Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стратны быў гандаль бэнзынам і цыгарэтамі, які вяла “Белая Русь”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе аднавіўся працэс над Галінай Жураўковай і яе суўдзельнікамі. 26 лістапада судзьдзі высьвятлялі пазыцыю кантралёраў што да коштавай палітыкі прадпрыемства “Белая Русь”, кіраўнікоў якога цяпер судзяць разам з Галінай Жураўковай.

1 мільён 162 тысячы даляраў — нібыта такія страты пацярпеў беларускі бюджэт толькі ад гандлю “Белай Русі” нафтапрадуктамі у 2002–2003 гадах. Гэтак лічыць супрацоўніца Камітэту дзяржкантролю Сьвятлана Кумец, якая правярала “Белую Русь”. Яна параўнала кошты на паліва, якое прадпрыемства прадавала за мяжу, з коштамі іншых дзяржаўных экспартэраў. Аказалася, па асобных кантрактах прадпрыемства кіраўніцтва справаў прадавала бэнзын таньней на 36 даляраў за тону. За атрыманую зьніжку, паводле сьледзтва, пакупнікі разьлічваліся гатоўкай з кіраўнікамі “Белай Русі”, а тыя дзяліліся з Галінай Жураўковай. Дарэчы, вінаватай яна сябе не прынае, але сёньня на паседжаньні не задала ніводнага пытаньня сьведкам, якія давалі паказаньні на карысьць вэрсіі сьледзтва.

Падобная схема ўжывалася “Белай Русьсю” і ў тытунёвым бізнэсе. Партнэрам з Украіны, якія празь “Белую Русь” пастаўлялі ў краіну цыгарэты “LD”, пераплачвалася да 40 рублёў за пачак, і за гэта кіраўнікі “Белай Русі”нібыта таксама мелі незаконныя грошы, лічаць сьледчыя. Супрацоўніца Дзяржкантролю Алена Масурноўская паведаміла, што ўсяго было пераплачана каля 430 тысяч даляраў. “Закупленая ў 2002 годзе партыя цыгарэт “LD” дагэтуль не прададзеная, ці гэта па-гаспадарску?” — абуралася ў судзе спадарыня Масурноўская.

Адвакаты абвінавачаных, аднак, падазраюць службоўцаў Дзяржкантролю ў аднабаковасьці. Праз пытаньні сьведкам абаронцы давялі суду, што частка кантрактаў “Белай Русі” па нафтапрадуктах усё ж была прыбытковай, але чамусьці кантралёры лічылі толькі страты.

Былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову абвінавачваюць у крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва буйных памерах ды іншых эканамічных злачынствах. Галіне Жураўковай пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. З ліпеня яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, а раней амаль пяць месяцаў утрымлівалася ў ізалятары КГБ “амэрыканка”. Як стала вядома на працэсе, дзеля вызваленьня з ізалятару сваякі й сябры Жураўковай заплацілі больш за мільён даляраў у якасьці кампэнсацыі стратаў, якія яна нанесла дзяржаве.

На фотаздымку: Галіна Жураўкова ўваходзіць у будынак суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG