Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мальдзіс: “Караткевіч прадбачыў будучыню”


Галіна Жарко, Менск 26 лістапада 1930 нарадзіўся Уладзімер Караткевіч. Пісьменьнік надаваў вялікі сэнс супадзеньню датаў – 26 лістапада 1855 года ня стала Адама Міцкевіча. Менавіта Міцкевіч быццам бы перадаў талент паэта Ўладзімеру Караткевічу, бо, паводле легенды, у гэтую ноч ён сыходзіць на зямлю, якая яго нарадзіла, і зазірае ў вочы кожнаму нованароджанаму.

Падлеткі зачытваюцца “Дзікім паляваньнем караля Стаха”, “Чорным замкам Альшанскім”... Да зьяўленьня ў літаратуры Уладзімера Караткевіча цікавыя дэтэктывы пісалі толькі замежныя аўтары. Гэта было адкрыцьцё – існуе ў беларускай літаратуры пісьменьнік не абы якога таленту.

Па тых часах, 60-70-я гады, Караткевіч рабіў немагчымае. Ён мяняў адносіны да гісторыі. Аказалася, што гісторыя ў беларусаў ёсьць. І там ня толькі лапці й каўтун. Многія зацікавіліся гісторыяй, дзякуючы Караткевічу. Літаратуразнаўцы называюць сёньня Уладзімера Караткевіча геніяльным. Вось што кажа Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Караткевіч ня стаў гісторыкам. Гісторыкаў нямала. Па сваім уплыве на хаду падзеяў, на маладыя пакаленьні, ён – геніяльны. Ён прадбачыў будучыню. А бачыць будучыню можна толькі бачачы гісторыю, мінулае. Выкрасьліць у мастацкім творы лінію разьвіцьця. Ён верыў, што раней альбо пазьней Беларусь будзе незалежнай. Я памятаю, калі нехта сказаў: ну, ты загнуў! Беларусь ды будзе незалежнай рэспублікай! А ён сказаў: “Усё ідзе да таго”.

Чытаючы “Каласы пад сярпом тваім”, аповесьць “Сівая легенда”, вершы са зборніка “Быў. Ёсьць. Буду”, шмат хто пачынаў разумець, што Беларусь вартая гонару й павагі. Цяпер дасьледчыкі творчасьці Караткевіча кажуць, што сваімі творамі пісьменьнік актывізаваў працэс нацыянальнага самаўсьведамленьня.

Але мала хто ведае, што шмат у чым дзякуючы Караткевічу, захавалася старажытная забудова ў Менску. Калі ў 1970-я над Верхнім горадам у чарговы раз навісла пагроза зносу, мастакі, архітэктары, гісторыкі з таварыства аховы помнікаў пачалі біць трывогу. Каб абудзіць грамадзкасьць, яны падрыхтавалі выставу архітэктурнае спадчыны, але выстава была забароненая. Усё ішло да зьнішчэньня Верхняга гораду. Мастак Віктар Сташчанюк успамінае, што дзейнічаць вырашылі, скарыстаўшыся парадаю Зянона Пазьняка прасіць дапамогі Ўладзімера Караткевіча:

(Сташчанюк: ) “Што рабіць? Зянон кажа: “Трэба выходзіць на ЦК. Я выйду на Караткевіча, Караткевіч выйдзе на ЦК...” Праз тры дні тэлефанаграма – у такі дзень вас прыме П.М.Машэраў. Да Машэрава быў пакліканы малады Чантурыя, задача якога была абаснаваць знос. Мы зайшлі й зразумелі, што яго ўжо выслухалі. Караткевіч першы – ён як грамаадвод быў. Усьміхнуўся й кажа: “Пётр Міронавіч, чаго гэта вашы хлопцы-архітэктары крыўдзяць нашых харошых хлопцаў?”. Унікальная асоба была”.

Караткевіч у сваіх творах прыхарошваў рэчаіснасьць. Рабіў яе прыўкраснай, як бы ён сам сказаў – ён любіў гэтае слова.
XS
SM
MD
LG