Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнародныя пасярэднікі сустрэліся зь Юшчанкам і Кучмам


КІЕЎ. Сёньня вечарам адбыліся сустрэчы кандыдата у прэзыдэнты Украіны Віктара Юшчанкі, а таксама дзейнага прэзыдэнта Леаніда Кучмы і міжнародных пасярэднікаў. Дамоўленасьць пра гэта была дасягнутая ўдзень на перамовах Леаніда Кучмы з польскім лідэрам Аляксандрам Квасьнеўскім і адным з кіраўнікоў Эўразьвязу Гаўерам Салянам, якія прыехалі ва Ўкраіну для дапамогі ва ўрэгуляваньні палітычнага крызысу. Пакуль замежныя пасярэднікі ніяк не камэнтуюць вынікі сустрэчаў. Леанід Кучма заклікаў абодвух кандыдатаў у прэзыдэнты да перамоваў. Пазьней да міжнародных пасярэднікаў далучацца прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус і генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш. Прэзыдэнты Латвіі, Летувы і Эстоніі абвясьцілі падтрымку ўкраінскаму народу падчас выбарчага крызысу ў іхнай краіне. Вайра Віке-Фрэйбэрга, Арнольд Руутэль і Валдас Адамкус перарвалі сваю традыцыйную штогадовую сустрэчу, каб Валдас Адамкус мог тэрмінова выляцець у Кіеў. Прэзыдэнты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расеі і Ўзбэкістана павіншавалі Віктара Януковіча з абраньнем на прэзыдэнцкі пасад.

"Усе нацыянальныя тэлеканала Ўкраіны адсёньня пачалі перадаваць аб’ектыўную інфармацыю, у тым ліку трансьляцыю з Майдану Незалежнасьці", -- заявіў кіраўнік незалежнага Зьвязу супрацоўнікаў СМІ Ягор Собалеў. Прыкладна 150 супрацоўнікаў міністэрства ўнутраных справаў Украіны далучыліся да прыхільнікаў Юшчанкі на Майдане Незалежнасьці. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што некаторыя заходнія краіны выкарыстоўваюць палітычны крызыс ва Ўкраіне, каб перацягнуць Украіну у іхную сфэру ўплыву. Лідэр расейскага руху “Яблык” Грыгорый Яўлінскі заклікаў расейскіх журналістаў адмовіцца ад тэндэнцыйнага асьвятленьня падзеяў ва Ўкраіне. Яўлінскі заявіў, што паводзіны журналістаў першага каналу і шэрагу газэтаў – гэта паводзіны рабоў, якія зайздросьцяць чужой свабодзе і таму хлусяць і бяруць удзел у нацкоўваньні аднае часткі ўкраінскага народу на другую”. Міністар абароны Ўкраіны Аляксандар Кузьмук заявіў, што украінская армія "ня здрадзіць свайму народу і ня будзе ўцягнутая ў палітычныя працэсы". Учора Вярхоўны Суд Украіны адклаў інаўгурацыю Віктара Януковіча, абвешчанага пераможцам на нядаўніх выбарах – да разгляду 29 лістападу зыска Віктара Юшчанкі, які аспрэчвае вынікі галасаваньня. Прыхільнікі Віктара Юшчанкі працягваюць у Кіеве масавыя акцыі пратэсту, нягледзячы на тое, што дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма заклікаў спыніць іх.
XS
SM
MD
LG