Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія назіральнікі пацьвердзілі, што выбары ва Ўкраіне прайшлі з парушэньнямі


Алесь Дашчынскі, Менск У складзе міжнароднай місіі назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне было 86 прадстаўнікоў грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”. Назіральнікі зь Беларусі прыйшлі да высновы, што вынікі выбараў ва Ўкраіне нельга прызнаць легітымнымі. Пра гэта таксама заявілі назіральнікі зь іншых эўрапейскіх краінаў.

Старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Мікалай Астрэйка заяўляе, што прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне былі несправядлівымі й незаконнымі. Назіральнікі зь Беларусі знаходзіліся ў шэрагу абласьцей Украіны, а спадар Астрэйка наглядаў за галасаваньнем у Кіеве. Ён адзначае, што на некаторых участках выбары праходзілі проста ідэальна, добра б было мець такое ў Беларусі, але на шэрагу ўчасткаў парушэньні былі відавочныя. Таму фактычна ні адна зь міжнародных місіяў не прызнала выбараў свабоднымі й легітымнымі.

(Астрэйка: ) “У Данецкай, Луганскай, Сумскай абласьцях даволі часта здараліся сытуацыі, калі сябраў камісіі, ужо ня кажучы пра назіральнікаў і журналістаў, тых, хто падтрымлівае Юшчанку проста фізычна не пускалі на ўчасткі. Там каля дзьвярэй знаходзіліся некалькі брытагаловых хлопцаў, і яны не пускалі іх на ўчасткі. На адным з участкаў у Луганскай вобласьці харвацкага прадстаўніка, міжнароднага назіральніка проста прыкулі да батарэі кайданкамі, каб ён не перашкаджаў на ўчастку фальшаваць выбары.

Было цікавае парушэньне: напады на выбарчыя ўчасткі, калі група людзей, узброеная ланцугамі, палкамі проста налятае на выбарчы ўчастак, зьбівае камісію, ламае выбарчыя урны, падпальвае бюлетэні і гэтак сама зьнікае. Міжнародныя назіральнікі, у тым ліку і нашы, сьведчаць, што большасьць з тых, хто нападаў, падтрымлівала Януковіча. Яны рабілі напады на гэтыя ўчасткі, калі здавалася, што іх кандыдат там прайграе”.

Яшчэ Мікалай Астрэйка распавёў пра спробы зрыву галасаваньня ў часе ўкраінскіх выбараў: на некаторыя выбарчыя ўчасткі выбарнікі прыносілі з сабой кіслату альбо тэрмомэтры, разьбівалі іх, каб ртуць разьлілася. Былі выпадкі, калі выбарнікі падпальвалі бюлетэні й кідалі іх у скрынкі, і ў выніку вялікая колькасьць бюлетэняў псавалася.

Акрамя таго, на адным з выбарчых участкаў у Кіеве Мікалай Астрэйка знайшоў аўтобус з выбарнікамі Чарнігаўскай вобласьці, якія мелі адмацавальныя талёны для галасаваньня, што давала магчымасьць прагаласаваць на розных участках некалькі разоў. Яшчэ, паводле спадара Астрэйкі, былі выпадкі, калі прадстаўнікі кіраўніцтва прадпрыемства, унівэрсытэту ці вайсковай часткі сядзелі каля скрынкі й прымушалі сваіх падначаленых паказваць бюлетэні, каб даведацца, за каго яны галасавалі.
XS
SM
MD
LG