Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Кебіч лічыць, што ўлада ва Ўкраіне страчаная, а Юры Хадыка зычыць Юшчанку перамогі


Ганна Соусь, Менск Экс-прэм’ер Беларусі Вячаслаў Кебіч гаворыць пра фактычную страту ўлады дзейнымі кіраўнікамі Ўкраіны й пра магчымасьць падзелу краіны на тры дзяржавы. Пасьлявыбарчыя падзеі ва Ўкраіне для Радыё Свабода камэнтуюць таксама намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка, лідэр Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч лічыць, што самыя горшыя дні для Ўкраіны яшчэ не надышлі.

(Кебіч: ) “Фактычна ва Ўкраіне ўлада страчаная. Калі сёньня зачыненыя ўсе дзяржаўныя ўстановы і ніхто ня можа прыйсьці на працу, то гэта азначае цалкам страту кантролю з боку цяперашняй улады, натуральна, той улады, якая пакуль законна існуе. Калі ва Ўкраіне будзе ўведзенае надзвычайнае становішча… А хто яго ўвядзе? Кучма на гэта ня здольны. Нават калі б ён увёў надзвычайнае становішча, то невядома, да чаго гэта прывяло б. Да таго толькі, што магла распачацца грамадзянская вайна. А другое — невядома, за кім сёньня стаіць МУС і войска… Сёньня я па тэлебачаньні глядзеў выступ Януковіча, гэта варты жалю выступ сёньняшняга прэм’ера. Ён нават гаварыць ня можа, ня кажучы ўжо пра што іншае. Украіны можа ператварыцца ў тры дзяржавы… Трэцяя дзяржава — гэта Крым, які ня можа быць далучаны ані да ўсходняй, ані да заходняй Украіны”.

А вось як ацэньвае апошнія падзеі ва Ўкраіне намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Я ўсім сэрцам спачуваю людзям, якія стаяць сёньня на Майдане Незалежнасьці. Я зычу ім перамогі — як мага хутчэй. Думаю, што тыя сілы, якія супрацьдзейнічаюць цяпер перамозе дэмакратыі ва Ўкраіне, робяць злачынства”.

А дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што ў гэтай сытуацыі ніводзін з кандыдатаў на прэзыдэнта ня можа атрымаць перамогу.

(Гайдукевіч: ) “Я не магу зразумець, як Януковіч паедзе ў Львоў, і я не магу зразумець, як Юшчанка паедзе ў Данбас. І цяпер не магу гаварыць, хто атрымае перамогу. Абодва пацерпяць паразу, таму што трэба быць прэзыдэнтам усяго ўкраінскага народу”.

А вось меркаваньне лідэркі Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людмілы Пецінай:

(Пеціна: ) “Выклікаюць вялікую павагу дзеяньні ўкраінскага народу. Яны паказалі, што яны — нацыя, што яны — народ, што гэта сапраўды грамадзтва, арганізаванае грамадзтва. І, канечне, мая павага і мае сымпатыі на баку апазыцыі, на баку Юшчанкі”.

На фотаздымку: Вячаслаў Кебіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG