпляматы.

(Сьмірноў: ) “Усё ў парадку”.

(Карэспандэнт: ) “Вас гэтыя падзеі зусім не закранулі?”

(Сьмірноў: ) “Не, не, што вы! Мы жывём у горадзе, працуем у звычайным рэжыме — усё ў нас нармальна. Жывучы ў Кіеве, немагчыма не назіраць, але мы дыпляматы, мы пабочныя назіральнікі. Мы ня можам умешвацца ў нейкія канфлікты й гэтак далей”.

Спадар Сьмірноў таксама сказаў, што ня мае інфармацыі пра ўдзел беларускага амбасадара Валянціна Вялічкі ў міжнародных перамовах у Кіеве, у яікх бяруць удзел прадстаўнікі АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG