Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень 74-х угодкаў Уладзімера Караткевіча ляўрэатаў прэміі ягонага імя стала роўна трынаццаць


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пра тое, як дзень народзінаў пісьменьніка адзначаўся сёньня на Віцебшчыне, распавядае нашая карэспандэнтка.

Традыцыйна ў дзень угодкаў славутага земляка на Віцебшчыне праходзяць урачыстыя імпрэзы. У Воршы, на малой радзіме пісьменьніка, калектыў музэю Ўладзімера Караткевіча правёў паэтычныя чытаньні каля помніка ў Прыдняпроўскім парку ды вечарыну, на якую былі запрошаныя мясцовыя літаратары.

Паводле словаў дырэктаркі музэю Галіны Юркевіч, да наступных, 75-х угодкаў пісьменьніка, у Воршы рыхтуецца новыя экспазыцыя.

А ў Віцебскім літаратурным музэі сёньня прайшло ўганараваньне ляўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Ўладзімера Караткевіча. Яна была заснаваная ў 1999 годзе і сёлета прысуджаная адразу тром паэтам зь Віцебшчыны: віцяблянам Уладзімеру Папковічу ды Вользе Русілцы і глыбачаніну Алесю Жыгунову, якому наканавана было стацца трынаццатым ляўрэатам.

(Жыгуноў: ) “Ня веру я ў гэтыя прымхі! Ну й няхай трынаццаты. Усё адно сёньня для мяне вельмі важны дзень. Бо Караткевіча я адкрыў для сябе зь дзяцінства, раман “Нельга забыць” прачытаў разоў, можа, пяць. Не кажу ўжо пра “Каласы пад сярпом тваім” — гэта проста геніяльны твор! І я вельмі рады, што стаў ляўрэатам прэміі імя Ўладзімера Караткевіча!”

Адзінае, што крыху азмрочыла ўзьнёсла-паэтычную атмасфэру віцебскага сьвяткаваньня, — ніхто з уладаў ня даў распараджэньня прыбраць сьнег з помніка Караткевічу. З гэтым мусіў пагадзіцца і загадчык аддзелу культуры аблвыканкаму Мікалай Пашынскі:

(Пашынскі: ) “Так, гэта наш недагляд. Гэта мы праглядзелі, а што ўжо было прасьцей — узяць мяцёлку ў рукі ды пачысьціць той сьнег! Ня так у нас ужо й шмат такіх землякоў і такіх помнікаў, а вось элемэнтарнай культуры проста бракуе”.

Прысутныя доўга абмяркоўвалі, хто мусіў бы напярэдадні пачысьціць помнік: абласныя ўлады, камунальныя службы, студэнты з суседняга корпусу ўнівэрсытэту або сябры ТБМ ці проста неабыякавыя грамадзяне. Невядома кім, але да вечара сьнег з помніка ўжо быў прыбраны.

Гл. таксама • Апісваючы мінуўшчыну Беларусь, Караткевіч ствараў Беларусі будучыню
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG