Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве аб’яўлены агульнагарадзкі суботнік, каб сабраць грошы для праваслаўнага храма


Марыі Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня пятніца – апошні працоўны дзень тыдня для большасьці беларусаў. Аднак заўтра, 27 лістапада, жыхары Магілёва выйдуць на працу: магілёўскія ўлады абвясьцілі дабрачынны суботнік на карысьць Сьвята-Прэабражэнскага сабору. З заклікам дапамагчы грашыма для завяршэньня яго будаўніцтва зьвярнулася да магілёўцаў Апякунская рада, куды ўваходзяць кіраўнікі праваслаўнай эпархіі, кіраўнікі прадпрыемстваў, банкаў і іншых арганізацыяў рэгіёну.

Гэты сабор будуецца ў буйным раёне Магілёва “Задняпроўе”. Гэта вялікі праект – вышыня царквы будзе 54 мэтры, яна ўмесьціць да 3-х тысячаў людзей. На будаўніцтва ахвяравалі вернікі, спонсары, выдаткоўваў грошы і Аляксандар Лукашэнка, аднак для ўзьвядзеньня сабору патрэбен яшчэ 1 мільярд рублёў. Таму і абвешчаны суботнік “Пабудуем храм разам!”

Прадпрыемствам і арганізацыям усіх формаў уласнасьці ў Магілёве прапанавана правесьці суботнік на працоўных месцах і пералічыць палову дзённага заробку на будаўніцтва праваслаўнага храму, а іншую палову пакінуць сабе для вырашэньня сацыяльных праблемаў.

Як паставіліся да ідэі суботніка магілёўцы? Меркаваньні на гэты конт падзяліліся. Паслухайце некалькі з тых, што я запісала на магілёўскіх вуліцах:

(Спадарыня: ) “Гэта справа такая сьвятая. Не ведаю, цяпер неяк больш вернікаў. Гэта добрая справа”.

(Іншая спадарыня: ) “Цудоўна, грошы павінны быць выдаткаваныя”.

(Спадар: ) “Гэта проста глупства!”

(Іншыя спадар: ) “Ну які можа быць суботнік для будаўніцтва храма? Ну навошта пазбаўляць мяне магчымасьці быць атэістам? Мне гэта незразумела”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што ад таго, што будзе “прымушалаўка”, ні вернікам, ні людзям, ні самому храму ад гэтага лепей не стане”.

У Магілёве жывуць ня толькі праваслаўныя вернікі. Ёсьць яшчэ каталікі, пратэстанты, уніяты, іўдэі, мусульмане… Ці, як казаў толькі што магілёвец, атэісты. Ці пагодзяцца яны працаваць дзеля будаўніцтва праваслаўнага храма?

З такім пытаньнем я зьвярнулася да начальніка аддзелу ідэалёгіі Магілёўскага гарвыканкаму Алы Сушковай. Яна падкрэсьліла, што суботнік – справа добраахвотная, і рашэньне наконт удзелу ў ім прымаюцца працоўным калектывам. А вось якое выйсьце, паводле Алы Сушковай, можа быць для вернікаў іншых канфэсіяў:

(Сушкова: ) “Яны могуць напісаць заяву, што яны не хочуць адлічаць сродкі на будаўніцтва храма. Гэта залежыць ад іх абавязку, сумленьня і веры”.

Разам з тым супрацоўнікі розных установаў у прыватных размовах распавядаюць, што зноў дзейнічае формула “добраахвотна-прымусовай” справы. Аднак людзі гавораць, што давядзецца ісьці на суботнік, бо некаторыя кіраўнікі паабяцалі скласьці “чорныя” сьпісы. Магілёўцы асьцерагаюцца, што ва ўмовах кантрактнай сыстэмы тым, хто ня згодны з прапановамі ўлады, можа вельмі хутка не знайсьціся працоўнага месца і заробку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG