Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вытворцы просяць Паўла Барадзіна абараніць іх ад таварнай экспансіі з Кітаю і Турэччыны


Ігар Карней, Менск Беларускія вытворцы лёгкай прамысловасьці зьвярнуліся зь лістом у Савет міністраў саюзнай дзяржавы з просьбай абараніць іх ад канкурэнцыі тавараў з Кітаю, Турэччыны і Паўдзённа-Ўсходняй Азіі. Экспэрты на гэта кажуць, што канкураваць на ўласным рынку айчынныя тавары ня могуць перадусім з прычыны непрадуманай дзяржаўнай палітыкі ў сфэры цэнаўтварэньня.

У калектыўным лісьце, у прыватнасьці, адзначаецца: ценявы імпарт тавараў, якія трапляюць у Беларусь без аплаты мытных плацяжоў, складае да 60–70% ёмістасьці рынку. Такая дыспрапорцыя, паводле аўтараў ліста, спрычынілася да крызысу ў мясцовай лёгкай прамысловасьці. Аднак эканаміст Барыс Жаліба бачыць вытокі праблемы ў іншым:

(Жаліба: ) “Зварот кіраўнікоў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці да Савету міністраў саюзнай дзяржавы, на мой погляд, сымптаматычны. Кітайцы ціснуць сваім танным экспартам і вытворцаў разьвітых краінаў — прымальнай якасьцю, але, галоўнае, нізкімі цэнамі. Усё гэта дзякуючы нізкім заробкам сваёй працоўнай сілы. Цяпер праблема паўстала і перад беларускімі прадпрыемствамі. Прычыны на паверхні. Якасьцю прадукцыю з Кітаю ці Турэччыны відавочна ня горшая за беларускую, а сабекошт ніжэйшы — нават з улікам дастаўкі за тысячы кілямэтраў і мытных пляцяжоў”.

Ліст у саюзны Саўмін накіраваны за подпісам першага намесьніка старшыні канцэрну “Беллегпрам” Уладзімера Астроўскага. Атрымальнікам пазначаны кіраўнік пастаяннага камітэту саюзнага ўраду, сакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін. Адным з падпісантаў ліста ёсьць сталічнае прадпрыемства “Элема”. Супрацоўніца камэрцыйнага аддзелу Галіна Собалева кажа, што падобныя лісты накіроўваюцца ў розныя інстанцыі няспынна, але, нягледзячы на гэта, супрацьстаяць канкурэнцыі кітайскіх ці турэцкіх вытворцаў усё цяжэй.

(Собалева: ) “Сёньня тавары адтуль ужо нармалёвай якасьці. Але ў іх зусім іншая сыстэма падаткаабкладаньня, у іх нашмат ніжэйшыя кошты, чым каштуюць нашыя вырабы. Таму галоўнае пытаньне — цана. Тавар зьнешне быццам ідэнтычны. Хоць мы, як прафэсіяналы, бачым: тканіна быццам і такая, але насамрэч не зусім такая, яна іншай якасьці. Але шараговы пакупнік, які параўноўвае нашае паліто за 100 даляраў і такое ж турэцкае за 60 — натуральна, возьме тое, якое таньнейшае”.

Эканаміст Барыс Жаліба тым часам дадае: пакуль няма падставаў да рэальнага аздараўленьня беларускай эканомікі — чакаць зьменаў у гэтым сэктары вытворчасьці не выпадае:

(Жаліба: ) “Падвышэньне заробкаў, якое ў нас адбываецца хутчэй за тэмпы росту прадукцыйнасьці працы, робіць беларускую прадукцыю яшчэ даражэйшай. Тым часам, асноўныя фонды на 70–80% зношаныя, тэхналёгіі старыя, для пераўзбраеньня вытворчасьці неабходныя замежныя інвэстыцыі, якіх мала ці наогул няма. Так, уводзяць высокія падаткі на той жа кітайскі тэкстыль. Але ж гэта захады антырынкавыя і часовыя, і айчынная прамысловасьць ад гэтага лепей працаваць ня будзе”.
XS
SM
MD
LG