Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма зьбіраецца запісаць свой тэлевізійны зварот да нацыі сёньня


Валер Каліноўскі, Кіеў Ці можна лічыць рашэньне Вярхоўнага суду Ўкраіны першым знакам таго, што ўкраінскія ўлады прыслухаліся да заклікаў апазыцыі й міжнароднай супольнасьці разгледзець і прааналізаваць выпадкі парушэньняў?

Гэта, канечне, ёсьць пэўны знак, але цяжка сказаць, у якой ступені гэты знак датычыць Кучмы і Януковіча. Апошні намагаўся апублікаваць тэкст канчатковага рашэньня ЦВК, што было забаронена Вярхоўным судом, і паводле неправеранай інфармацыі, нават на пятніцу нібыта зьбіраўся правесьці сваю інаўгурацыю. Кіраўнік штабу Януковіча настойвае на тым, што Вярхоўны суд ня мае падстаў для адмены вынікаў ЦВК, і што Януковіч нібыта застаецца, паводле ягоных словаў, абраным прэзыдэнтам Украіны.

Вярхоўны суд у гэтай сытуацыі прыняў адзіна магчымае і легальнае рашэньне, і ягонае значэньне не пераацэньваецца Віктарам Юшчанкам. Гэта ўсяго толькі крок да перамогі, але яшчэ не сама перамога.

Вярхоўны суд зьбіраецца вярнуцца да разгляду справы толькі ў панядзелак, і наступаюць выходныя. Аднак існуе ўпэўненасьць, што да таго часу людзі з плошчы ня сыдуць. Сярод гэтых людзей і ў цэлым украінскім грамадзтве адчуваецца такое захапленьне гэтымі падзеямі, такое яднаньне – асабліва пасьля ўчорашніх падзей, калі дэманстрантаў падтрымала служба бясьпекі Ўкраіны, пракуратура й міліцыя Кіева, так што гэта разглядаецца як пэўны пераломны момант. Людзі ня сыдуць: яны добра падрыхтаваліся да доўгатэрміновай акцыі, маюць шмат прадуктаў, маюць намёты, адзеньне.

Акрамя таго, людзі начуюць ня толькі ў намётах – учора я быў у Ўкраінскім доме, дзе знаходзілася тры тысячы чалавек: яны начавалі, елі, прымалі лекі. Мэр Кіева сп. Амельчанка адчыніў для дэманстрантаў першыя паверхі сваёй адміністрацыі. Іншыя будынкі дэманстранты таксама могуць выкарыстоўваць для таго, каб адпачыць. Што да нейкіх захворваньняў, то яны, канечне, ёсьць, бо надвор’е – ня самае лепшае. Учора я размаўляў зь лекарам у гарадку каля адміністрацыі прэзыдэнта, і ён сказаў, што бальшыня хворых мае прастуду – але ўсе, каму патрэбна, атрымліваюць дапамогу.

Учора былі зьбітыя й затрыманыя беларускія ўдзельнікі падзеяў, якія вярталіся дадому. Яны былі затрыманыя ўкраінскай міліцыяй на чыгуначнай станцыі Рэпкі. Найбольш за астатніх пацярпеў Зьміцер Бандарэнка – яму вывіхнулі руку. Паводле не да канца пацьверджанай інфармацыі, пасьля ўмяшальніцтва праваабаронцаў міліцыя адпусьціла беларусаў проста ў залі суда.

Якія крокі бакоў канфлікту й першых пасярэднікаў могуць чакацца сёньня? Зараз самыя цікавыя падзеі разьвіваюцца вакол адміністрацыі прэзыдэнта, блякаванай дэманстрантамі. Чакаецца, што Леанід Кучма сёньня запіша свой зварот да нацыі, прычым ён хоча зрабіць гэта з адміністрацыі прэзыдэнта, са свайго кабінэту. Зараз туды прыбыло 20 аўтобусаў спэцназу “БАРС”, яны аточаныя дэманстрантамі, паведамляюць пра нейкі рух, але да нейкіх сутычак не дайшло.

Нядаўна былы міністар абароны Ўкраіны заклікаў бакі да перамоваў, да неўжываньня сілы. Перамовы хочуць арганізаваць і міжнародныя назіральнікі, і сёньня павінны прыехаць у Кіеў кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна і прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.
XS
SM
MD
LG