Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматтысячныя пратэсты ў цэнтры Кіева працягваюцца пяты дзень


Валер Каліноўскі, Кіеў Пакуль палітычныя сілы, уцягнутыя ў канфлікт вакол прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, рыхтаваліся сесьці за стол перамоваў пры міжнародным пасярэдніцтве, праходзілі дэманстрацыі прыхільнікаў абодвух кандыдатаў у прэзыдэнты.

Акцыя пратэсту ў Кіеве застаецца мірнай, але настойлівай. Сотні тысячаў людзей працягваюць мітынгаваць, блякаваць адміністрацыйныя будынкі, яны паралізавалі працу прэзыдэнцкай адміністрацыі і Кабінэту міністраў.

Удзельнікі апазыцыйнага мітынгу на Майдане Незалежнасьці сёньня падзяліліся на дзьве калёны і прайшоўшы па цэнтры горада, блякавалі ўсе вуліцы, прылеглыя да адміністрацыі прэзыдэнта.

(Арганізатар: ) “Мы ўтварылі жывое кола наўкола адміністрацыі прэзыдэнта, усе вуліцы, якія акаляюць адміністрацыю, запоўненыя людзьмі”.

У авангардзе адной з калёнаў ішла сотня курсантаў Акадэміі ўнутраных справаў МУС Украіны. Вось што сказаў пра свой учынак адзін з курсантаў.

(Курсант: ) “Мы прыйшлі сюды, каб падтрымаць украінскі народ, украінскую дэмакратыю, бо рашэньне ЦВК было незаконным. Нашая акадэмія падтрымлівае Віктара Юшчанку, які зьяўляецца законным прэзыдэнтам Украіны”.

Кіраўніцтва іхнай акадэміі пакуль не вызначылася, сказалі курсанты.

Тым часам у Кіеў сёньня прыбылі 15 тысячаў прыхільнікаў Януковіча, яны правялі мітынг на плошчы перад чыгуначным вакзалам. На ім выступіў сам Януковіч, які абвінаваціў Юшчанку ў арганізацыі дзяржаўнага перавароту.

Вось як патлумачыў сваю пазыцыю адзін з прыхільнікаў Януковіча з Днепрапятроўска:

(Спадар: ) “Падтрымаць свайго абраньніка, сэнс нашага прыезду ў у гэтым... Сам Юшчанка чалавек ён нядрэнны, а вось атачэньне яго... Вось і атрымліваецца так, што калі раскалолася краіна налева і направа, то гэтак жа атрымліваецца і тут у Кіеве”.

Тым часам актыў Данецкай вобласьці, дэпутаты мясцовых радаў і кіраўнікі адміністрацыяў вобласьці й гарадоў сёньня прапанавалі правесьці рэфэрэндум аб аўтаноміі гэтага рэгіёна. Заўтра гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на мітынгах у Данецку.

У Луганску ўлады думаюць аб эканамічных санкцыях супраць заходніх рэгіёнаў Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG